Ігнат Сымонавіч Дварчанін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з І. Дварчанін)
Ігнат Сымонавіч Дварчанін
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Гудок Ігнат, Гудок, Ладанчук І., Гудок Ігналь і Гудок І.
Дата нараджэння 27 мая (8 чэрвеня) 1895
Месца нараджэння
Дата смерці 8 снежня 1937(1937-12-08) (42 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, літаратуразнавец, палітык, перакладчык, грамадскі дзеяч
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ігнат Сымонавіч Дварчанін (27 мая (8 чэрвеня) 1895, в. Погіры, Слонімскі павет, цяпер Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць) — 8 снежня 1937, НКУС) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, дзеяч беларускага нацыянальнага руху, паэт, літаратуразнавец. Псеўданімы: Гудок Ігнат; Гудок; Ладанчук І.; Гудок Ігналь; Гудок І.[1] Крыптанімы: І. Д.; І.Д-н[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Ігнат Дварчанін у другой палове 1910-х гг.

У 1912—1915 гадах працаваў народным настаўнікам у вёсцы Хмяльніца (Слонімскі павет). У маі 1915 года мабілізаваны ў армію. Пасля заканчэння ў 1916 годзе школы прапаршчыкаў у горадзе Араніенбаўм (цяпер Ламаносаў) служыў у запасным палку ў Маскве. 3 восені 1916 года на Заходнім фронце у званні падпаручніка.

3 чэрвеня 1917 года ў Мінску, уступіў у БСГ, удзельнічаў у яе 3-м з’ездзе (кастрычнік 1917). Прымаў удзел у падрыхтоўцы Усебеларускага з’езда (1917), рабоце Цэнтральная Беларускай вайсковай Рады. У канцы снежня 1917 выехаў да бацькі ў Новачаркаск, звольніўся з вайсковай службы і атрымаў статус бежанца. У сакавіку 1918 года па запрашэнні А. Чарвякова пераехаў у Маскву, дзе быў прызначаны сакратаром культурна-асветнага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята. На нарадзе настаўнікаў школ Беларусі (21—23.7.1918) выступаў з дакладам, дзе падкрэсліваў важкасць вывучэння беларускай мовы, літаратуры, гісторыі для абуджэння нацыянальнай свядомасці і чалавечай годнасці беларускага народа.

Са жніўня 1918 года на радзіме, адкрыў пачатковую беларускую школу ў вёсцы Пецюкі (Дзятлаўская воласць, Навагрудскага павета), вёў культурна-асветную работу. У 1919 годзе паступіў на настаўніцкія курсы ў Вільні, але быў арыштаваны польскімі ўладамі і адпраўлены ў беластоцкі канцлагер, адкуль у снежні ўцёк. У ліпені 1920 года з прыходам Чырвонай Арміі прыбыў у Мінск. Са жніўня 1920 да ліпеня 1921 года ў Вільні. Працаваў вартаўніком, пісарам у канцылярыі беларускага аддзела ў Дэпартаменце асветы, настаўнікам у мястэчку Свір (Свянцянскі павет). У 1921 годзе здаў экстэрнам экзамены за курс Віленскай беларускай гімназіі. Выконваў даручэнні Беларускага нацыянальнага камітэта і Цэнтральнай беларускай школьнай рады. Летам 1921 накіраваны Беларускім нацыянальным камітэтам у Латвію, дзе чытаў лекцыі па беларусазнаўстве на настаўніцкіх курсах у Дзвінску (цяпер г. Даўгаўпілс), удзельнічаў у стварэнні культурна-асветнага таварыства беларускай нацыянальнай меншасці «Бацькаўшчына», уваходзіў у яго кіраўніцтва. У верасні 1921 таварыствам «Бацькаўшчына» дэлегаваны ў Прагу на Беларускую палітычную канферэнцыю.

Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Пражскага ўніверсітэта (1925) са ступенню доктара філасофіі. Пражскі перыяд жыцця І. Дварчаніна характарызуецца актыўнай грамадскай дзейнасцю. Ён быў старшынёй Аб’яднання прагрэсіўных беларускіх студэнтаў, сябрам Беларускай Рады, якая аб’ядноўвала беларускую эміграцыю ў Чэхаславакіі.

