Навагрудская чыгунка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чыгуначны вакзал у Навагрудку

Навагрудская чыгунка — вузкакалейная 600-міліметровая (пазней — 750-міліметровая) чыгунка з Наваельні да Любчы, якая існавала з 1916 па 1965 год. Працягласць — 70 кіламетраў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вузкакалейную чыгунку праз Навагрудак пабудавалі падчас Першай сусветнай вайны. Яна была патрэбна нямецкім войскам для забеспячэння фронта, які пралягаў побач з мястэчкам Любча. Па чыгунцы дастаўлялі боепрыпасы. Чыгунку праклалі за год. Да будаўніцтва прыцягваліся сяляне з бліжэйшых вёсак.

Чыгунка была адгалінаваннем ад чыгуначнага вузла Наваельня. Асобнае адгалінаванне было ад станцыі Скрыдлева да Навагрудка[1].

Чыгуначная станцыя ў Навагрудку

Пасля Першай сусветнай вайны, савецкія ўлады планавалі аднавіць і працягнуць вузкакалейку. У 1919 годзе разглядалася ідэя працягнуць чыгунку да станцыі Замір’е (сёння мястэчка Гарадзея), але гэты праект не рэалізавалі. Пасля савецка-польскай вайны тэрыторыя Заходняй Беларусі адышла да Польскай Рэспублікі. Вузкакалейка пачала дзейнічаць нанова перайшла пад кіраўніцтва Польскай дзяржаўнай чыгункі. Тады пабудавалі чыгуначныя станцыі ў Навагрудку, Любчы і вёсцы Зароі[2].

У 1931 годзе польскія ўлады планавалі пабудаваць чыгунку Белавеж — Навагрудак — Ашмяны. На гэты праект планавалі выдаткаваць 91 млн злотых. Пры рэалізацыі гэтага праекта ў Навагрудку маглі пракласці звычайную шырокакалейную чыгунку. Але з-за сусветнага эканамічнага крызісу праект не рэалізавалі.

Падчас Другой сусветнай вайны, пасля акупацыі Навагрудчыны нямецкай арміяй, чыгунку зноў пачалі выкарыстоўваць у вайсковых мэтах. Па ёй перавозілі вайсковую тэхніку і зброю. З-за дзеянняў партызан яна працавала нерэгулярна. Каляіну, масты, а таксама тэлефонную сувязь, што ішла ўздоўж чыгуначнага палатна, неаднаразова разбуралі[2].

Расклад цягнікоў па маршруце Наваельня — Навагрудак — Любча.

Пасля сканчэння Другой сусветнай вайны савецкія ўлады вырашылі аднавіць вузкакалейку. У сакавіку 1947 года Навагрудскі гарадскі савет дэпутатаў вырашыў адрамантаваць яе да красавіка і пусціць па ёй матавоз для падвозу торфу. Падчас рамонту каляіну пашырылі да 750 мм, каб па ёй маглі праехаць лакаматывы і вагоны савецкай вытворчасці. Адрамантаваная чыгунка ўвайшла ў склад Беларускай чыгункі. Яна атрымала назву «12 дыстанцыя Беларускай чыгункі».

Часцей па навагрудскай чыгунцы перавозілі тэхніку, угнаенні і ўраджай мясцовых гаспадарак. Да станцыі Любча два разы ў дзень ездзілі пасажырскія саставы з двух ці трох вагонаў. У навагрудскім чыгуначным парку налічвалася пяць лакаматываў. У 1965 годзе чыгунку закрылі, а каляіну разабралі.

У народзе вузкакалейную чыгунку называлі «калейка» і «кукушка». Да сённяшніх дзён у некаторых месцах Навагрудскага раёна захаваліся фрагменты чыгуначнага насыпу.

Будынак навагрудскага аўтавакзала. Злева будынак былой чыгуначнай станцыі
Схема навагрудскай вузкакалейкі 1948 год

Чыгуначны вакзал[правіць | правіць зыходнік]

Будынак чыгуначнага вакзала пабудавалі ў 1925 годзе[3]. Гэта быў цагляны двухпавярховы будынак. Каляіна пралягала прыклада па сучаснай вуліцы Міцкевіча. Пасля закрыцця чыгункі ў 1965 годзе пасажырскі рух замянілі на аўтобусны. Чыгуначную станцыю перапрафілявалі ў аўтастанцыю. Пазней дабудавалі новую частку навагрудскага аўтавакзала.

За гарадскім рынкам захаваўся будынак чыгуначнага дэпо. Падчас працы чыгункі там рамантавалі вагоны.

Іншыя вузкакалейкі[правіць | правіць зыходнік]

Акрамя лініі Наваельня — Любча, немцы праклалі яшчэ дзве каляіны ў бок ракі Сервеч. Першая пралягала з Навагрудка праз вёскі Рутка, Ваўковічы, Паланая да Агароднікаў. Другая — ад вёскі Зарой, каля Янавіч, Катлова да Ваўкоў[4]. Гэтыя каляіны зліквідавалі да 1925 года.

Помнікі[правіць | правіць зыходнік]

У 2018 годзе ў вёсцы Зарой усталяваны мемарыяльны знак у памяць пра чыгунку, якая пралягала побач з вёскай. Помнік талакой стварылі мясцовыя жыхары. Усталяванне помніка мясцовыя жыхары не ўзгаднілі з райвыканкамам[5].

Помнік «Паравоз» у Навагрудку

У маі 2023 года ў вёсцы Рабкі ўсталявалі прасторава-дэкаратыўную кампазіцыю «Паравоз», прысвечаную вузкакалейцы. Помнік з’явіўся ў межах краязнаўчага праекта Круцілаўскай сярэдняй школы «Дарога з мінулага»[6].

У верасні 2023 года каля аўтавакзала ў Навагрудку ўсталяваны помнік «Паравоз». Адкрыццё было прымеркавана да Дня народнага адзінства[7].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]