Перайсці да зместу

Ватыканская апостальская бібліятэка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ватыканская апостальская бібліятэка
італ.: Biblioteca Apostolica Vaticana[1]
Сіксцінскі салон бібліятэкі
Сіксцінскі салон бібліятэкі
Краіна
Адрас Італія, 00120 Ватыкан, Cortile del Belvedere
Заснавана 1475
Філіялы R. Pfister Collection[d] і Ватыканскі сакрэтны архіў
Код ISIL IT-RM1360
Фонд
Склад фонду сярэднявечныя рукапісы, гравюры, манеты, карты
Доступ і карыстанне
Умовы запісу гл. наведванне бібліятэкі
Абслугоўванне 9:00 - 17:30 (пн-пт)
Колькасць чытачоў да 150 у дзень
Іншая інфармацыя
Дырэктар Рафаэле Фарына
Вэб-сайт vaticanlibrary.va
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ватыка́нская апо́стальская бібліятэ́ка (лац.: Bibliotheca Apostolica Vaticana) — бібліятэка ў Ватыкане, якая мае найбагацейшы збор рукапісаў Сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Бібліятэка, заснаваная ў XV стагоддзі Папам Мікалаем V, увесь час папаўняецца, і ў наш час яе фонды налічваюць каля 1 600 000 друкарскіх кніг, 150 000 манускрыптаў, 8 300 інкунабул, больш 100 000 гравюр і геаграфічных карт, 300 000 манет і медаляў[4][заўв 1]. Да бібліятэкі адносіцца Ватыканская школа бібліятэкараў і лабараторыя па рэстаўрацыі і аднаўленню важных манускрыптаў (факсіміле).

Узнікненне бібліятэкі

[правіць | правіць зыходнік]
Выява Фрыдрыха II з яго кнігі «De arte venandi cum avibus» («Пра мастацтва палявання з птушкамі»), канец XIII стагоддзя

Пачатак збору (архіўныя дакументы, літургічныя кнігі ў выглядзе скруткаў лац.: Volumina) Ватыканскай бібліятэкі было пакладзена ў IV стагоддзі: тады ў Латэранскім палацы быў сабраны архіў, які згадваўся яшчэ пры Папу Дамасіі I (384 год)[5]. У VI стагоддзі за зборам манускрыптаў стаў назіраць дзяржаўны сакратар Ватыкана (лац.: Primicerius Notariorum), а ў VIII стагоддзі з'явілася пасада бібліятэкара Ватыкана. Бібліятэка Папы Баніфацыя VIII складалася з кодэксаў, упрыгожаных мініяцюрамі, у тым ліку 32 грэчаскіх манускрыпта са збору Фрыдрыха II[6]. У верасні 1303 года частка яго збораў пацярпела ад рабавання. У 1310 годзе Папа Клімент V загадаў перанесці 643 каштоўных рукапісы ў Асізі, але ў 1319 годзе на горад напалі гібеліны, пасля чаго шматлікія дакументы з гэтай калекцыі таксама былі згублены.

У 1318 годзе Папа пачаў збіраць трэцюю бібліятэку Ватыкана. У Авіньёне бібліятэка размяшчалася ў бібліятэчнай вежы палаца. Папа Ян XXII валодаў зборам кніг, створаным для курыі. Пазней частка кніг была перавезена ў Ватыкан, у тым ліку апошнім авіньёнскім Папай Рыгорам XI, аднак большасць засталася ў Авіньёне і пазней увайшла ў Нацыянальную бібліятэку Францыі і збор сям'і Баргезэ (вернута ў Ватыкан у 1902 годзе і з'яўляецца дагэтуль часткай апостальскай бібліятэкі).

Заснаванне сучаснай калекцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Заснавальнікам сучаснай (чацвёртай) Ватыканскай бібліятэкі лічыцца Папа Мікалай V, абраны ў сакавіку 1447 года. Пры яго папярэдніку Папе Яўгенію IV было выяўлена 350 твораў на латыні, грэчаскім і іўрыце. Гэтыя рукапісы і асабісты збор Папы Мікалая V склалі аснову Ватыканскай бібліятэкі, усяго 800 манускрыптаў на латыні і 353 на грэчаскім. Папа значна пашырыў калекцыю манускрыптамі з Еўропы і з Усходу, так, напрыклад, па яго загаду граматык Альберта Энок д'Асколі (італ.: Alberto Enoch d'Ascolli) адправіўся на пошукі ацалелых збораў з імператарскай бібліятэкі Канстанцінопаля[6]. Фармальна грамадская бібліятэка была заснавана 15 чэрвеня 1475 года булай Папы Сікста IV «Ad decorem militantis Ecclesiae», тады збор складаў 2527 твораў. У 1481 годзе калекцыя налічвала ўжо 3500 манускрыптаў, у гэтым жа годзе былі пабудаваны некалькі новых памяшканняў, якія атрымалі назвы па захоўваемых у іх калекцыям: грэчаская, лацінская, сакрэтная і папская бібліятэкі. Зборы можна было агледзець на месцы пад строгім наглядам. Першым бібліятэкарам Ватыканскай бібліятэкі Папай Сікстам IV быў прызначаны гуманіст Барталамеа Плаціна.

