Гісторыя Венесуэлы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Тэрыторыя сучаснай Венесуэлы была заселена чалавекам каля 15 000 кадоў таму. У ХVI—XVIII ст. гэтая зямля была іспанскай калоніяй. З іспанскай спадчынай звязаны асаблівасці сучаснага насельніцтва Венесуэлы: іспанская мова, перавага ў этнічным складзе метысаў, каталіцтва як асноўная канфесія, размяшчэнне насельніцтва ўздоўж узбярэжжа. У 1811 Венесуэла дэкларавала незалежнасць, у 1821-1830 уваходзіла ў склад федэрацыі Вялікая Калумбія. У 1830 атрымала поўную незалежнасць. Наступныя 130 гадоў прайшлі ў чаргаванні ваенных дыктатараў і хунт, грамадзянскіх войнах і крызісах. Адкрыццё радовішчаў нафты у 1918 зрабіла Венесуэлу самай паспяховай краінай Лацінскай Амерыкі. У 1958 была ўсталявана шматпартыйная дэмакратычная сістэма. У 1999 новы прэзідэнт Уга Чавес абвясціў "Баліварыянскую рэвалюцыю". У другой палове 2010-х Венесуэла зазнала найгоршы за апошнія 100 год эканамічны крызіс.

Дакалумбавая Венесуэла[правіць | правіць зыходнік]

Так сёння выглядае месца аднаго з паселішчаў Цімота-Куіка

Першыя сляды чалавека на зямлі сучаснай Венесуэлы датуюцца 15 тысячамі гадоў. Каменныя скрабкі, вастрыі коп'яў ды іншыя прадметы старажытнага ўжытку такога ўзросту былі знойдзены на тэрасах ракі Рыа Педрэгал і ў іншых месцах заходняй Венесуэлы. Найбольш развітай дакалумбавай культурай у паўночных Андах лічыцца гістарычная супольнасць Цімота-Куіка (ісп.Timoto-cuicas), для якой была характэрна складаная арганізацыя грамадства, а збудаваныя згодна з планам мураваныя паселішчы былі абкружаны тэрасаванымі палямі — вырошчвалі кукурузу, бульбу і ўлюка (таксама клубняплод) — з сістэмай ірыгацыі. Індзейцы пралі ніткі з раслінных валокнаў і ткалі з іх адзенне ды кілімчыкі для жытла. Аднак на памяць чалавецтву ад іх засталася ў першую чаргу антрапаморфная кераміка. Таксама ім прыпісваюць вынаходніцтва ляпёшак арэпа — асноўнага прадукта венесуэльскай кухні. Лічыцца, што напярэдадні прыбыцця Калумба на зямлі сённяшняй Венесуэлы жыло каля 1 млн.чал.

Каланіяльны час[правіць | правіць зыходнік]

У 1498 Калумб падчас свайго трэцяга падарожжа праплыў уздоўж дэльты Арынока і трапіў у заліў Парыя. Уражаны магутнай прэснаводнай плынню, што адносіла яго на ўсход, Калумб у захапленні пісаў Ізабэле і Фердынанду што, маўляў, дасягнуў брамы "нябёсаў на зямлі", бо толькі з нябёсаў можа плыць такая магутная рака. У 1499 узбярэжжа Венесуэлы наведаў больш празаічны Алонса дэ Ахеда з Амерыга Веспучы на борце, які і даў краіне сучасную назву. Іспанская каланізацыя Венесуэлы, тады больш вядомай назвай Новая Андалузія, пачалася ў 1522 годзе з заснаваннем пасялення на месцы сучаснай Куманы. Праз некалькі гадоў кароль Іспаніі на непрацяглы тэрмін перадаў гэтую зямлю нямецкай банкірскай сям'і Вельзераў паводле канцэсіі . У 1567 іспанцы заснавалі Каракас, і горад ва ўрадлівай прахалоднай даліне, захінуты сцяною гор ад узбярэжнай спякоты і піратаў, хутка набыў сталічнае значэнне. Заваёўнікі сутыкнуліся з адпорам з боку індзейцаў, якіх павялі за сабой правадыры Гуаікайпура і Таманака. Індзейцы ж сутыкнуліся не толькі з тэхнічнай перавагай прыхадняў, але і з еўрапейскімі хваробамі, што былі яшчэ няўмольнейшымі за сваіх носьбітаў. Тубыльцы годна загінулі за сваю зямлю і іх імёны ўвекавечаны ў такіх назвах як Каракас, Чакаа, Лос-Тэкес. У XVIII стагоддзі пачалося пранікненне каланістаў, што дагэтуль сяліліся выключна на ўзбярэжжы, углыб калоніі. З 1718 Венесуэла, стала часткай віцэ-каралеўства Новая Гранада.

