Паўночны паток

«Паўночны паток» (руск.: Северный поток, англ.: Nord Stream) — пара марскіх экспартных газаправодаў, якія праходзяць па дне Балтыйскага мора з Расіі ў Германію праз тэрытарыяльныя воды і выключныя эканамічныя зоны Фінляндыі, Швецыі і Даніі. Яны складаюцца з дзвюх труб даўжынёй 1224 км і дыяметрам 1,22 м кожная. Агульная прапускная здольнасць чатырох нітак складае 110 млрд. м³ прыроднага газу ў год. Магістраль была адным з асноўных маршрутаў паставак расійскага газу на еўрапейскі рынак. Пасля дыверсіі ў 2022 годзе аабодва газаправода не дзейнічаюць[1].
Уладальнікі
[правіць | правіць зыходнік]Аператар і ўладальнік трубаправода — швейцарская кампанія Nord Stream AG (ад ням.: Aktiengesellschaft — акцыянернае таварыства). Гэта сумеснае прадпрыемства «Газпрама» (51 %), нямецкіх канцэрнаў Wintershall Dea AG і E.ON (па 15,5 %), а таксама нідэрландскай кампаніі Gasunie і французскай ENGIE (па 9 %). Штаб-кватэра знаходзіцца ў горадзе Цуг[1].
Гісторыя праекта
[правіць | правіць зыходнік]У 2005 годзе для праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі магістральнага газаправода была створана кампанія North European Gas Pipeline Company, якая пазней змяніла назву на Nord Stream AG. Першапачаткова яе акцыянерамі сталі «Газпрам» (51 %), нямецкія канцэрны BASF і E.ON Ruhrgas (па 24,5 %); у 2008-м да іх далучылася нідэрландская Gasunie, якая набыла па 4,5 % у нямецкіх аператараў, а ў 2010 годзе — французская GDF Suez (цяпер ENGIE), якая атрымала аналагічную долю.
Трубаправод задумваўся як частка буйной газатранспартнай сістэмы «Ямал — Еўропа». Сыравіннай базай Nord Stream стала Баваненкаўскае газакандэнсатнае радовішча на паўвостраве Ямал. Пры гэтым Nord Stream AG займалася рэалізацыяй праекта толькі марскога газаправода: у Расіі яго будаваў «Газпрам», у Германіі — нямецкія канцэрны.
Будаўніцтва сухапутнага ўчастка пачалося ў снежні 2005 года і завяршылася ў красавіку 2010 года. Першую нітку «Паўночнага патоку» магутнасцю 27,5 млрд. м³ пачалі будаваць у красавіку 2010 года, пасля таго як будаўніцтва было ўхвалена ўладамі Фінляндыі і Швецыі. Яе скончылі ў чэрвені 2011-га, камерцыйныя пастаўкі паліва па ёй пачаліся 8 лістапада таго ж года. Другая нітка аналагічнай магутнасці будавалася з мая 2011 па красавік 2012 года, у кастрычніку па ёй быў пушчаны газ. Аб’ём інвестыцый у гэты праект — €7,4 млрд.
У тым жа кастрычніку 2012-га акцыянеры Nord Stream AG прызналі мэтазгоднымі праекты трэцяй і чацвёртай нітак «Паўночнага патоку». Праект Nord Stream-2 быў запушчаны ў 2015 годзе. Яго агульны кошт ацэньвалася на €9,5 млрд, а адзіным акцыянерам выступае «Газпрам». Апроч апошняга інвестарамі выступілі таксама аўстрыйская OMV, нямецкія Wintershall Dea і E.ON (пазней Uniper), брытанская Shell і французская Engie, якія забяспечылі каля паловы фінансавання (€4,75). Зацікаўленасць у пракладцы трубаправода да сваёй тэрыторыі выказала і Вялікабрытанія, аднак у 2014 годзе з-за пагаршэння адносін Расіі з ЕС ад гэтага праекта адмовіліся.
Укладка труб для ПП-2 пачалася ў верасні 2018 года, але завяршылася толькі ў верасні 2021-га, паколькі адкладалася з-за пазіцыі Даніі, якая вылучала шэраг патрабаванняў да будаўніцтва і маршруту (галінку прыйшлося пракласці ў абыход яе тэрытарыяльных вод на поўдзень ад вострава Борнхольм). Транспарціроўка газу па ПП-2 так і не пачалася[1].
Мэты будаўніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- найкарацейшае злучэнне энергасістэмы Еўрапейскага саюза з расійскімі радовішчамі газу праз Балтыйскае мора, якое выключае транспарціровачныя рызыкі;
- спосаб для Расіі дыверсіфікаваць транспартныя каналы ў Еўропу;
- магчымасць прадаваць расійскі газ наўпрост, знізіць кошт транспарціроўкі і залежнасць ад транзітных дзяржаў;
- стабільны рост попыту на газ у Заходняй Еўропе ў спалучэнні са збядненнем уласных запасаў і экалагічнымі абмежаваннямі на распрацоўку новых;
- іміджавыя і палітычныя дывідэнды: да моманту завяршэння будаўніцтва гэта быў найбольш працяглы і магутны падводны газаправод у свеце, а яго ўнікальнай асаблівасцю стала наяўнасць толькі адной кампрэсарнай станцыі — «Партовая», якая не мае аналагаў па магутнасці і працоўнаму ціску[1].
Санкцыі для «Паўночных патокаў»
[правіць | правіць зыходнік]Яшчэ на стадыі будаўніцтва шэраг краін перашкаджалі стварэнню «Паўночных патокаў». Сярод іх — Польшча і краіны Балтыі (Латвія, Літва і Эстонія), якія выступалі супраць павелічэння энергетычнай залежнасці ЕС ад Расіі. Так, у 2007 годзе Эстонія забараніла правядзенне аналізу яе марской эканамічнай зоны перад пракладкай труб. Літва ж запрасіла змяненне маршруту трубаправода таму, што баялася за ўласную экалогію. Супраць «патокаў» таксама выступала Украіна, якая пазбаўлялася патэнцыйных даходаў ад транзіту газу ў Еўропу праз сваю тэрыторыю[1].
Дыверсія на «Паўночных патоках»
[правіць | правіць зыходнік]26 верасня 2022 года кампаніі-аператары зафіксавалі падзенне ціску пры падачы газу ў абедзвюх нітках газаправода ПП і ў адной з нітак ПП-2 у эканамічных зонах Даніі і Швецыі каля дацкага вострава Борнхальм.