Пасланцы Папы Льва X адправіліся на пошукі манускрыптаў па ўсёй Еўропе. У лістах Папа пісаў, што сваім найвялікшым доўгам лічыць павелічэнне колькасці копій антычных аўтараў для таго, каб падчас яго пантыфікату лацінізм змог нанова заквітнець[7]. Падчас рабавання Рыма ў 1527 годзе, бібліятэка, якая налічвала на той момант 4 тысячы манускрыптаў, падверглася спусташэнню, мноства манускрыптаў было пашкоджана[8]. У 1588 годзе Папа Сікст V даручыў архітэктару Даменіка Фантана пабудаваць новы будынак для бібліятэкі. Новы вялікі будынак размяшчаўся насупраць старой бібліятэкі, для захоўвання манускрыптаў прадугледжваліся адмысловыя драўляныя шафы. Папа Сікст V ахвотна параўноўваў сябе з заснавальнікамі такіх знакамітых бібліятэк, як александрыйская, рымская і афінская[9].

Развіццё з XVI стагоддзі

[правіць | правіць зыходнік]

Напачатку XVII стагоддзя, пры Папе Паўлу V пад захоўванне архіўных дакументаў быў выдзелены асобны будынак. Так пачалася гісторыя Сакрэтнага архіва, размешчанага за брамай Св. Ганны. У XVII стагоддзі ўзнікла традыцыя перадаваць у Ватыканскую бібліятэку прыватныя калекцыі і каралеўскія зборы. Так, фонды бібліятэкі значна папоўніліся ў 1623 годзе, калі курфюрст Баварыі Максіміліян I падарыў Папе Рыгору XV вялікую частку захопленай ім Гайдэльбергскай бібліятэкі (так званая лац.: Bibliotheca Palatina — Палацінская бібліятэка) у знак падзякі за дапамогу ў Трыццацігадовай вайне. У 1815 годзе з Палацінскай бібліятэкі былі вернутыя ў Гайдэльберг 38 лацінскіх і грэчаскіх манускрыптаў, а таксама манускрыпты па гісторыі горада на нямецкай і лацінскай мовах. У 1657 годзе пры Папе Аляксандры VII у Ватыкан з Урбіна была пераведзена так званая Урбінская бібліятэка, якая ўяўляла сабой багатую калекцыю рукапісаў эпохі Адраджэння (1767 тэкстаў на латыні, 165 на грэчаскай, 128 на іўрыце і арабскай[10]), заснаваную герцагам Урбіна Федэрыга да Мантэфельтра.

Крысціна, каралева Швецыі

У 1689 годзе калекцыя папоўнілася зборам шведскай каралевы Крысціны (Аляксандраўскае аддзяленне). Каралева правяла апошнія гады жыцця ў Рыме і адпісвала свой збор (часткова сабраны яе бацькам у паходах на Германію і Польшчу, аднак вялікая частка была сабрана ёю падчас знаходжання ў Фантэнбло[6]) кардыналу Дэчыа Ацаліні, пляменнік якога Пампеа прадаў у 1690 годзе кнігі Папе Аляксандру VIII. Папа пакінуў частку калекцыі ў сваю чаргу свайму пляменніку кардыналу П'етра Атабоні. Кнігі каралевы Крысціны, у складзе якіх збор «Атабаніяна» (італ.: Fondi Ottoboniano; 3394 лацінскіх і 473 грэчаскіх манускрыпта), а таксама збор «Капаніяна» (італ.: Capponiano; 288 рукапісаў са збору фларэнційскага маркіза Алесандра Капоні (італ.: Alessandro Capponi) папоўнілі ў 1759 годзе фонды бібліятэкі.

Codex Assemani, XI стагоддзе

У 1715 годзе Кліментам XI была арганізавана экспедыцыя ў Сірыю і Егіпет, якую ўзначаліў Іосіф Асемані. За два гады працы ў манастырах Нітрыйскай пустыні, Каіры, Дамаску, Ліване ім было сабрана каля 150 найкаштоўных манускрыптаў, якія папоўнілі збор Ватыканскай бібліятэкі. Папа Клімент XIII далучыў усю калекцыю братоў Асемані, якая складала ў тым ліку 202 сірыйска-халдзейскіх, 180 арабскіх і 6 турэцкіх манускрыптаў.

Напалеонаўскія войны сталі фатальнымі для збораў бібліятэкі: у 1797 годзе 500 манускрыптаў былі канфіскаваны французскай дырэкторыяй. Аднак у 1815 годзе вялікую частку вывезенага, за выключэннем 36 манускрыптаў, атрымалася вярнуць у Ватыкан.

Бібліятэка ў XIX і XX стагоддзях

[правіць | правіць зыходнік]

У 1855 годзе збор бібліятэкі папоўнілася набытай калекцыяй кніг графа Чыканьяра (італ.: Cicognara) і 1445 рукапісамі кардынала Анджэла Май (італ.: Angelo Mai), былога галоўнага бібліятэкара Ватыканскай бібліятэкі (1819—1854 года).

