Перавязка, Перагузна (Vormela peregusna) — млекакормячая жывёла сямейства куніцавых атрада драпежных. Пашырана ў паўднёва-усходняй Еўропе і Азіі. Жыве пераважна ў стэпах, паўпустынях і пустынях (акрамя Аравійскага паўвострава), у норах. Начная жывёла.
Даўжыня цела да 35 см, хваста да 20 см. Тулава тонкае, падоўжанае, ногі кароткія. Хвост пушысты. Афарбоўка яркая, стракатая — на жоўтым фоне рыжыя або бурыя плямы. Корміцца пераважна грызунамі. Нараджае да 8 дзіцянят.