Палац парламента Брэтані
Славутасць | |
Палац парламента Брэтані | |
---|---|
![]() | |
48°06′46″ пн. ш. 1°40′40″ з. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | класіцыстычная архітэктура[d] |
Архітэктар | Germain Gaultier[d] і Саламон дэ Брос[d] |
![]() |
Палац парламента Брэтані (фр.: Palais du parlement de Bretagne) — будынак у Рэне ў стылі французскага маньерызму, пабудаваны для парламента Брэтані ў 1613—1655 гг., адзін з сімвалаў Рэна.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Палац пабудаваны па праекце Жэрмена Гацье, радыкальна перапрацаванаму Саламонам дэ Бросам, аўтарам Люксембургскага палаца ў Парыжы. Аздабленне памяшканняў скончылася толькі ў 1709 годзе.
З 1804 года ў будынку былога парламента (скасаванага ў 1790 г.) засядае Апеляцыйны суд Рэна. Пазней палац неаднаразова перабудоўваўся; так, пры Луі-Філіпе I была разабрана адна са сцен, каб у суд маглі заязджаць паліцэйскія фургоны са злачынцамі. У 1883 годзе будынак суда пасля рэстаўрацыі быў абвешчаны нацыянальным здабыткам.

5 лютага 1994 года палац пацярпеў ад катастрафічнага пажару. Падчас дэманстрацыі брэтонскіх рыбакоў, якая перарасла ў сутыкненні з паліцыяй з бойкамі і разбіваннем шкла, была выпушчана сігнальная ракета, ад якой загарэўся дах Парламента. З-за маніфестацыі, якая доўжылася ўсю ноч, пажарнікі не адразу змаглі наблізіцца да будынка. Нягледзячы на тое, што дах абваліўся, частку габеленаў і твораў мастацтва, якія ўпрыгожвалі інтэр’ер палаца, удалося выратаваць. Рэстаўрацыя заняла 5 гадоў і абыйшлася ў 35 (па іншых даных — 54) мільёнаў еўра.
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

У знешнім і ўнутраным афармленні палаца асноўную ролю адыгрываюць дзве тэмы — магутнасці права і саюза Францыі і Брэтані.
Дах увянчаны пазалочанымі алегарычнымі фігурамі Сілы, Закона, Красамоўства і Правасуддзя. Балюстрада ўпрыгожана гербамі Брэтані (гарнастай) і Францыі (флёр-дэ-ліс), якія чаргуюцца паміж сабой. Да пажару 1994 года апорныя канструкцыі былі драўлянымі, пасля рэстаўрацыі іх зрабілі металічнымі.

Галоўная лесвіца вядзе на другі паверх («паверх знаці», у Заходняй Еўропе ён лічыцца першы), першы паверх у стары час служыў турмой, ён не мае ўпрыгожванняў і мае ўваход толькі з унутранага двара.
Сярод памяшканняў суда, рэстаўраваных пасля катастрафічнага пажару — шырокія судовыя кулуары, шасцівугольная Вялікая палата, залы Савета Вялікай палаты, Апеляцыйнага суда, суда прысяжных. Ва ўсіх гэтых залах столі багата ўпрыгожаны алегарычнымі карцінамі і гербамі, на сценах шматлікіх зал — габелены.

Па парламенце Брэтані лядзяцца турыстычныя экскурсіі. У 2003 годзе яго наведала 30 тысяч чалавек.
Зноскі
- ↑ а б base Mérimée — ministère de la Culture, 1978.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Палац парламента Брэтані