З абраннем Папай Льва XIII пачалася мадэрнізацыя бібліятэкі: адкрылася чытальная зала для друкарскіх кніг, заснавана лабараторыя па рэстаўрацыі манускрыптаў, былі ўведзены правілы каталагізацыі манускрыптаў, якія дзейнічаюць і дагэтуль. У 1891 годзе Папа набыў калекцыі графаў Баргезэ: каля 300 скруткаў старой Авіньёнскай бібліятэкі, а ў 1902 годзе за 525 тысяч франкаў архівы кардынала Франчэска Барберыні (італ.: Fondo Barberiniano): 10041 лацінскіх, 595 грэчаскіх і 160 усходніх рукапісаў разам са старымі кніжнымі паліцамі[6]; пазней італ.: Codices Reginæ, Capponiani, Urbinates, Ottoboniani (3394 лацінскіх і 472 грэчаскіх манускрыпта), збор Сіксцінскай капэлы — італ.: Fondo della Capella Sistina (калекцыя па гісторыі музыкі). Пасля Першай сусветнай вайны былі ўведзены адзіныя нормы каталагізацыі друкарскіх выданняў (лац.: «Norme per il catalogo degli stampati»).

Пры Аапе Яне XXIII было набыта некалькі калекцый, у тым ліку італьянскія рукапісы са збору Тамара дэ Марыні (італ.: Tammaro de Marini), калекцыя драматычных твораў на персідскай мове і эфіопскіх манускрыптаў вучонага Энрыка Чэрулі (італ.: Cerulli Persiani і Cerulli Etiopici), а таксама Вісконці і Мацучэлі (італ.: Visconti, Mazzucchelli), у 1922 годзе — Расіяна (італ.: Rossiana; па імі яе гаспадара, рымскага двараніна Джавані Франчэска дэ Росі; 1195 манускрыптаў, 6 тысяч рэдкіх выданняў, 2139 інкунабул).

У 1923 годзе да бібліятэкі была далучана Бібліятэка Кіджы (італ.: Biblioteca Chigiana; 33 тысяч адзінак, сабраных пераважна Флавіа Кіджы з Сіены), у 1926 годзе — збор Фераёлі (італ.: Fondo Ferraioli) (885 манускрыптаў і 100 тысяч аўтографаў, усяго больш 40 тысяч адзінак), у 1940 годзе — архіў сабора Святога Пятра (італ.: Fondo Archivio del Capitolo di San Pietro) і апошні буйны збор манускрыптаў, грамат і аўтографаў італьянскага гісторыка Федэрыка Патэты (італ.: Fondo Patetta, які змяшчае ў тым ліку рукапісы па гісторыі П’емонта)[7], у 1953 — архіў княжацкага сямейства Распільёзі.

Задачы Ватыканскай бібліятэкі

[правіць | правіць зыходнік]
Фрэска «Папа Сікст IV прызначае Плаціну прэфектам бібліятэкі», Мелоца да Форлі, каля 1477

Усе асноўныя функцыі і задачы бібліятэкі, апісаныя ў буле «Ad decorem militantis Ecclesiae» Папы Сікста IV ад 15 чэрвеня 1475 года, працягваюць дзейнічаць і ў наш час:

" Ad decorem militantis Ecclesiae, fidei catholice augmentum, eruditorum quoque ac litterarum studiis insistentium uirorum commodum... "

У задачы і абавязкі бібліятэкі ўваходзяць:

  • захаванне і ахова культурных каштоўнасцяў;
  • папаўненне калекцыі манускрыптамі, кнігамі і прадметамі шляхам куплі, абмену і дарэння;
  • даследчая праца збораў і магчымасць навуковых публікацый;
  • паданне збору вучоным з усяго свету і абнаўленне тэхнічных сродкаў.

Залы бібліятэкі

[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова залы бібліятэкі Папы Мікалая V былі ўпрыгожаны фрэскамі Даменіка Гірландаё, Мелоца да Форлі і Антаніяца Рамана. З пашырэннем фондаў бібліятэка атрымала новы будынак, пабудаваны ў 1587 годзе Даменіка Фантана. З-за недахопу месца двухпавярховы будынак быў пабудаваны папярок двара Бельведэра, такім чынам разбурыўшы архітэктурную кампазіцыю позняга Рэнесансу працы Брамантэ.

