Осаму Тэдзука

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Осаму Тэдзука
Дата нараджэння 3 лістапада 1928(1928-11-03)
Таёнака, Японія
Дата смерці 9 лютага 1989(1989-02-09) (60 гадоў)
Кірунак мангака, мультыплікатар
Вядомыя працы Astro Boy, Kimba the White Lion, Phoenix, Black Jack

ТЭДЗУКА Осаму (яп.: 手塚 治虫; 3 лістапада 1928 — 9 лютага 1989) — вядомы японскі мангака, аніматар, урач і доктар медыцынскіх навук. Унёс вялікі ўклад у справу станаўлення анімэ і мангі.

Тэдзуку часта называюць «богам анімэ і мангі», бо менавіта яго працы прынеслі гэтым стылявым напрамкам папулярнасць у Японіі. Акрамя таго, Тэдзука аказаў істотны ўплыў на эвалюцыю мангі і анімэ, заклаўшы асновы іх будучага развіцця. Ім быў прыдуманы характэрны стыль адмалёўкі твару з павялічанымі і моцна дэталізаванымі вачыма. Тэдзука стварыў яго пад уражаннем ад амерыканскіх мультперсанажаў таго часу, такіх, як Бэці Буп, Мікі Маўс і інш.

Прыкладам неверагоднай прадукцыйнасці Осаму можа служыць апублікаваны ў Японіі зборнік «Поўны збор мангі Осаму Тэдзукі» (яп.: 手冢治虫 漫画 全集, англ. Complete Manga Works of Tezuka Osamu), які складаецца з практычна 400 танкабонаў або больш, чым 80-ці тысяч старонак. Нягледзячы на назву, у гэтую падшыўку ўвайшлі толькі апошнія перамалёўкі выбраных твораў. Поўны жа спіс апублікаваных работ Тэдзукі ўключае ў сябе больш за сем сотняў найменняў, якія займаюць каля 170 тысяч старонак, і ўсё роўна гэта не ахоплівае яго творчасць цалкам.

Першая прафесійная манга — Machan no Nikkicho (1946). Сярод шырока вядомых твораў Тэдзукі — Astro Boy, Black Jack, Princess Knight, Phoenix, Jungle Emperor Leo (Kimba the White Lion) (сюжэт якога быў творча перапрацаваны пазней кампаніяй Дыснея пры стварэнні мультфільма Кароль Леў), Adolf.

Тэдзука вядомы сваімі эксперыментальнымі мультфільмамі, такімі як Jumping (1984, складаецца цалкам з татальнай анімацыі), Broken Down Film (1985, імітацыя дэфектаў плёнкі і гульня на гэтым), Legend of the Forest (1987, па ходзе дзеяння імітуюцца стылі ад зараджэння анімацыі да 50-х гадоў) і інш.

Тэдзука узначальваў анімацыйную студыю Mushi Production, якая першай у Японіі стварала анімацыю для паказу па тэлебачанні. Назва студыі абгульвае адзін з сімвалаў кандзі («虫»), які сустракаецца ў запісу імя Осаму.

У 1989 годзе, ва ўзросце 60-ці гадоў, Тэдзука памёр ад раку страўніка. У 1994-м годзе ў горадзе Такарадзука, дзе ён вырас, адкрыўся музей яго памяці.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]