Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт
штаб-кватэра: Мінск
Тып арганізацыі: грамадская арганізацыя
Афіцыйныя мовы: руская, беларуская
Кіраўнікі
старшыня М.Н. Былоў, А. К. Снітка
Заснаванне
1908
Ліквідацыя
Першая сусветная вайна 1914

Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт ― грамадская арганізацыя, створаная для вывучэння беларускай царкоўнай даўніны.

Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]

Будынак Дома мастацтваў, дзе некалі размяшчаўся Мінскі гісторыка-археалагічны камітэт

Створаны пры Мінскай епархіі ў 1908 годзе, дзейнічаў да Першай сусветнай вайны.

Ідэю стварэння камітэта падаў Д. В. Скрынчэнка ― выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі і рэдактар «Мінскіх епархіяльных ведамасцяў», аўтар кніг «Каштоўнасць жыцця па сучасна-філасофскаму і хрысціянскаму вучэнню» і «Слуцкі сінодзік 1648». Ён памёр у 1947 годзе ў югаслаўскай эміграцыі, пакінуўшы больш за 100 навукова-даследчых работ, да гэтага часу не вывучаных. Яго актыўна падтрымалі інспектар семінарыі А. М. Паноў, выкладчык мінскай мужчынскай гімназіі А. П. Смародскі і дырэктар народных вучэльняў М. Н. Былоў, які і стаў старшынёй. Пасля яго смерці, у 1909 годзе камітэт узначаліў мінскі краязнаўца А. К. Снітка.

Статут камітэта[правіць | правіць зыходнік]

Статут камітэта зацверджаны Святым Сінодам ў кастрычніку 1907 года. У ім гаварылася: «Менскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт мае на мэце для карысці Царквы і навукі вывучэнне царкоўна-рэлігійнага і грамадскага жыцця мясцовага краю ў яго мінулым і сучасным, абследаванне, ахова і збіранне помнікаў старажытнасці і даўніны… У круг дзейнасці камітэта ўваходзіць: а) гістарычнае абследаванне вонкавага і ўнутранага развіцця мясцовага царкоўна-элігійнага і грамадскага жыцці; б) даследаванне і вывучэнне рэчавых помнікаў даўніны, а таксама помнікаў жывой даўніны, у выглядзе мясцовых народных звычаяў, паданняў і песень, у) прывядзенне ў вядомасць і апісанне усякага роду помнікаў старажытнасці і архіваў цэркваў, манастыроў, епархіяльных і іншых устаноў; г) назіранне за захаванасцю старадаўніх храмаў і іншых царкоўных збудаванняў, могілак, надмагільных і іншых помнікаў, старадаўніх царкоўных прыладаў, пісьмовых дакументаў і прыняцце мер супраць іх псуты і знішчэння; д) збіранне і захоўванне ў сваім музеі помнікаў даўніны; е) распаўсюджванне ў грамадстве, і па перавазе сярод духавенства, царкоўна-гістарычных і археалагічных звестак, ўзбуджэнне увагі і цікавасці да старажытнасці, прылада археалагічных выстаў і публічных чытанняў» [1].

Праца камітэта[правіць | правіць зыходнік]

Дзейнасць камітэта ў асноўным складалася ў абследаванні, апісанні гістарычных помнікаў, царкоўных і манастырскіх архіваў, збіранні фальклору, пошуках розных прадметаў даўніны. Члены камітэта ездзілі ў Слуцк, Бабруйск, Барысаў, Пінск, Тураў. У 1909 годзе імі былі праведзены раскопкі ў Тураве, дзе выяўлены саркафаг з рэшткамі шкілета і парчы.

На пасяджэннях і вечарах камітэта чыталіся лекцыі па гісторыі Мінскай губерні: «Мінск у XVII стагоддзі» (А. К. Снітка), «Помнікі даўніны» (С. А. Масальская-Сурына), «Беларусы, іх гутарковая і кніжная мова пры святле гісторыі» (Д. В. Скрынчанка) і інш.

У рабоце камітэта прымалі ўдзел гісторык Д. І. Даўгяла і мовазнаўца і фалькларыст А. А. Шахматаў.

Камітэтам быў арганізаваны ў 1908 годзе царкоўна-археалагічны музей, які меў 1363 экспаната: прадметы царкоўнага характару, этнаграфічныя матэрыялы, тэксты народных песень і казак, манеты, каля 2 тысяч кніг. Меліся і рукапісныя кнігі: Тыпікон XVI ст., Апостал XVI ст., Мінея агульная канца XVII ст., Сінопсіс XVIII ст., Архіў Слуцкага Трайчанскага манастыра.

Музей спачатку размяшчаўся ў двух пакойчыках, затым ― у адмыслова пабудаваным для яго ў 1913 годзе на епархіяльным падворку вялікім доме (арх. В. І. Бруй)[2]. Пасля, з 1963 года ў ім быў Дом працаўнікоў мастацтваў.

