Мікіта Іванавіч Гарбачэўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мікіта Іванавіч Гарбачэўскі
Дата нараджэння 1804[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 1880[1]
Грамадзянства
Род дзейнасці вучоны
Месца працы
Альма-матар

Мікіта Іванавіч Гарбачэ́ўскі (1804, Магілёўская губерня — 7 чэрвеня (26 мая) 1879) — беларускі гісторык і археограф, вучоны-архівіст, краязнавец, мовазнавец і педагог. Першы архіварыус Віленскага цэнтральнага архіва старажытных актаў, актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Віленскай археаграфічнай камісіі[2].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1804 годзе ў Магілёўскай губерні ў сям’і праваслаўнага святара. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю, пасля чаго паступіў у Пецярбургскую духоўную акадэмію, скончыўшы якую ў 1831 годзе[2], атрымаў званне старшага кандыдата філасофска-тэалагічных навук, што давала яму права на атрыманне магістарскай ступені праз год.

Выкладаў славеснасць, гісторыю і старажытныя мовы ў Жыровіцкай духоўнай семінарыі[2], з 1840 года выкладаў у Драгічынскім дваранскім вучылішчы[2].

Пасля перабраўся ў Вільню, дзе выкладаў у дваранскім інстытуце, губернскай гімназіі і равінскім вучылішчы[2][3].

У 1852 годзе ў Вільні быў адкрыты Віленскі цэнтральны архіў старажытных актаў, які стаў асноўным сховішчам дакументаў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Па думку некаторых сучаснікаў, адным з ініцыятараў стварэння архіва быў сам Гарбачэўскі, які стаў у 1858 годзе яго першы архіварыусам[2], то ёсць дырэктарам.

17 красавіка 1864 года была арганізавана Віленская археаграфічная камісія, якая павінна была заняцца публікацыяй дакументаў па гісторыі краю[2]. Даследчыкі адзначаюць, што Гарбачэўскі быў па сутнасці адзіным яе рэальным супрацоўнікам, на ім трымалася ўся праца камісіі.

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Упарадкаваў і сістэматызаваў дакументы па гісторыі Беларусі і Літвы, склаў паказальнік[2]. Вывучаў заканадаўства ВКЛ па архіўнай справе, судаводстве і справаводстве. Аўтар даследаванняў па археаграфіі і крыніцазнаўстве[2].

У 1867 годзе ў Вільні Гарбачэўскі выдаў сваю першую буйную працу — «Кароткія табліцы, неабходныя для гісторыі, храналогіі, наогул для ўсялякіх археалагічных даследаванняў і ў прыватнасці для разбору старажытных актаў і грамат заходняга краю Расіі і Царства Польскага». Праз два гады выйшаў яго «Археалагічны каляндар на дзве тысячы гадоў (325—2324) па Юліянскім злічэнні і на семсот сорак два гады (1583—2324) па Грыгарыянскім злічэнні». У тым жа годзе Гарбачэўскі выдаў брашуру «Аб Цэнтральным архіве старажытных актавых кніг губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай».

Вынікам дваццацігадовай працы Гарбачэўскага ў архіве стаў выдадзены ў 1872 годзе «Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай, таксама кнігам некаторых судоў губерняў Магілёўскай і Смаленскай, якія захоўваюцца цяпер у Цэнтральным архіве ў Вільні». Адзначаецца, што з сярэдзіны 1860‑х гадоў многія значныя працы Мікіты Іванавіча публікуюцца без указання аўтарства, да іх ставяцца, напрыклад, асобныя тамы «Актаў, выдадзеных Віленскай археаграфічнай камісіяй для разбору і выдання старажытных актаў» і «Рэвізія пушчаў і пераходаў звярыных у былым княстве Літоўскім».

Таксама выдаў «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» (1874; растлумачыў каля 400 беларускіх і больш за 5 тысяч лацінска-польскіх юрыдычных тэрмінаў XIV—XVII стагоддзяў). Па прапанове Акадэміі навук рецэнзію на гэта сачыненне напісаў Мікалай Барсаў(руск.) бел.[4].

Значэнне навуковай дзейнасці[правіць | правіць зыходнік]

Даследчыкі адзначаюць, што працы Мікіты Іванавіча Гарбачэўскага, у прыватнасці «Кароткія табліцы…» і «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага», унікальныя і да нашых дзён не маюць нават частковай замены.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 N. Gorbachevskiĭ // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 2,6 2,7 2,8 Горбачевский Никита Иванович // Биографический справочник — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 160. — 737 с.
  3. Щавинская Л. Л. Археограф Никита Иванович Горбачевский: К 200‑летию со дня рождения // Материалы первого совместного белорусско-российского интернет-коммуникационного круглого стола по истории книги, проведенного 20 апреля 2004 г.
  4. Барсов, Николай Павлович // Русский биографический словарь : в 25-ти томах — СПб.М., 1896—1918.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Улащик Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. — М., 1973. — С. 86.
  • Толкачева (Щавинская) Л. Л. Никита Иванович Горбачевский. — Минск., 1991.
  • Турцевич А. О. Краткий исторический очерк Виленской комиссии для разбора и издания древних актов. 1864—1906. — Вильна, 1906. — С. 28.