Памяшканні бібліятэкі[11]:

Рымская фрэска ў Зале шлюбу Альдабрандзіні
  • Зала шлюбу Альдабрандзіні (італ.: Sala delle Nozze Aldobrandine) з'явілася ў 1611 годзе пры Папе Піі V. У 1817 годзе памяшканне было адрэстаўравана для захоўвання медных гравюр, а ў 1818 годзе ў гэту залу былі перанесены антычныя фрэскі «Шлюб Альдабрандзіні» (эпохі Аўгуста), якія, магчыма, адлюстроўваюць вяселле Аляксандра Македонскага і Раксаны[12]. Назва фрэскі, знойдзенай у 1604 годзе на Эсквілінскім узгорку, узыходзіць да яго першага ўладальніка — кардынала П'етра Альдабрандзіні і сюжэту фрэскі, які адлюстроўвае цырымонію шлюбу. У зале таксама прадстаўлены фрэскі (каля IV да н. э.), якія адлюстроўваюць сцэны з «Адысеі», столь упрыгожаны фрэскай Гвіда Рэні «Подзвігі Самсона».
  • Зала папірусаў (італ.: Sala dei Papiri) (1774 год) — тут пры Папе Кліменце XIV захоўваліся «равенскія папірусы» VI—IX стагоддзяў. Роспісы столі працы Рафаэля Менгса адлюстроўваюць заснаванне новага Музея Клімента. У дзвюх вітрынах залы экспануюцца залатыя кубкі з выявамі свецкіх, іўдзейскіх і хрысціянскіх сцэн.
  • Зала Аляксандра (італ.: Sala Alessandrina) — пабудавана ў 1690 годзе пры Папе Аляксандры VIII, распісана ў 1818 годзе Даменіка дэ Анджэліс (італ.: Domenico de Angelis). На фрэсках намалявана гісторыя Папы Пія VI, які патрапіў у палон Напалеона, сцэны яго ссылкі і смерці ў выгнанні (1799 год).
  • Залы Паўла (італ.: Sale Paoline) — две залы, распісаныя Джавані Батыста Рычы сцэнамі пантыфіката Папы Паўла V.
  • Сіксцінскія залы (італ.: Sale Sistine).
  • Галерэя Урбана VIII (італ.: Galleria di Urbano VIII) — служыць для захоўвання Палацінскай бібліятэкі. Ля вокнаў галерэі размешчаны астранамічныя інструменты.
  • Музей сакральнага мастацтва апостальскай бібліятэкі (італ.: Museo sacro della Biblioteca Apostolica) — заснавана ў 1756 годзе Папай Бенедыктам XIV для размяшчэння збору раннехрысціянскіх артэфактаў: кубкі, бронзавыя і гліняныя лямпы, вырабы са шкла і металу, абраз святога Феадора (мазаіка на воску, XII—XIII стагоддзі).
  • Музей свецкага мастацтва апостальскай бібліятэкі (італ.: Museo Profano della Biblioteca Apostolica) — выставачная зала з рознымі рымскімі і этрускімі артэфактамі.
  • Капэла Пія V (італ.: Capella di Pio V) — капэла распісана Якопа Цукі па эскізах Джорджа Вазары ў 1566—1572 гадах. У вітрыне выстаўлены ёмістасці для захоўвання рэліквій з капэлы Санкта-Санкторум з сярэднявечнага Латэранскага палаца. Каштоўныя сасуды, упрыгожаныя пазалотай і каштоўнымі камянямі, былі перанесены ў Ватыкан у 1905 годзе, рэліквіі засталіся ў новых сасудах на старым месцы пад алтаром капэлы святога Лаўрэнція. Асаблівую цікавасць уяўляе залаты крыж Пасхалія I, упрыгожаны эмаллю з выявай дзяцінства Хрыста, а таксама сярэбраны рэлікварый для захоўвання галавы святы Пракседы, упрыгожаны выявамі апосталаў і рэльефамі (XI стагоддзе, Візантыя).
  • Галерэя Клімента (італ.: Galleria Clementina) — галерэя, пабудаваная пры Папе Кліменце XII, пры Піі VI падзелена на 5 зал. Сцены ўпрыгожваюць фрэскі з выявай сцэн пантыфіката Пія VII працы Д. Дэ Анджэліс.
  • Сіксцінскі салон (італ.: Salone Sistino) — зала ў стылі маньерызму, спраектавана для захоўвання манускрыптаў і кніг, 70 метраў даўжынёй і 15 шырынёй. Салон багата ўпрыгожаны фрэскамі з выявай старажытных бібліятэк (у Александрыі, Афінах, Рыме) і іх заснавальнікаў (апостал Пётр на ёй, напрыклад, засноўвае Ватыканскую бібліятэку[11]), сцэн адкрыцця новых алфавітаў, сусветных сабораў (да 1587 года) і сучасных краявідаў рымскіх помнікаў (напрыклад, старога Латэранскага палаца і для параўнання, новага, будаўніцтва якога таксама звязана з Папай Сікстам V), пры гэтым усе намаляваныя персанажы і сцэны забяспечаны подпісамі. Выявы будынкаў, абеліскаў і плошчаў дакладна перададзены ў дэталях, на фрэсках скляпенняў намаляваны гратэскі. Мастакі, якія выканалі роспісы залы, дакладна не вядомыя, магчыма, гратэскі распісваў Праспера Орсі, над фрэскамі працавалі Ліліа, Рычы, Гуэра, Небія і іншыя мастакі. Сёння ў зале размяшчаюцца выстаўкі бібліятэкі.
  • Зала ўслаўленняў Папы Пія IX (італ.: Sala degli Indirizzi di Pio IX) — зала названа так па ўслаўленням (італ.: indirizzi) у адрас Папы, якія раней размяшчаліся там. Сёння ў зале экспануюцца тканіны, галоўным чынам сярэднявечныя фрагменты з капэлы Санкта-Санкторум. Самы стары экспанат — ільняная туніка, датаваная III стагоддзем[11].
  • Зала ўслаўленняў (італ.: Sala degli Indirizzi) — сёння ў вітрынах залы захоўваюцца рымскія і раннехрысціянскія кубкі, вырабы са слановай косці, эмалі і металу: дыптых з слановай косці з Рамбоны, які адлюстроўвае Багародзіцу на троне і распяцце (каля 900 года); статуі Хрыста на троне і 5 апосталаў з пазалочанай медзі, пакрытыя эмаллю і жэмчугам (XIII стагоддзе, некалі ўпрыгожванне алтара старой царквы святога Пятра).
Зборы манускрыптаў[10]:
Скрутак Ісуса Навіна
Vaticani Latini (Лацінскі збор) — 11 150
Vaticani Græci (Грэчаскі збор) — 2 330
Vaticani Arabici (Арабскі збор) — 935
Vaticani Hebraici (Збор на іўрыце) — 599
Vaticani Syraici (Сірыйскі збор) — 472
Vaticani Coptici (Збор на копцкай) — 93
Vaticani Persiani (Персідскі збор) — 83
Vaticani Turcici (Збор на турэцкай) — 80
Vaticani Æthiopici (Збор на эфіопскай) — 77
Vaticani Indiani (Індыйскі збор) — 39
Vaticani Slavi (Славянскі збор) — 23
Vaticani Sinici (Збор на кітайскай) — 20
Vaticani Armeni (Збор на армянскай) — 14
Vaticani Samaritani (Самарыцянскі збор) ? 3
Vaticani Georgiani (Грузінскі збор) — 2
Vaticani Rumanici (Румынскі збор) — 1

