Матэрыя (філасофія)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Матэ́рыя — філасофская катэгорыя, якая абазначае аб'ектыўнае (незалежнае ад чалавечай свядомасці) існаванне свету; сукупнасць разнастайных аб'ектаў і з'яў, а таксама іх уласцівасцей і адносін паміж імі[1].

Паняцце «матэрыя» ўзнікла ў старажытнай філасофіі (грэчаскай, кітайскай і інш.), азначала пэўны першасны пачатак усіх рэчаў і з'яў, але ў той жа час не атаясамлівалася з ніводнай з іх. Побач з роляю субстрату ўсіх матэрыяльных аб'ектаў матэрыя надзялялася і некаторымі фувдаментальнымі ўласцівасцямі: працягласцю, рухам, інертнасцю, існаваннем у часе і інш.

Субстанцыяльныя пошукі старажытнагэчаскіх філасофафаў прывялі да паняцця «матэрыі», якое ў гісторыка-філасофскім працэсе неаднаразова мяняла свой змест. Першапачаткова пад матэрыяй разумелі пэўны канкрэтна-прадметны пачатак (зямля, вада, агонь, паветра), з якога ўсё нараджаецца і ў які ўсё ператвараецца. Затым матэрыя ператвараецца ў адзіную субстанцыю, якая ўяўляе сабой бясконцае мноства атамаў (Дэмакрыт). У творчасці Платона матэрыя — гэта пасіўны пачатак, які набывае форму дзякуючы творчай ідэі. Арыстоцель лічыў матэрыю першапачаткам усяго існага, што актуалізуецца пры наяўнасці фармальнай і мэтавай прычыны.

У розных філасофскіх інтэрпрэтацыях (матэрыялізм і ідэалізм) паняцці матэрыі і свядомасці выступаюць у якасці антыподаў у залежнасці ад таго, чаму надаецца першаснае значэнне: матэрыі або абсалютызаванай чалавечай свядомасці (духу).

Паняцце матэрыі з’яўляецца фундаментальнай катэгорыяй для некаторых філасофскіх мадэляў, напрыклад для такой, як дыялектычны матэрыялізм. Паводле У. І. Леніна матэрыя ёсць філасофская катэгорыя для абазначэння аб’ектыўнай рэальнасці, якая дадзена чалавеку ў адчуваннях яго, якая капіруецца, фатаграфуецца, адлюстроўваецца нашымі адчуваннямі, але існуе незалежна ад іх[2].

У рэчаіснасці матэрыя і свядомасць чалавека ўзавмазвязаны: прызнанне першаснасці матэрыі, напрыклад, не дае падстаў да адмаўлення актыўнасці чалавечага духу. Быццё матэрыі адбываецца ў акрэсленых усеагульных формах, якімі выступаюць прастора і час. Матэрыяльныя аб'екты падпарадкоўваюцца прынцыпу сістэмнай арганізацыі і аб'ядноўваюцца ў шматлікія прыродныя, касмічныя, сацыяльныя сістэмы. Матэрыя можа існаваць таксама ў выглядзе рэчыва і фізічнага поля.

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
  2. Ленін У. І. Матэрыялізм і эмпірякрытыцызм // Творы. Т. 14. (Полн. собр. соч. Т. 18)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]