Мікіта Уладзіміравіч Салавей

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікіта Уладзіміравіч Салавей
Род дзейнасці інфекцыяніст, неўролаг
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат медыцынскіх навук (2014)
Навуковае званне
Альма-матар
Член у
Узнагароды

Мікіта Уладзіміравіч Салавей — беларускі урач-інфекцыяніст і неўролаг. Кандыдат медыцынскіх навук (2014), дацэнт.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у 2008 годзе, у 2008—2009 гадах праходзіў інтэрнатуру па спецыяльнасці «Інфекцыйныя хваробы» ў Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г. Мінска, затым у 2009—2010 гадах працаваў урачом-інфекцыяністам інфекцыйнага аддзялення Слуцкай ЦРБ.

У 2010—2013 гадах — аспірант кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ. З 2013 года асістэнт, з 2016 года — дацэнт той жа кафедры. У 2014 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці інфекцыйныя хваробы («Тактыка рацыянальнай антыбактэрыйнай тэрапіі інфекцый, выкліканых Pseudomonas aeruginosa», навуковы кіраўнік — прафесар І. А. Карпаў). Мае вышэйшую ўрачэбную катэгорыю. Са снежня 2016 года — галоўны пазаштатны спецыяліст Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама па інфекцыйных і паразітарных захворваннях, з верасня 2017 года — рэзервовы спецыяліст Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь па інфекцыйных захворваннях. У 2018 годзе скончыў спецыялізацыю па неўралогіі з прысваеннем кваліфікацыі «урач-неўролаг».

У час пандэміі каранавіруса ён шмат разоў даваў каментарыі і інтэрв’ю СМІ, праводзіў анлайн-стрымы па тэмах прафілактыкі, лячэння і вакцынацыі ад COVID-19[1].

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў Мікіта Салавей адкрыта выступаў у акцыях салідарнасці медыкаў, падпісаў «Зварот беларускіх навукоўцаў супраць гвалту», крытыкаваў дзеянні ўладаў, а ў лістападзе далучыўся да Кардынацыйнай рады. 25 студзеня 2020 года на сваёй старонцы ў Facebook рэзка выступіў супраць палітычнага ціску і затрыманняў урачоў і медпрацаўнікоў, якія так патрэбныя на сваіх рабочых месцах у час эпідэміі. На наступны дзень быў зняты з пасады галоўнага пазаштатнага спецыяліста камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама па інфекцыйных і паразітарных захворваннях[1].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароджаны Ганаровымі Граматамі Камітэта па ахове здароўя Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта (2015, 2019), Ганаровай Граматай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (2018). Стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2019).

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Сфера навуковых інтарэсаў: антыбактэрыйная тэрапія полірэзістэнтных інфекцый, інфекцыйныя і аўтаімунныя паражэнні нервовай сістэмы. Аўтар больш як 80 навуковых публікацый.

Член Еўрапейскага таварыства па клінічнай мікрабіялогіі і інфекцыйных хваробах (ECSMID), Еўрапейскай акадэміі неўралогіі (EAN), Міжрэгіянальнай асацыяцыі па клінічнай мікрабіялогіі і антымікробнай тэрапіі (МАКМАХ), Балтыйскай сеткі па пераадоленні антыбіётыкарэзістэнтнасці (BARN).

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]