Залы бібліятэкі падзелены на наступныя аддзяленні[9]:

  • Bibliotheca latina — тут знаходзяцца тэксты на лацінскай мове;
  • Bibliotheca graeca — манускрыпты на грэчаскай;
  • Bibliotheca secreta — самыя каштоўныя дакументы; доступ наведвальнікаў абмежаваны;
  • Bibliotheca nova pontifica — архіўныя матэрыялы.

У бібліятэцы захоўваецца мноства папскіх актаў, так, напрыклад, каля 4000 тамоў са збору Чыгі (лац.: Fondi Chigiano).

Збор манускрыптаў, усяго каля 50 тысяч, складаецца з закрытай (36 аддзяленняў) і адкрытай частак (16 аддзяленняў)[10], якія, у сваю чаргу, падзелены па мовах манускрыптаў. Адкрытая частка носіць назву «Кодэксы Ватыкана» (італ.: Codices Vaticani), манускрыпты з закрытага аддзялення размеркаваны паводле іх паходжання.

Да буйныя зборам манускрыптаў адносяцца: калекцыі Барберыні (збор Папы Урбана VIII) складае каля 10 тысяч лацінскіх, грэчаскіх, усходніх манускрыптаў (італ.: Barberini Orientales) і інкунабул; у зборы Барджыяні захоўваюцца рукапісы на персідскай, турэцкай, армянскай, арабскай, грузінскай і іншых мовах.

Некаторыя вядомыя манускрыпты Ватыканскай бібліятэкі: Скрутак Ісуса; De arte venandi cum avibus — «Пра мастацтва палявання з птушкамі» Фрыдрыха II; Codex Vaticanus — адзін з самых каштоўных рукапісаў грэчаскай Бібліі, датаваны сярэдзінай IV стагоддзя, у X стагоддзі быў дададзены арнамент, а ў XV стагоддзі рукапіс быў часткова рэканструяваны[4]; Libri Carolini — Каралінгскія кнігі, зборнік у чатырох кнігах аспрэчанняў актаў VII Сусветнага Сабора, а таксама яго вучэння аб іконашанаванні, складзенае па наказе імператара Карла I Вялікага.

Старадаўнія рукапісныя тэксты: з паэтычнымі тэкстамі Вергілія: Vergilius Vaticanus — фрагменты пачатку V стагоддзя былі знойдзены каля 1400 года французскім пісцом, а ў XV стагоддзі ацалелыя часткі Ватыканскага Вергілія былі зноў сабраны ў кодэкс і вярнуліся ў Італію; Vergilius Romanus — фрагменты рукапісу (309 лістоў квадратнай формы, 33 х 33 см.), якія ўключаюць творы Вергілія з «Энеіды» і «Георгік» («Georgies»), па стылі і мастацкаму адлюстраванню (19 каляровых ілюстрацый), якія адносяцца меркавана да канца IV стагоддзя[4]. Месца яго стварэння сапраўды не ўстаноўлена, магчыма, пачынаючы з IX стагоддзя да канца XV стагоддзя ён захоўваўся ў бібліятэцы манастыра Сен-Дэні[13]. Ватыкану манускрыпт быў перададзены пры Папе Сіксце IV.