Шлях да незалежнасці[правіць | правіць зыходнік]

Нацыянальны герой Венесуэлы Сімон Балівар

5 ліпеня 1811 года — пасля некалькіх антыіспанскіх паўстанняў пад кіраўніцтвам Франсіска Міранды, папярэдніка Сімона Балівара, — Венесуэла, адной з першых у Лацінскай Амерыцы, дэкларавала незалежнасць. Разбуральнае каракаскае землетрасенне 1812 года разам з паўстаннем арыноцкіх льянера дапамаглі іспанцам аднавіць уладу. Спатрэбілася яшчэ дзесяцігоддзе вайны з іспанскімі каланіяльнымі войскамі, каб у 1821 Венесуэла стала часткай насамрэч незалежнай Вялікай Калумбіі. У гэтым годзе адбылася бітва пры Карабоба, у якой Сімон Балівар, Хасэ Паэс і Антоніа Сукрэ разбілі іспанцаў. Аднак неўзабаве шляхі генералаў разышліся. У 1830 незадаволены федэральным урадам Хасэ Паэс узняў паўстанне, у выніку якога Венесуэла аддзялілася ад федэрацыі і стала самастойнай дзяржавай, а Паэс стаў яе першым прэзідэнтам. Паводле розных ацэнак, за час рэвалюцыйнага ліхалецця Венесуэла згубіла кожнага трэцяга (або чацвёртага) жыхара.

Недэмакратычнае ХІХ стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

ХІХ і першая палова ХХ стагоддзя прайшлі ў чаргаванні перыядаў палітычнага хаосу і дзяржаўных пераваротаў ды аўтакратычных рэжымаў ваенных-каўдыльё, першым сярод якіх стаў якраз генерал Паэс, што быў прэзідэнтам у (1830–1835; 1839–1843; 1861–1863). У 1854 годзе было адменена рабства. Палітычны хаос прывёў да крывавай грамадзянскай вайны 1859-1863 паміж кансерватарамі і лібераламі (Федэральная вайна), ў якой загінула некалькі сотняў тысяч чалавек — недаравальныя страты для мільённай Венесуэлы. Найбольш вядомым пасляваенным каўдыльё стаў генерал лібералаў Антоніа Гузман Бланка, што кіраваў Венесуэлай у 1870-1887, таксама як і Паэс, з антрактамі. 1895 адзначыўся канфліктам з Вялікабрытаніяй (так званы Венесуэльскі крызіс 1895) за тэрыторыю Гаяна-Эсекіба, на якую прэтэндавалі абедзьве дзяржавы. Венесуэльскі лабіст у ЗША Уільям Скрагс нагадаў прэзідэнту Кліўленду аб дактрыне Манро і ЗША сталі на венесуэльскі бок. Тым не менш, цягам перамоў брытанцы пераканалі паўночнаамерыканцаў у сваёй рацыі, і парыжскі трыбунал у 1899 годзе прызнаў спрэчную зямлю за Вялікабрытаніяй.

