Нацыянальны музей Індыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нацыянальны музей Індыі
Заснаваны 1947
Адкрыты 15 жніўня 1949
Месцазнаходжанне
Наведвальнікі
  • 7 400 000 чал.
Адрас Нью-Дэлі, Індыя
nationalmuseumindia.gov.in
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Нацыянальны музей у Нью-Дэлі — найбуйнейшы музей у Індыі, у якім прадстаўлена калекцыя разнастайных археалагічных знаходак, гістарычных артэфактаў і прадметаў мастацтва. Музей кіруецца Міністэрствам культуры Індыі, часткай Урада Індыі. Размяшчаецца ў Дэлі, на скрыжаванні вуліц Джанпат і Маўлала.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вытокі Нацыянальнага музея пачынаюцца з выстаўкі індыйскага мастацтва і артэфактаў у Каралеўскай Акадэміі ў Лондане ўзімку 1947-48 гг.[1], якая адбылася адразу пасля здабыцца Індыяй незалежнасці ад Вялікабрытаніі. Па заканчэнні выстаўкі, яе куратары вырашылі прадэманстраваць такую ж калекцыю ў Індыі да вяртання экспанатаў у музеі. Індыйская выстаўка была паказана ў Раштрапаці Бхаван у 1949 годзе і была настолькі паспяховай, што было прынята рашэнне стварыць пастаянны нацыянальны музей. Ініцыятарам яго стварэння выступіла група індыйскіх археолагаў і мастацтвазнаўцаў, якія пераканалі ўрад у неабходнасці падобнай установы для паспяховага культурнага развіцця[2].

15 жніўня 1949 года Нацыянальны музей афіцыйна адкрыў генерал-губернатар Індыі Чакраварці Раджагапалачары. У той час было вырашана, што пакуль музей не абзавядзецца сваім будынкам, экспанаты будуць захоўвацца ў Раштрапаці Бхаван. Першы камень у будынак Нацыянальнага музея Індыі ў Дэлі 12 мая 1955 года заклаў прэм’ер-міністр краіны Джавахарлал Нэру, які пры адкрыцці музея ва ўрачыстых абставінах 18 снежня 1960 г. быў ужо віцэ-прэзідэнтам краіны. Новы будынак Нацыянальнага музея аздоблены чырвоным і жоўтым пясчанікам, які ўжываўся ў будаўніцтве ў дзяржаве Вялікіх Маголаў. Будынак дазваляе не толькі разгарнуць экспазіцыю, але і праводзіць розныя віды навукова-асветніцкай работы, такія як курсы аматараў мастацтва[2].

Экспазіцыя[правіць | правіць зыходнік]

У аснову экспазіцыі музея пакладзена калекцыя індыйскага мастацтва, сабраная ў 1947—1948 гг. для часовай дэманстрацыі ў Лондане. Найбольш важным у музеі лічыцца археалагічны аддзел, дзе экспануюцца такія унікумы, як скульптурны партрэт (2,5 тыс. гадоў да н. э.), знойдзены ў Махенджарадзе, скульптуры царстваў Маўрыяў (332—185 гг. да н. э.), Гуптаў (IV—VI ст. н. э.) і інш. Шмат каштоўных помнікаў знаходзіцца ў аддзелах выяўленчага мастацтва, рукапісаў, антрапалогіі, зброі, драўляных вырабаў. Крыху ў баку ад асноўнай часткі экспазіцыі размешчаны дзве калекцыі: сярэднеазіяцкая, падараваная англійскім навукоўцам і падарожнікам А. Штэйнам, і дакалумбавага амерыканскага мастацтва, сабраная індыйскім калекцыянерам Н. Хіраменекам. Агульная колькасць прадметаў, што захоўваюцца ў фондасховішчы Нацыянальнага музея Індыі, складае 200 тыс. адзінак[2].

У наш час музей знаходзіцца ў распараджэнні і фінансуецца Міністэрствам культуры і Міністэрствам развіцця людскіх рэсурсаў[1].

Зноскі

  1. а б History of the National Museum(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 кастрычніка 2007. Праверана 25 January 2011.
  2. а б в Музеі замежных краін : вучэб. дапам. для студэнтаў гіст. фак. спец. 1-23 01 12 «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны (па напрамках)». У 2 ч. Ч. 2. Музеі Азіі, Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі / Л. У. Бярэйшык, А. А. Гужалоўскі. — Мінск : БДУ, 2008. — 247 с. : іл. ISBN 978-985-485-855-5.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Музеі замежных краін : вучэб. дапам. для студэнтаў гіст. фак. спец. 1-23 01 12 «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны (па напрамках)». У 2 ч. Ч. 2. Музеі Азіі, Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі / Л. У. Бярэйшык, А. А. Гужалоўскі. — Мінск : БДУ, 2008. — 247 с. : іл. ISBN 978-985-485-855-5.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]