Рукапісы з творамі Цыцэрона, Тэрэнція, Гамера, Арыстоцеля, Еўкліда, папірус Бодмера — які змяшчае найстаражытнейшы тэкст Евангелляў ад Лукі і Яна[14], два экзэмпляра першадрукаванай Бібліі Гутэнберга, сярэдзіны XV стагоддзя; а таксама лісты Тамаша Аквінскага, Петраркі, Мікеланджэла, Рафаэля, некалькі лістоў Марціна Лютэра і Генрыха VIII.

Vergilius vaticanus, «Уцёкі з Троі», ліст 21 Vergilius vaticanus, «Энеіда», ліст 41 Vergilius romanus, ліст 1 Vergilius romanus, «Савет богаў», ліст 234v
Евангелле Барберыні, ліст 125 Біблія Сан-Паола-фуоры-ле-Мура «Таціла руйнуе Фларэнцыю», ліст 36 «Меналогій Васіля II», каля 985 года

Друкарскія кнігі

[правіць | правіць зыходнік]
Збор друкарскіх кніг (у тыс.)[10][заўв 2]:
Bibliotheca Leonina (Бібліятэка Леаніна) — 60-70
Bibliotheca Barberini (Бібліятэка Барберыні) — 25-30
Bibliotheca Palatina (Палацінская бібліятэка) — 10-12
Bibliotheca Zeladiana (Бібліятэка Цэладыяна) — 4-5
Bibliotheca Mai (Бібліятэка Маі) — 25-30
Prima Raccolta (Першая калекцыя) — 10-11
Raccolta Generale (Агульная калекцыя) — 200

Друкарскія кнігі ў Ватыканскай бібліятэцы, размеркаваныя па раздзелах палеаграфіі, гісторыі, гісторыі мастацтва, а таксама класічнай, сярэднявечнай і рэнесанснай філалогіі[15], каталагізаваны і прадстаўлены ў сетцы Інтэрнэт з 1985 года. Каталог утрымлівае 10 тысяч назваў і ілюстрацый сучасных друкарскіх выданняў.

Першыя друкарскія кнігі ў бібліятэцы з'явіліся ў зборы Першай калекцыі (італ.: Prima Raccolta) 1620—1630 гг., пазней былі далучаны кнігі з калекцыі Барберыні, Палацінскай бібліятэкі, Цэладыяны (Zeladiana, па імі кардынала Франчэска Саверына Цэлада (італ.: Francesco Saverino Zelada)), бібліятэкі кардынала Май.

Іншыя калекцыі

[правіць | правіць зыходнік]

У кабінеце медных гравюр (італ.: Gabinetto delle Stampe e dei Designi) размяшчаецца калекцыя малюнкаў і рэпрадукцый, у тым ліку 161 том (да 1793 года) з каля 32 тысячамі лістоў, адсартаваных па школах, і яшчэ 10 тысяч — па жанрах.

«Кругі пекла», адна з 7 ілюстрацый Бацічэлі да «Боскай камедыі» са збораў бібліятэкі (1480—1495 года)

У залах бібліятэкі, у музеях свецкага і рэлігійнага мастацтва бібліятэкі экспануюцца багатыя калекцыі артэфактаў. З 1744 года ў бібліятэку была перанесена калекцыя Папы Бенедыкта XIV, які набыў збор старажытных хрысціянскіх шкляных вырабаў кардынала Гаспарэ Карпенья, які збіраў старажытнасці ў катакомбах. Затым рушыла ўслед калекцыя каштоўных камянёў Веторы (італ.: Vettori). Пазней абедзве калекцыі сталі часткай музея рэлігійнага мастацтва бібліятэкі. У музеі таксама знаходзіцца калекцыя антычных медальёнаў з тонкай залатой праслойкай паміж пластамі шкла, якія адлюстроўваюць сямейныя пары, святых (асабліва часта сустракаецца выява апосталаў Пятра і Паўла), сцэны з Бібліі, а таксама свецкія тэмы, напрыклад, сцэны палявання. Многія з гэтых артэфактаў былі выяўлены ў катакомбах Рыма.

Калекцыя манет і медалёў (італ.: Gabinetto Numismatico) была адчынена ў 1555 годзе, аднак самы вялікі ўклад у збор зрабіў Папа Бенедыкт XIV[10], які набыў велізарную калекцыю грэчаскіх і рымскіх манет кардынала Алесандра Альбані, якая па сваіх памерах саступае толькі калекцыі караля Францыі[6]. Збор увесь час папаўняўся новымі экспанатамі (напрыклад, калекцыяй Ранчы ў 1901 г.). У наш час складаюцца электронныя каталогі для ордэнаў, манет і манускрыптаў[16].

Булай «Ad decorem militantis Ecclesiae» 1475 года Папа Сікст IV таксама афіцыйна прызначыў персанал для кіравання бібліятэкай і рэгулярнае дараванне. Першым афіцыйным кардыналам-бібліятэкарам (італ.: Prottettore della Biblioteca Vaticana) стаў у 1548 годзе Марчэла Чэрвіні італ.: Marcello Cervini).