Уладыка Мітрафан у сваёй прамове на асвячэнне дома сказаў: «З гэтага часу праваслаўныя рускія людзі не толькі горада Мінска, але і Мінскай епархіі будуць мець свой уласны куток, дзе знойдзе сабе прытулак усё, што прасякнута духам праваслаўнай веры, што звязана з гісторыяй шматпакутнай праваслаўнай царквы ў нашым краі… на жаль, у нас, дзякуючы нядбайнасці і нядбанню, гэта добрая брацкая справа была забыта, і толькі цяпер мы пакліканы да таго, каб аднавіць яднанне рускіх людзей»[3].

У пачатку вайны экспанаты эвакуіравалі ў Разань, у 1922 годзе іх перадалі Беларускаму дзяржаўнаму музею.

Выданні камітэта[правіць | правіць зыходнік]

На працягу 1909—1913 гг. камітэт выдаваў зборнік «Мінская даўніна», усяго было выпушчана 4 кнігі. Большасць матэрыялаў зборніка прысвечана гісторыі праваслаўнай царквы і духавенства. Маюцца таксама дакументы аб сацыяльна-эканамічным развіцці Мінскай губерні, апісанне 1-й кнігі дакументаў (з 1517 да 1547) Слуцкага Трайчанскага, якое змяшчае звесткі аб жыцці Случчыны, слуцкіх праваслаўных брацтвах і дзяржаўным ладзе Рэчы Паспалітай.

У 1909 годзе выйшла «Апісанне рукапіснага аддзела і старадрукаваных кніг Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта» .

Змест выпускаў «Мінскай даўніны» (1909—1913)[правіць | правіць зыходнік]

Вып. 1. 1909:

Прамовы пры адкрыцці камітэта. ― Паноў А. М. Аб князі Канстанціне Канстанцінавічу Астрожскім. ― Снітка А. К. Мінск XVII стагоддзі. ― Масальская-Сурына Е. А. Помнікі даўніны. ― Даўгяла Д. І. Пінскі Ляшчынскі манастыр ў 1588 г. ― Смародскі А. П. Знаходжанне Пятра Вялікага ў Мінску. ― Снітка А. К. Мікольская царква ў вёсцы Смалявічах Барысаўскага павета. ― Скрынчанка Д. Памяці першага старшыні камітэта М. Н. Былова. ― Справаздача.

Вып. 2. 1911:

Скрынчанка Д. Матэрыялы для гісторыі Паўночна-Заходняга краю. ― А. С. Надмагілле ў Екацярынінскім саборы ў Мінску. ― Снітка А. К. Судовая грамата князя Фёдара Іванавіча Яраславіча. ― Грамата патрыярха ерусалімскага на множанне Мінскага Петрапаўлаўскага братэрства . ― Снітка А. К. З Слуцкай даўніны (Апісанне цэркваў) . ― Снітка А. К. Апісанне рукапісаў старадрукаваных кніг у Слуцкім Трайчанскім манастыры. ― Снітка А. К. Юр'еўская, Калядная, Васкрасенская і Свята-Міхайлаўская цэрквы г. Слуцка. ― Снітка А. К. Апісанне рукапісаў і старадрукаваных кніг Мінскага ЦГАМ. ― Раздялоўская А. Касцяныя іголкі . ― З жыцця і дзейнасці камітэта . ― Апісанне паездкі ў Пінск і Тураў членамі камітэта . ― Дзённік раскопак у мястэчку Тураве.

Вып. 3. Вільня, 1911:

Жыркевіч А. В. З-за рускай мовы. Біяграфія каноніка Сенчыкоўскага ў двух частках.

Вып. 4. 1913:

Снітка А. Апісанне дакументаў, якія складаюць першы том Слуцкага Трайчанскага архіва (XVI—XVII стст.).

Зноскі

  1. Статут Мінскага царкоўнага гісторыка -археалагічнага камітэта: зацьверджаны 10 кастрычніка 1907 г . ― Мінск, друкарня Някрасава, (1908?). 6 с.
  2. Будынак музея
  3. Мінскія епархіяльныя ведамасці, 1913. № 23. С. 7

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Весь Минск. ― Мн., 1911.
  • Здравомыслов К. Я. Сведения о консисторских архивах и церковно-археологических учреждениях в епархиях. ― СПб., 1908. С. 12.
  • Из жизни и деятельности Минского ЦИАК // Минские епархиальные ведомости, № 28. 1910.
  • Известия Императорской археологической Комиссии. Прибавление к № 39. 1911. С. 24-25; № 23. С. 29-30; № 17. 1910. С. 36; № 26. 1914. С. 41-42; № 18. 1910. С. 55.
  • История Минска. ― Мн., 1957.
  • Минские епархиальные ведомости. ― Минск, 1908. Вып. 4, 10.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]