Мілагучнасць
Мілагу́чнасць, альбо эўфанія (ад грэч. εὐφωνόα — мілагучнасць) — гукавая арганізацыя мастацкай мовы (пераважна вершаванай), заснаваная на паўтаральнасці гукаў. У вузейшым сэнсе — артыкуляцыйная і акустычная мілагучнасць мовы[1].
У літаратуразнаўстве — раздзел паэтыкі, які вывучае ў вершы якасны бок маўленчых гукаў, што накладваюць вызначаную пачуццёвую афарбоўку на мастацкі твор. Да вобласці эўфаніі адносіцца вялікая колькасць стылістычных прыёмаў, яка-сь: рытм верша, анафара, эпіфара, алітэрацыя, асананс, дысананс і ўсе адмены гукавых паўтораў[2].
Паводле беларускага паэта і мовазнаўца Уладзіміра Дубоўкі, мілагучнасць — гэта прапорцыя паміж кансанантызмам і вакалізмам; каэфіцыент мілагучнасці — прапарцыйнасць чаргавання галосных і зычных гукаў у моўнай плыні. Да найбольш мілагучных моў Ул. Дубоўка адносіў італьянскую і ўкраінскую мовы, дзе, паводле яго словаў, спатыкаецца амаль роўная колькасць галосных і зычных (1:1)[3]. У сваю чаргу, беларуская мова, паводле яго даследванняў, мае каэфіцыент ад 1—1,2 да 1—1,3[3].