Насельніцтва Венесуэлы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Венесуэла паводле асаблівасцяў насельніцтва — тыповая паўднёваамерыканская краіна, але з некаторымі карыбскімі адзнакамі. Колькасць насельніцтва павялічваецца, але ўжо не вельмі хутка. У расавым складзе пераважаюць метысы, у рэлігійным — каталікі. Дзяржаўная мова — іспанская. Насельніцтва канцэнтруецца ўздоўж узбярэжжа і па далінах гор. У гарадах жыве 93 % венесуэльцаў.

Дэмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Полава-ўзроставая піраміда, 2016
Гарады Венесуэлы

Як і паўсюль у Паўднёвай Амерыцы, у сённяшняй Венесуэле назіраецца затуханне дэмаграфічнага выбуху: натуральны прырост за кошт маладога складу насельніцтва яшчэ вялікі (1,3 % у 2018), аднак на адну жанчыну ў сярэднім прыходзіцца ўсяго 2,3 дзіцяці. Сярэдняя працягласць жыцця складае 76 гадоў.[1] Эканамічны крызіс другой паловы 2010-х выклікаў вялікую хвалю эміграцыі, маштабы якой ацаніць няпроста. Незалежныя эксперты кажуць пра 2,3 млн эмігрантаў па стане на верасень 2018, паводле найгоршага сцэнару да пачатку 2019 за мяжой — пераважна ў суседніх Эквадоры і Калумбіі — магло аказацца 4 млн венесуэльцаў. У любым разе ў ХХІ стагоддзі больш грамадзян пакідала толькі Сірыю.[2]

Этнічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Каля 95 % жыхароў краіны — венесуэльцы, народ, які ўтварыўся ад змяшэння іспанскіх заваёўнікаў і перасяленцаў з мясцовым насельніцтвам — індзейцамі аравакскай, карыбскай і іншых моўных сем’яў, а таксама з неграмі-рабамі, прывезенымі з Афрыкі. Згодна з даследаваннямі Універсітэта Бразіліа, у венесуэльцах цячэ 60 % еўрапейскай, 23 % індзейскай і 16 % афрыканскай крыві[3]. Вялікі культурны ўнёсак у жыццё Венесуэлы зрабілі выхадцы з Канарскіх астравоў: праз мноства канарскіх дэталяў у стравах і звычаях Венесуэлу часам называюць «восьмым Канарскім востравам». У XIX-XX стст. сюды актыўна імігравалі жыхары Паўднёвай Еўропы. У 1970-х нафтавы бум выклікаў вялікую хвалю міграцыі з Калумбіі, Эквадора і іншых суседніх краін. Расавы склад: метысаў — 51,6 %, белых — 43,6 %, чорных — 2,9 %, індзейцаў — менш за 2 %. Індзейцы пражываюць пераважна ў малаасвоеных раёнах на поўдні і ўсходзе краіны, а таксама на заходнім беразе возера Маракайба. Канстытуцыя 1999 гарантуе індзейцам грамадзянскія правы.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Дзяржаўная і гутарковая мова — іспанская. Канстытуцыя Венесуэлы прызнае больш за 30 індзейскіх моў, уключаючы найбуйнейшую мову вайю (170 000 носьбітаў), вараа, пемон. Самыя шырока ўжываныя эмігранцкія мовы — кітайская (400 000), партугальская (250 000), італьянская (200 000). Горад нямецкіх каланістаў Калонія Табар размаўляе на алеманскім дыялекце нямецкай мовы, што тут завецца Каланейра. Англійская мова ў Венесуэле — Лінгва франка, шырокі ўжытак якой быў забяспечаны нафтавым бумам.

Рэлігійны склад[правіць | правіць зыходнік]

Плошча Балівара, Валенсія

Большасць вернікаў — каталікі. Як і паўсюль у Паўднёвай Амерыцы, свае пазіцыі ўмацоўвае пратэстантызм (17 % у 2011, у асноўным евангелісты). 6 % венесуэльцаў называюць сябе агностыкамі, яшчэ 2 % — атэістамі.

Размяшчэнне і рассяленне насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Начны Баркісімета

Большая частка венесуэльцаў жыве ў стакіламетровай паласе ўздоўж Карыбскага ўзбярэжжа, вялікая гушчыня насельніцтва і ва ўрадлівых, прахалодных андскіх далінах. Льянас, Сельва і асабліва Гвіянскае нагор’е заселеныя зусім слаба ў сувязі з іх цяжкапраходнасцю і складаным кліматам. Звыш 90 % насельніцтва жыве ў гарадах. Найбуйнейшая агламерацыя — Вялікі Каракас, родны горад для 5,2 млн.чалавек; другая — Маракайба (2,5 млн), далей — Валенсія (2 млн) і Баркісімета (1,3 млн).

Зноскі