Папа Леў XIII перадаў паўсядзённыя абавязкі па кіраванні бібліятэкай з рук кардынала-бібліятэкара прафесійным спецыялістам: прэфекту, намесніку і перапісчыкам. У бібліятэцы працавалі шэсць пастаянных перапісчыкаў (лац.: scriptores — па асноўных мовах манускрыптаў, прадстаўленых у бібліятэцы) і пяць — на здзельнай аснове, у абавязкі якіх у тым ліку ўваходзіла навуковае развіццё адпаведных аддзяленняў.

У наш час на чале бібліятэкі стаіць кардынал-бібліятэкар, у штат бібліятэкі таксама ўваходзяць прэфект (па тэхнічных і навуковых пытаннях), намеснік прэфекта, кіраўнікі аддзяленнямі і асобнымі калекцыямі (напрыклад, калекцыяй манет і медаляў), сакратар і казначэй. Таксама існуе савет, які кансультуе кардынала-бібліятэкара і прэфекта па важных пытаннях дзейнасці бібліятэкі.

Захаванне фондаў

[правіць | правіць зыходнік]

У XIX стагоддзі ў бібліятэцы ўпершыню пачаліся працы па рэпрадукцыі манускрыптаў з дапамогай факсіміле: фрагментаў Вергілія, манускрыптаў Дантэ і Петраркі. Аднак запатрабаванне ў ахове і захаванні багатых збораў Папаў адчувалася ўжо з моманту ўзнікнення бібліятэкі. Так у буле Папы прызначаліся адказныя за захаванне збораў і абарону ад насякомых, волкасці і пылі. У 1555 годзе Папа Павел IV афіцыйна ўвёў пасаду рэстаўратара.

З часам стан манускрыптаў стаў пагаршацца таксама з-за карозіі чарніў. Па ініцыятыве Францыска Эрле, прэфекта бібліятэкі (1895—1914 гады), у 1898 годзе была арганізавана міжнародная канферэнцыя, на якой абмяркоўваліся новыя метады рэстаўрацыі рукапісаў. Новая лабараторыя па рэстаўрацыі была заснавана ў 1890 годзе пры Папе Льве XIII (сёння лабараторыя знаходзіцца ў музеі К'ярамонці). У сучаснай лабараторыі кожная фаза рэстаўрацыйных прац суправаджаецца складаннем дакладных карт і лічбавых фатаграфій[17].

Пры Папе Яне Паўлу II былі ўзмоцнены меры па захаванні і кансервацыі збораў бібліятэкі. Для кантролю за кнігамі (напрыклад, пастаўленымі не на сваё месца) у бібліятэцы ўведзена тэхналогія аўтаматычнай ідэнтыфікацыі аб'ектаў — RFID (англ.: Radio Frequency IDentification, радыёчастотная ідэнтыфікацыя)[18].

Сумесна з японскай фірмай была распрацавана новая тэхналогія, якая дазваляе пры дапамозе ўльтрафіялетавых прамянёў чытаць першапачатковыя надпісы перапісаных пергаментаў ці старых дакументаў, нябачныя няўзброеным вокам [19].

Наведванне бібліятэкі

[правіць | правіць зыходнік]

Адкрыты доступ да фондаў бібліятэкі для навукова-даследчай працы гарантуецца Латэранскімі пагадненнямі, фармальнасці наведвання фондаў устанаўлівае Ватыкан. Штодня яе могуць наведаць у сярэднім 150 вучоных і спецыялістаў[20].

Пры сакратарыяце бібліятэкі дзейнічае аддзяленне па допуску да фондаў бібліятэкі: вучоных, выкладчыкаў універсітэтаў і ВНУ, студэнтаў, якія працуюць над доктарскімі дысертацыямі[17].

Бюро па рэпрадукцыях і правах займаецца запытамі на капіраванне для навуковых і навучальных мэт, публікацый, выставак, Інтэрнэту, выкарыстанне ў аўдыё- і відэаматэрыялах. У бюро працуюць два аддзяленні: паслугі прыватнага карыстання і іншыя паслугі.

Фоталабараторыя бібліятэкі можа вырабіць фотакопіі друкарскіх кніг (толькі надрукаваных у 1601—1990 гадах), чорна-белыя фатаграфіі, мікрастужкі, кампакт-дыскі з мікрастужак[21].

Пасля 400 гадоў эксплуатацыі памяшканняў, 17 ліпеня 2007 года яны былі зачынены на тэрміновую рэстаўрацыю, падчас якой былі ўмацаваны падлогі, устаноўлены ліфты і новая сістэма кандыцыяніравання[22]. Пасля рамонту яна была зноў адкрыта 20 верасня 2010 года.[23][24]