Дэпутат польскага Сейма ад «Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба „Змаганьне“» — Ігнат Дварчанін, Іван Грэцкі, Язэп Гаўрылік і Флягонт Валынец

З 1926 года ў Вільні, уступіў у Беларускую сялянска-работніцкую Грамаду (БСРГ), быў цесна звязаны з яе кіраўніцтвам, выконваў даручэнні Цэнтральнага сакратарыята БСРГ, вёў лекцыі ў Віленскім гуртку грамады. Працаваў сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства, выкладаў беларускую літаратуру ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1928 годзе ад Навагрудскай выбарчай акругі абраны ў польскі сейм, удзельнік беларускага рабоча-сялянскага пасольскага клуба «Змаганне», які фактычна працягваў дзейнасць Грамады.

19 жніўня 1930 года ў дзень царкоўнага фэста спрабаваў правесці разам з паслом Флягонтам Валынцом мітынг у мястэчку Алекшыцы, пра які не было папярэдне заяўлена ўладам. Калі паліцыя паспрабавала разагнаць мітынг, Ігнат Дварчанін страляў па паліцыянтах, а натоўп пачаў кідаць у паліцыю камяні, у выніку чаго было паранена трое паліцыянтаў. У той жа дзень Ігнат Дварчанін быў арыштаваны ў мястэчку Індура, калі спрабаваў уцячы на аўтобусе ў Гродна[2]. 12 студзеня 1931 года ў Вільні быў асуджаны на 8 гадоў цяжкай турмы[3]. Вызвалены 15 верасня 1932 года ў выніку абмену палітзняволенымі паміж СССР і Польшчай і пераехаў у БССР.

3 лістапада 1932 года працаваў у Акадэміі навук БССР у камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі, выконваў абавязкі дырэктара Інстытута мовазнаўства АН БССР (з 7 ліпеня 1933 года).

16 жніўня 1933 года арыштаваны ДПУ БССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Пастановай калегіі ДПУ БССР ад 9 студзеня 1934 года прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, якую замянілі на 10 гадоў пазбаўлення волі[4]. Пакаранне адбываў на Салавецкіх астравах і будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. 25 лістапада 1938 года прыгавораны тройкай НКУС па Ленінградскай вобласці да расстрэлу. Расстраляны 8 снежня 1938 года.

Рэабілітаваны па двух прыгаворах ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі ў 1956 годзе.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Друкаваўся з 1917 года. Вершы І. Дварчаніна змяшчаліся ў газеце «Дзянніца», часопісах «Родныя гоні», «Маланка», «Наш шлях», «Маладое жыццё», «Беларуская школа ў Латвіі» і інш. Тэматыка твораў гэтага перыяду — барацьба за адраджэнне беларускай культуры, узняцце яе на больш якасны ўзровень, усведамленне беларускім народам сваёй гістарычнай і палітычнай значнасці, роўнасці з іншымі народамі.

Падчас вучобы ў Пражскім універсітэце змяшчаў вершы рэвалюцыйна-рамантычнай накіраванасці ў студэнцкіх выданнях «Прамень», «Студэнцкая думка», «Перавясла». У 1926 абараніў дысертацыю на тэму «Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве» (рукапіс зберагаецца ў Пражскім універсітэце). У рукапісах захаваліся яго працы «Ф. Скарына ў адносінах да працоўнага народа», «3 гісторыі друкаваных выданняў аб Скарыне», «Спроба апісання бібліяграфіі аб доктару Францішку Скарыне».

«Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры», Вільня, 1927, Беларускае выдавецкае таварыства

Склаў і ў 1927 годзе выдаў у Вільні «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 года)», у якой змешчаны творы беларускіх пісьменнікаў, дадзены кароткія каментарыі пра іх жыццёвы і творчы шлях. Выданне адыграла вялікую ролю ў школьным навучанні і патрыятычным выхаванні заходне-беларускай моладзі, стала падзеяй у грамадска-культурным жыцці Заходняй Беларусі. 3 1927 супрацоўнічаў у часопісах «Родныя гоні», «Маланка», рэдагаваў беларускія газеты.