Недэмакратычнае ХХ стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

Сіпрыяна Кастра і Вісенте Гомес аглядаюць войска, 1902

У 1899 уладу захапіў Сіпрыяна Кастра, што рушыў на Каракас на чале атрада ў 60 чалавек. Яго прыход да ўлады выліўся ў грамадзянскую вайну, другі Венесуэльскі крызіс (1902-03) і канфлікт з Нідэрландамі (1908). Падчас апошняга, знаходзячыся на перамовах ў Еўропе, Кастра быў змешчаны сваім паплечнікам і сябрам Хуанам Вісэнтэ Гомесам. Падчас кіравання Гомеса, калі ў Еўропе сціхалі грымоты першай сусветнай вайны, былі адкрыты радовішчы нафты ў басейне Маракайба, пасля чаго аграрны эканамічны твар краіны змяніўся на нафтаздабыўны. Дзякуючы нафтаваму буму, папулярны ў народзе Гомес кіраваў Венесуэлай да сваёй смерці ў 1935, а Венесуэла стала самай заможнай дзяржавай Лацінскай Амерыкі. У пачатку 1940-х была праведзена палітычная рэформа, што дазволіла дзейнасць палітычных партый. У 1945 да ўлады, ўпершыню ў гісторыі краіны, прыйшлі дэмакратычныя сілы на чале з Рамулам Бетанкурам. Дэмакраты ў 1947 годзе правялі першыя дэмакратычныя выбары, пераможца якіх, Ромула Гальегас, неўзабаве быў скінуты ваеннай хунтай. Так пачалося апошняе несвабоднае дзесяцігоддзе. Пасля другой сусветнай вайны ў Венесуэлу прыбыла шмат мігрантаў з еўрапейскіх краін, што зрабіла венесуэльскае грамадства больш разнастайным.

Дэмакратычнае ХХ стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

З 1958 на працягу чатырох дзесяцігоддзяў Венесуэлай кіравалі дэмакратычна абраныя ўрады. Шматпартыйная сістэма даволі хутка стала дэ-факта двухпартыйнай: галоўнымі сіламі на палітычным рынгу сталі партыя Дэмакратычнае дзеянне і сацыяльна-хрысціянская партыя КОПЕІ. Неаліберальныя рэформы прэзідэнта Карласа Андрэса Перэса (Дэмакратычнае дзеянне) і падзенне сусветных цэн на нафту выклікалі эканамічныя цяжкасці, што ў канцы 1980-х і 1990-х выліліся ў палітычныя крызісы, уключаючы сталічны мяцеж 1989 года, вядомы пад назвай Каракаса (паводле розных ацэнак загінула ад 276 да 2000 чалавек); дзьве спробы дзяржаўнага перавароту ў 1992 і выніковы імпічмент Перэса ў 1993 за растрату дзяржаўных сродкаў. Далейшае падзенне даверу да існуючых палітычных партый абярнулася абраннем у 1998 на пасаду прэзідэнта палкоўніка Уга Чавеса.

Баліварыянская рэвалюцыя[правіць | правіць зыходнік]

Чавес з сябрамі-сацыялістамі — Нестарам Кіршнерам і Лула да Сілвам

У 1999 Чавес запаліў полымя Баліварыянскай рэвалюцыі, якая пачалася з прыняцця новай канстытуцыі і змянення назвы краіны на "Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла". Канстытуцыя дэкларалавала грамадзянскія правы індзейцам, што дало Чавесу падставу правесці новыя выбары ў 2000, на якіх ён быў пераабраны прэзідэнтам, я ягоны палітычны блок атрымаў большасць месцаў у парламенце. У 2007 і 2009 годзе, каб кіраваць краінай "колькі таго пажадае народ і Гасподзь", Чавес ініцыяваў рэферэндумы па змяненні канстытуцыі; першая спроба была няўдалай і Чавес прызаў сваю паразу. Ідэалогія Чавеса — своеасаблівы мікс ідэй Сімона Балівара і сацыялізму. Папулістычная палітыка Уга Чавеса і яго спадкаемцы Нікаласа Мадура прывялі да жудаснага эканамічнага крызісу, што распачаўся ў 2013 і цягнецца па сёння. Спыніўся прыток замежных інвестыцый; узраслі беспрацоўе, беднасць, дзіцячая смяротнасць. У венесуэльскіх крамах даўно няма самых неабходных тавараў. Па выніках 2018 інфляцыя склала 1 370 000%.[1] Усё гэта вылілася ў масавую эміграцыю, грамадзянскае супрацьстаянне з вулічнымі пратэстамі і міжнародны палітычны крызіс.

  1. https://www.bloomberg.com/news/articles/2018-10-09/venezuela-s-2018-inflation-to-hit-1-37-million-percent-imf-says