Нёман (веласіпед)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Нёман» — (польск.: Niemen) марка ровараў, якія выраблялі ў Гродне ў 1930-х гадах на Крэсовай фабрыцы ровараў і матацыклаў «Нёман».

Гісторыя фабрыкі «Нёман»[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя гродзенскай фабрыкі ровараў «Нёман» пачалася ў 1894 годзе. Тады бацька і сын Нохум і Лазар Старавольскія з заможнай яўрэйскай сям’і заснавалі ў Гродне невялікую слесарскую майстэрню. Партнёрам у іх пачынанні быў купец Ісаак Піваварскі[1]. Невялікае прадпрыемства перажыло Першую сусветную і Савецка-польскую вайну. У 1920-х гадах пры заводзе працавала крама Старавольскіх, дзе прадавалі ровары нямецкай фірмы Durkoop, а таксама швейныя машынкі Pfaff, Omega і іншыя.

У пачатку 1930-х гадоў Нохум Старавольскі заснаваў акцыянернае таварыства, выкупіў суседні будынак на вуліцы Брыгіцкай (сучасная Карла Маркса) і адкрыў там завод, на якім выраблялі ровары, а пазней мотавеласіпеды і матацыклы. Фабрыка называлася «Крэсовая фабрыка ровараў і матацыклаў „Нёман“» (польск.: Kresowa fabryka rowerów i motocykli «Niemen»)[2].

Лагатып ровараў[правіць | правіць зыходнік]

Лагатып фабрыкі «Нёман» на ровары
Гродзенцы на ровары фабрыкі «Нёман» у 1930-х гадах

На рамах ровараў была выява гродзенскага Новага замка ў Гродне і надпіс Niemen. Пасля Другой сусветнай вайны фірмовую эмблему фабрыкі «Нёман» замянілі на малюнак аленя з чырвонай зоркай над ім (савецкая інтэрпрэтацыя герба Гродна — аленя святога Губерта).

Цана ровараў «Нёман»[правіць | правіць зыходнік]

1930-х гадах цана за ровар фірмы «Нёман» складала 140 злотых. Для параўнання, у міжваенны перыяд больш папулярныя маркі ровараў каштавалі ад 200 злотых і даражэй.

Матацыкл фірмы «Нёман» каштаваў 975 злотых згодна з брашурай тых часоў.

976 злотых — прыкладны аклад генерала арміі ці прафесара ў той час, або чатыры аклады настаўніка, або два аклады лекара, ці пяць акладаў паштальёна, або 7−8 акладаў звычайнага некваліфікаванага рабочага[3].

Памяць пра ровары «Нёман»[правіць | правіць зыходнік]

У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі сёння няма такіх экспанатаў, як ровар альбо матацыкл фабрыкі «Нёман». Адзінкавыя ровары захаваліся ў калекцыянераў. Некаторыя ровары ёсць у музеях на тэрыторыі Польшчы, між іншым у музеі «Muzeum na Węglowej» у Беластоку[4]. Адзін даваенны ровар фабрыкі «Нёман» для Гродна набыла былая старшыня грамадскай арганізацыі «ВелаГродна» Юлія Каляда[5].

У верасні 2019 года ў гродзенскім Цэнтры гарадскога жыцця адбылася выстаўка «Ровары дзядзькі Андрэя». На ёй калекцыянер Андрэй Камоска прадставіў сваю калекцыю двухколавага транспарту. Некаторыя ровары з яго калекцыі былі выпушчаныя на гродзенскай фабрыцы «Нёман»[6].

Паводле ацэнкі Андрэя Камоскі, у Беларусі захавалася 15 ровараў фабрыкі «Нёман». На хаду толькі чатыры, тры з іх у самога калекцыянера. Матацыклаў і мапедаў (мотавеласіпедаў) «Нёман» ён у Беларусі не бачыў[1].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б «Старавольскія злавілі момант». Як у Гродне рабілі ровары і матацыклы "Нёман" . Hrodna.life (25 ліпеня 2020). Праверана 5 студзеня 2024.
  2. Niemen. zabytkowemotocykleirowery.pl. Праверана 10 студзеня 2024.
  3. 🏰 Hrodna 11:27. Telegram. Праверана 5 студзеня 2024.
  4. В Польше продают знаменитый велосипед "Неман". Цена "кусается"(нявызн.). Автомобили Гродно (10 лютага 2023). Праверана 5 студзеня 2024.
  5. Кулевіч, Руслан. В Польше продают легендарный «Неман» из Гродно. Продавец хочет почти 10 тысяч злотых . MOST Media (20 мая 2022). Праверана 5 студзеня 2024.
  6. «Фантастыка, гэта ж "Нёман"». У цэнтры Гродна гараджанам далі пратэставаць даваенныя ровары . Hrodna.life (4 студзеня 2024). Праверана 5 студзеня 2024.