Паўстанне дзекабрыстаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Паўстанне дзекабрыстаў
Peterburg, Senate Square, 1825, dec. 14.jpg
Дата

14 (26) снежня 1825

Месца

Санкт-Пецярбург

Вынік

Задушэнне паўстання. Сасланне дзекабрыстаў у Сібір.

Праціўнікі
Паўночнае тайнае таварыства
Маскоўскі лейб-гвардыі полк
Грэнадзёрскі лейб-гвардыі полк
Гвардзейскі марскі экіпаж
Сцяг Расійскай імперыі Расійская імперыя
Сілы бакоў
больш за 3000 чалавек
Commons-logo.svg Decembrists на Вікісховішчы

Паўста́нне дзекабры́стаў (руск.: Восстание декабристов) — спроба дзяржаўнага перавароту, якая адбылася ў Санкт-Пецярбургу, сталіцы Расійскай імперыі, 14 (26) снежня 1825 года. Паўстанне было здзейснена супольнасцю дваран-аднадумцаў (пры падтрымцы вайсковых часцей), ставіла мэтай лібералізацыю расійскага грамадска-палітычнага ладу і недапушчэнне ўступлення на трон Мікалая I. Паўстанне адрознівалася ад змоў эпохі палацавых пераваротаў сваёй рэвалюцыйнай накіраванасцю і мела наймацнейшы рэзананс у расійскім грамадстве, значна паўплывала на грамадска-палітычнае жыццё Мікалаеўскай эпохі.


Міжцарстваванне 1825 года[правіць | правіць зыходнік]

Гл.таксама: Дзекабрысты

Вестка пра смерць цара Аляксандра I прыйшла ў Пецярбург 27 лістапада. Сына ў яго не было (а дзве яго дачкі, Марыя і Лізавета, памерлі ў маленстве). Па законе 1797 года на трон павінен быў уступіць наступны па старшынстве яго брат Канстанцін.

Вестка пра смерць Аляксандра I, атрыманая ў Пецярбургу, заспела членаў Паўночнага таварыства знянацку. У той жа дзень на нарадзе ў Рылеева было вырашана, што калі Канстанцін прыме прастол, то належыць абвясціць усім членам таварыства аб яго фармальным роспуску «і дзейнічаць як мага асцярожней, імкнучыся за два ці тры гады заняць значнае месца ў гвардзейскіх палках». Між тым у Пецярбургу пачалі распаўсюджвацца чуткі пра тое, што Канстанцін адмаўляецца ад прастола, які пераходзіць, такім чынам, да Мікалая. У членаў Паўночнага таварыства ізноў «з'явілася надзея на неадкладнае выступленне», выкарыстоўваючы ў якасці падставы вернасць прысязе Канстанціну. 10 снежня ўжо дакладна стала вядома пра тое, што рыхтуецца «перапрысяга». Пачаліся штодзённыя нарады ў К. Ф. Рылеева, С. П. Трубяцкога і Я. П. Абаленскага, дзе распрацоўваліся розныя варыянты выступлення.[1]

Выступленне прызначылі на 14 снежня — дзень, калі трэба было прысягаць Мікалаю Паўлавічу. 13 снежня быў распрацаваны канчатковы план паўстання. Было вырашана ў дзень прынясення прысягі новаму цару ажыццявіць захоп манарха і Сената і прымусіць іх да ўвядзення ў Расіі канстытуцыйнага ладу.[2]

Паўстанне[правіць | правіць зыходнік]

Прыход мяцежнікаў на плошчу[правіць | правіць зыходнік]

Надышла раніца 14 снежня. Члены тайнага таварыства ўжо знаходзіліся ў сваіх вайсковых часцях і вялі агітацыю супраць прысягі Мікалаю I, дзеля захавання вернасці законнаму імператару Канстанціну. К 11 гадзінам раніцы першымі на Сенацкую плошчу былі выведзены Аляксандрам і Міхаілам Бястужавым і Д. А. Шчэпіным-Растоўскім 800 салдат лейб-гвардыі Маскоўскага палка, якія былі пастроены ў карэ (чатырохвугольнік) каля помніка Пятру I. Вакол помніка і карэ быў пастаўлены загараджальны ланцуг салдат. У гадзіну дня да салдат Маскоўскага палка далучыліся матросы гвардзейскага экіпажа пад камандай капітан-лейтэнанта Мікалая Бястужава (старэйшага брата А. і М. Бястужавых). Услед за імі на плошчу прыбыў лейб-гвардыі Грэнадзёрскі поўк, які прывялі паручнікі Н. А. Паноў і А. М. Сутгоф. Усяго на плошчы сабралася 3 тыс. салдат і матросаў пры 30 афіцэрах (некаторыя з іх не былі членамі тайнага таварыства і далучыліся да паўстання ў апошні момант). Чакалі падыходу іншых вайсковых часцей, а галоўнае — дыктатара паўстання — С. П. Трубяцкога, без яго распараджэнняў паўстанцы не маглі самі дзейнічаць. Аднак на плошчы ён не з'явіўся, і паўстанне засталося без кіраўніка. Паводзіны Трубяцкога, несумненна, адыгралі фатальную ролю ў дзень 14 снежня. Удзельнікі паўстання прынялі гэта як «здраду».[1]

