Вечны мір (1686)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэч Паспалітая пасля падпісання «Вечнага міру»

Ве́чны мі́р, у польскай гістарыяграфіі вядомы як Мі́р Гжымулто́ўскага (польск.: pokój Grzymułtowskiego) — дагавор пра раздзел Гетманшчыны, заключаны Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай у Маскве 6 мая 1686 года. Тэкст дагавора складаўся з прэамбулы і 33 артыкулаў.

Перамір’е скончыла вайну Расіі з Рэччу Паспалітай, што цягнулася з 1654 года на абшарах сучасных Беларусі і Украіны і часткова была выклікана ў тым ліку падзеямі ва Украіне.

Дамова пацвярджала пастановы Андрусаўскага перамір’я 1667 года, акрамя таго, што Кіеў ужо назаўжды прызнаваўся належным Маскоўскай дзяржаве (у адрозненне ад часовага характару папярэдняга дагавора) з выплатай 146 тысяч рублёў кампенсацый Рэчы Паспалітай, якая таксама адмаўлялася ад сумеснага пратэктарату над Запарожскай Сеччу.

З боку Рэчы Паспалітай дамова падпісана ваяводам пазнаньскім, дыпламатам Кшыштафам Гжымултоўскім, з маскоўскага — канцлерам і кіраўніком Пасольскага прыказу князем Васілём Галіцыным.

Умовы[правіць | правіць зыходнік]

Маскоўская дзяржава анулявала папярэднія дагаворы з Асманскай імперыяй (якая развязала вайну з Рэччу Паспалітай у 1672 годзе) і Крымскім ханствам і ўступіла ў антытурэцкую Свяшчэнную лігу, а таксама абавязвалася арганізаваць ваенны паход супраць Крымскага ханства (крымскія паходы ў 1687 і 1689 гадах).

Хоць умовы Вечнага міру мелі моц адразу па падпісанні дагавора, сойм Рэчы Паспалітай ратыфікаваў яго толькі ў 1764 годзе. Нягледзячы на перадачу ўсходніх зямель ВКЛ, у дзяржаве фармальна працягвалі існаваць органы мясцовай улады перададзеных зямель (напрыклад, павятовыя соймікі).

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

Дамова замацавала за Маскоўскай дзяржавай Смаленшчыну, Левабярэжную Украіну з Кіевам, Запарожжа і Северскую зямлю з Чарнігавам і Старадубам. Падпісанне «вечнага міру» адкрывала магчымасць для аб’яднання дзяржаў супраць татарска-турэцкай агрэсіі і стала асновай саюза Расіі і Рэчы Паспалітай у Паўночнай вайне 1700—1721 гадоў. Масква далучылася да антытурэцкай «Свяшчэннай лігі» — саюза Аўстрыі, Рэчы Паспалітай і Венецыі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]