Наш шлях

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Наш шлях (1922))
«Наш шлях»
Тып часопіс
Рэдактар Браніслаў Туронак
Палітычная прыналежнасць Беларускі студэнцкі саюз
Мова беларуская
Тыраж

«Наш шлях» — грамадска-палітычны і літаратурны часопіс, орган Беларускага студэнцкага саюза.

Выдаваўся з сакавіка 1922 да восені 1923 ў Вільні на беларускай мове. 3-за фінансавых цяжкасцей выходзіў нерэгулярна. Адказныя рэдактары Б. Туронак, Л. Мазалеўскі.

Галоўная мэта выдання — больш глыбокае пазнанне Беларусі, адраджэнне нацыянальнай свядомасці, змаганне за дзяржаўную незалежнасць. Апублікаваны артыкулы А. Луцкевіча «Вялікае свята», «Студэнцкая моладзь у беларускім руху», канспект яго лекцыі «Развіццё палітычнай думкі ў Беларусі». Ідэйныя пошукі моладзі адлюстраваны ў артыкуле «Шляхі беларускай студэнцкай моладзі» М. Крывічонка, «Наш шлях», «Аб нашым месіянізме» С. Радзіміча (верагодна абодва псеўданімы Б. Туронка). Актуальнасцю, творчым пошукам вылучаліся артыкулы і нарысы Ф. Маркотнага (Ф. Пяткевіча), М. М. (М. Марцінчыка).

Інфармаваў пра культурна-асветную працу студэнтаў-беларусаў Віленскага ўніверсітэта, друкаваў хроніку з жыцця беларускіх студэнтаў у Маскве, Мінску, Празе, паведамляў пра лёс беларускай асветы ў Латвіі. Змяшчаў вершы Н. Арсенневай, З. Верас, І. Дварчаніна, Г. Леўчыка, апавяданні Л. Леўскага, А. Пакуцкага і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Вабішчэвіч А., Ліс А. «Наш шлях» // БЭ ў 18 т. Т. 11. Мн.: БелЭн, 2000.
  • Туронак Ю. Памяці Браніслава Туронка. Варшава—Нью-Ёрк: БІНіМ. 1990.