Спробы ўгаварыць мяцежнікаў здацца[правіць | правіць зыходнік]

Мікалай I спрабаваў паўплываць на паўстанцаў угаворамі. Да іх ён накіраваў генерал-губернатара Пецярбурга М. А. Міларадавіча — героя Айчыннай вайны 1812 года. Ён паспрабаваў сваім красамоўствам пахіснуць салдат, і яго місія ледзь была не займела поспех, калі б ён не быў смяротна паранены П. Р. Кахоўскім стрэлам з пісталета.[1]

«Угаворваць» салдат былі пасланыя пецярбургскі мітрапаліт Серафім і кіеўскі мітрапаліт Яўген. Але ў адказ на ўгаворы, па сведчанні дзяка Прохара Іванова, салдаты пачалі крычаць мітрапалітам: «Які ты мітрапаліт, калі на двух тыднях двум імператарам прысягнуў … Не верым вам, ідзіце прэч! ..».

Узброенае супрацьстаянне[правіць | правіць зыходнік]

Пакуль ішлі ўгаворы, Мікалай сцягнуў да Сенацкай плошчы 9 тыс. салдат пяхоты і 3 тыс. конных. Двойчы конная гвардыя атакавала карэ паўстанцаў, але кожны раз іх атакі спыняліся беглым ружэйным агнём. Зрэшты, паўстанцы стралялі ўверх, ды і самі коннагвардзейцы дзейнічалі нерашуча, праяўляючы салдацкую салідарнасць. І астатнія ўрадавыя войскі вагаліся. Ад іх да паўстанцаў прыходзілі парламенцёры і прасілі «пратрымацца да вечара», абяцаючы да іх далучыцца.

Мікалай I, баючыся, што з надыходам цемры «бунт мог перадацца чэрні», аддаў загад выкарыстаць артылерыю. Некалькі карцечных стрэлаў ва ўпор з блізкай адлегласці зрабілі моцнае спусташэнне ў радах паўстанцаў і звярнулі іх ва ўцёкі. К 6 гадзінам вечара паўстанне было разгромлена. Усю ноч пры святле вогнішчаў прыбіралі параненых і забітых і змывалі з плошчы пралітую кроў.[1]

Дзейнічала і Паўднёвае таварыства. 29 снежня паўстаў Чарнігаўскі полк на Ўкраіне, але і гэта паўстанне было разгромлена. Паўстанцы сутыкнуліся з урадавымі войскамі і былі расстраляныя карцеччу.[1]

Памылкі паўстанцаў[правіць | правіць зыходнік]

Кіраўнікі паўстання з самага пачатку рабілі шмат памылак, якія парушылі ўвесь яго план: па-першае, яны не здолелі скарыстацца першапачатковай разгубленасцю ўлад і захапіць ўжо раніцай Петрапаўлаўскую крэпасць, Сенат, Зімні палац, перашкодзіць прысязе Мікалая I у палках, у якіх ішло браджэнне; па-другое, яны не паказалі ніякай актыўнасці ў ходзе паўстання, чакаючы падыходу і далучэння да іх іншых часцей. Перад разгромам паўстання ў іх была цалкам рэальная магчымасць захапіць тыя некалькі лёгкіх гармат, якія былі Мікалаем I падцягнуты да плошчы і па сутнасці справы вырашылі сумны зыход паўстання. Таксама яны не звярнуліся па садзейнічанне да прысутнага на плошчы пецярбургскага люду, які відавочна выказваў ім спачуванне і гатовы быў да іх далучыцца.[1]

Пакаранне дзекабрыстаў[правіць | правіць зыходнік]

Па справе дзекабрыстаў было прыцягнута 579 чалавек. Прызнаныя вінаватымі 287. Пецярым вынесены і прыведзены ў выкананне смяротны прысуд. 120 чалавек былі сасланыя на катаргу ў Сібір або на пасяленне.[1]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]