У наш час перавыдаваліся толькі 8 вершаў у зборніку «Ростані волі» (1990, пад рэдакцыяй Уладзіміра Калесніка). Больш вядомыя верш «Покліч» (надрукаваны ў газеце «Вольная Беларусь» у лістападзе 1917) і пераклад на беларускую мову паэмы А. Блока «Дванаццаць».[4]

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры: (ад 1905 года): для старэйшых класаў беларускіх сярэдніх школ / І. Дварчанін. — Вільня: Беларускае выдавецкае таварыства, 1927. — 495, [3] с.
  • Вершы // Беларусь. 1988. № 1.
  • Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве / Пер. з чэш. мовы Т.Кароткай. — Мн. : Навука і тэхніка, 1991. — 185,[2]с. ISBN 5-343-00645-0

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

У горадзе Дзятлава ўстаноўлены помнік І. Дварчаніну, на радзіме ў в. Погіры ўстаноўлена мемарыяльная дашка.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Дварчанін Ігнат Сымонавіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
  2. ABC, Nr. 232, 21.08.1930.
  3. Sprawozdanie z życia mniejszości narodowych za I kwartał 1931 roku. — s. 70.
  4. а б Анатоль Мяснікоў. З кагорты мучанікаў і ахвяр // Звязда, 2002.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 216. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 77. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
  • Дварчанін Ігнат // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — Т. 2. Верабей — Іваноў. — С. 335. — 541 с.; іл.. — ISBN 5-85700-075-0.
  • Б. Тарашкевіч. Заходняя Беларусь — плацдарм імпэрыялістычнай інтэрвэнцыі. — Менск: Беларуская акадэмія навук, Камісія па вывучэньні Заходняй Беларусі, 1931. 20 с.
  • Мірачыцкі Л. Імя, не забытае народам // Беларусь, 1965, № 5.
  • Пяткевіч А. Сцежкамі роднага краю // Наднёманскія былі. Мн., 1968.
  • Міско Я. «Ласкі панскай не трэба…» // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. — Мн., 1983.
  • Скалабан В. Калі ўзышла «Дзянніца»: Новае пра Ігната Дварчаніна // ЛіМ. 1985. 16 жн.
  • Шалькевіч В. Час патрабаваў барацьбы: Да 90-годдзя з дня нараджэння Ігната Дварчаніна // ЛіМ. 1985. 14 чэрв.
  • Місарэвіч Я. А. І. С. Дварчанін: Гіст.-бібліягр. нарыс. — Гродна : Абл. аддз-не Беларус. фонду культуры, 1995.
  • Чмарава М. І. Беларуская літаратура ў Чэхаславакіі (1920—1945): Аўтарэф. дыс. на атрым. вучон. ступ. канд. філал. навук: 10.01.01 ; 10.01.03 / Чмарава Марына Іванаўна; Бел. дзярж. ун-т. — Мн., 2002.
  • Ігнат Дварчанін як вучоны-літаратуразнавец / К. М. Мароз // Шостыя рэспубліканскія Калеснікаўскія чытанні: матэрыялы рэспубліканскай навуковай канферэнцыі, прысвечаныя 85-годдзю з дня нараджэння У. А. Калесніка, г. Брэст, 26 кастрычніка 2007 года «Слова аб палку Ігаравым» у літаратуры і духоўнай культуры славянскіх народаў: матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, г. Брэст, 27―28 красавіка 2007 года / [пад агульнай рэдакцыяй З. П. Мельнікавай, Г. М. Праневіча] ― С. 81―86.
  • Barszczewski A., Bergman A., Tomaszewski J. Ignacy Dworczanin ― bialoruski poíityk i uczony. ― Warszawa: Wyd-wo Uniw. Warszawskiego, 1990.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]