  • Ватыканскі сакрэтны архіў некалі з'яўляўся часткай бібліятэкі. У ім захоўваюцца дакументы, якія адносяцца да сярэднявечнай гісторыі, перапіска курыі з папскімі нунцыямі і замежнымі дварамі.
  • Ватыканская школа бібліятэкараў.
  • Ватыканская бібліятэка фільмаў у Ватыкане, заснавана ў лістападзе 1959 года.
  • Ватыканская бібліятэка фільмаў у Сент-Луісе, штат Місуры — калекцыя твораў з апостальскай бібліятэкі Ватыкана.
  1. Для параўнання: Французская нацыянальная бібліятэка: 13 мільёнаў друкарскіх дакументаў, 250.000 манускрыптаў, 890.000 тысяч картаграфічных дакументаў; Брытанская бібліятэка: 327.560 манускрыптаў, 4.330.660 картаграфічных адзінак, 32.779 малюнкаў; Нацыянальная цэнтральная бібліятэка Рыма: каля 84.000 манускрыптаў, 2.000 інкунабул.
  2. Пералічаныя зборы з’яўляюцца закрытымі, акрамя бібліятэкі Леаніна
  1. https://web.archive.org/web/20221226144622/https://www.cenl.org/member-libraries/
  2. libraries.org: A directory of libraries throughout the world Праверана 30 сакавіка 2021.
  3. WorldCat — 1971. Праверана 30 сакавіка 2021.
  4. а б в The European Library. Vatican Library (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2012. Праверана 11.12.2008.
  5. Ватиканская библиотека // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  6. а б в г д Prof. Dr. Peter Zahn. Rom: Bibliotheca Apostolica Vaticana (ням.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2012. Праверана 11.12.2008.
  7. а б Tisserant, Eugene, Theodore Wesley Koch. The Vatikan library. — New Yersey: Snead and company, 1929.
  8. Greith, Karl. Über die Handschriften - Kataloge der Vatikana und anderer römischen Bibliotheken. // sa=X&oi=book_result&resnum=1&ct=result Spicilegium Vaticanum. Beiträge zu nähern Kenntnis der Vatikanishen Bibliothek. — Frauenfeld, 1838. — С. 1-30.
  9. а б Rossi, Fabrizio. Der Vatikan. Politik und Organisation.. — München: C.H. Beck Verlag, 2004. — ISBN 3-406-51483-9.
  10. а б в г д Catholic Encyclopedia. The Vatican Palace, as a Scientific Institute (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2012. Праверана 11.12.2008.
  11. а б в Henze, Anton. Kunstführer Rom. — Stuttgart: Reclam, 1994. — С. 367-371. — ISBN 3-15-010402-5.
  12. Lucentini Mauro. Rom: Wege in die Stadt. Augsburg, Pattloch, 1995. C. 354.
  13. X Legio 1.5 > Библиотека. Публикации > А.Зорич. Позднеантичная и раннехристианская книжная миниатюра (IV—VI вв.)
  14. Ватыканская бібліятэка і Сакрэтны архіў(недаступная спасылка)
  15. Carmela Vircillo Franklin. «Pro communi doctorum virorum comodo: The Vatican Library and Its Service to Scholarship (англ.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 снежня 2005. Праверана 08.12.08.
  16. Новыя тэхналогіі ў бібліятэцы
  17. а б Афіцыйны сайт бібліятэки(нявызн.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2012. Праверана 09.12.08.
  18. Julie Clothier. High-tech security for ancient books (англ.). CNN (20 кастрычніка 2004). — Vatican Library tags collection. Архівавана з першакрыніцы 18 лютага 2011. Праверана 26 лістапада 2008.
  19. BBC NEWS | Europe | Vatican Library closure irks scholars
  20. Бібліятэкі ў XV—XVII стагоддзях / Library.Ru
  21. Гл. на сайце бібліятэкі
  22. Uups! — et orbi: Die verschwundene Bibliothek — SPIEGEL ONLINE — Nachrichten — Panorama
  23. Newsletter 4/2009(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2012. Праверана 6 октября 2010.
  24. Ісус Пікчэрз. Падзеі ў фатаграфіях. Ватыканская апостальская бібліятэка(недаступная спасылка)
  • Grafinger, Christine Maria. Beiträge zur Geschichte der Biblioteca Vaticana. — Città del Vaticano: Bibl. Apostolica Vaticana, 1997. — ISBN 88-210-0668-9.
  • Greith, Karl. Über die Handschriften - Kataloge der Vatikana und anderer römischen Bibliotheken. // Spicilegium Vaticanum. Beiträge zu nähern Kenntnis der Vatikanishen Bibliothek. — Frauenfeld, 1838. — С. 1-30.
  • Henze, Anton. Kunstführer Rom. — Stuttgart: Reclam, 1994. — С. 367-371. — ISBN 3-15-010402-5.
  • von Matt, Leonard. Die Kunstsammlungen der Biblioteca Apostolica Vaticana. Rom. — Koln: DuMont, 1969.
  • Rossi, Fabrizio. Der Vatikan. Politik und Organisation.. — München: C.H. Beck Verlag, 2004. — ISBN 3-406-51483-9.
  • Biblioteca Apostolica Vaticana / Stickler, Alfons Maria. — Stuttgart: Belser, 1986. — ISBN 3-7630-1639-9.
  • Tisserant, Eugene, Theodore Wesley Koch. The Vatikan library. — New Yersey: Snead and company, 1929.