Перайсці да зместу

Ніна Ланглет

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ніна Ланглет
Род дзейнасці пісьменніца, эсперантыст
Дата нараджэння 25 жніўня 1896(1896-08-25)
Месца нараджэння
Дата смерці 3 верасня 1988(1988-09-03) (92 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Nikolaj Afrikanoviĉ Borovko[d]
Маці Antonina Justinovna Borovko-Ĉajkovskaja[d]
Муж Valdemar Langlet[d]
Узнагароды і прэміі
Праведнік народаў свету

Ніна Ланглет (шведск.: Nina Langlet; 25 жніўня 1896, Санкт-Пецярбург, Расія — 3 верасня 1988, Стакгольм, Швецыя) — грамадская дзяячка, музычны педагог, пісьменніца. Праведнік свету.

Ніна Ланглет (Ніна Мікалаеўна Бараўко) была дачкой піянера рускага эсперанта Мікалая Афрыканавіча Бараўко (1863—1913) і Антаніны Бараўко-Чайкоўскай (1872—1948). Яна вучылася музыцы ў Расіі, і ў 1923 годзе Вальдэмар Ланглет дапамог ёй прыехаць у Швецыю, каб працягнуць музычную адукацыю.

Ніна выйшла замуж за Вальдэмара Ланглета ў 1925 г. Сям’я пераехала ў Будапешт у 1931 г., дзе Вальдэмар Ланглет працаваў выкладчыкам шведскай мовы ва ўніверсітэце, а Ніна выкладала музыку. Там іх і застала вайна.

19 сакавіка 1944 г., як толькі нямецкая армія акупавала Венгрыю, гестапа пачало рэпрэсіі супраць асоб, імёны якіх былі загадзя ўнесены ў спісы ворагаў нацысцкага рэжыму. Гэтая сітуацыя, а таксама інфармацыя ўцекача з канцлагера пра жудасныя ўмовы ў іх і масавае знішчэнне вязняў, падштурхнулі Ніну і яе мужа Вальдэмара да рашэння арганізаваць дапамогу. Вальдэмар становіцца кіраўніком прадстаўніцтва Шведскага Чырвонага Крыжа ў Венгрыі[1]. Па іх ініцыятыве тысячы людзей атрымалі пасведчанне асобы, якое давала абарону Шведскага Чырвонага Крыжа, якое ў той час у Венгрыі называлі «пашпартам Ланглета». Усяго было выдадзена каля 25 тысяч такіх пасведчанняў. Усіх выратаваных пасялілі ў 8 арэндаваных дамах, а таксама ў 9 кляштарах, 12 шпіталях, 47 дзіцячых садках[2].

Аднойчы Ніна і Вальдэмар усталі перад брамай жаночага кляштара, у якім хаваліся яўрэі, і не далі ўвайсці туды венгерскім паліцэйскім. Самая вядомая падзея адбылася 14 лістапада 1944 г., калі яны ўбачылі каля будынка прадстаўніцтва Шведскага Чырвонага Крыжа вялікую групу яўрэяў, якіх абкружалі ўзброеныя венгерскія нацысты. Нягледзячы на страляніну, Ніна і Вальдэмар вызвалілі ўсіх захопленых яўрэяў і схавалі іх у будынку прадстаўніцтва.

Ланглеты разумелі, што зробленай імі працы недастаткова, бо ў горадзе заставалася каля 200 тысяч яўрэяў. У ліпені 1944 года для кіраўніцтва гуманітарным аддзелам прадстаўніцтва прыехаў Рауль Валенберг, які дапамог у рабоце па выдачы шведскіх ахоўных пашпартоў. Ён атрымаў ад венгерскага ўрада дазвол на выдачу 4500 пашпартоў, але выдаў дзясяткі тысяч[3]. Вальдэмар і Ніна былі вымушаны хавацца, бо былі завочна прысуджаныя нацыстамі да смерці — у адрозненне ад Валенберга, яны не мелі дыпламатычнай недатыкальнасці.

У канцы вайны Ніна і Вальдэмар здолелі пакінуць Венгрыю і вярнуліся ў Швецыю. У 1966 г. Ізраіль абвясціў Ніну і Вальдэмара Ланглет праведнікамі свету.

Зноскі