Мытныця (Абухіўскі раён)
Вёска
Мытныця
| ||||||||||||||||||||||
Мытныця[1] (укр.: Ми́тниця) — вёска ў Абухіўскім раёне Кіеўскай вобласці Украіны. Назва паходзіць ад мытні на польска-расійскай мяжы, якая была размешчана ў вёсцы.
Насельніцтва па перапісе 2001 года складала 779 чалавек. Вёска размешчана ў непасрэднай блізкасці ад трасы E95, з якой супадае М05. Паблізу ёсць транспартная развязка, якая вядзе на трасу.
Адлегласць да райцэнтра складае больш за 42 км. У вёсцы ёсць археалагічны помнік: тут заканчваецца адна з галінак Зміевых валаў.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]У вёсцы бярэ пачатак рака Барахцянка, правы прыток Стугны.
Каля Мытныці ёсць два курганы і праходзіць адзін са Зміевых валаў (зараз называецца Мытныцкім).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Мытня ўзнікла ў XVII стагоддзі. Пасля заключэння «Вечнага міру» на мяжы паміж Маскоўскім царствам і Рэччу Паспалітай была адкрыта мытня, дзе бралі пошліну за тавары, якія ўвозяцца ў межы Расійскай дзяржавы. Адсюль і паходзіць назва вёскі.
На тэрыторыі вёскі Мытныця знаходзіцца два курганы, якія захаваліся з часоў казацтва. На пачатку XIX стагоддзя на ўскраіне вёскі знаходзілася карчма, у якой спыняўся Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка.
За баявыя заслугі на франтах нямецка-савецкай вайны 67 жыхароў вёскі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, сярод іх Іван Сяргеевіч Танкавід, удастоены Ордэна Славы трох ступеней.
У Мытныці была цэнтральная сядзіба калгаса імя Леніна, які меў 1467,2 га зямлі, у тым ліку 1104 га ворнай. Вырошчвалася пшаніца, кукуруза, гародніна, цукровыя буракі. Былі развіты малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля і птушкагадоўля. За поспехі ў развіцці калгаснай вытворчасці 167 чалавек узнагароджаны ордэнамі і медалямі Савецкага Саюза, у тым ліку ордэнам Леніна — звеннявая А. І. Сарока.
У вёсцы ёсць школа, клуб, бібліятэка.
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»