Перайсці да зместу

Польскае таварыства «Асвета» ў Нясвіжы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Польскае таварыства «Асвета» ў Нясвіжы
Polskie Towarzystwo „Oświata” w Neświeżu
Краіна
Сядзіба
Тып арганізацыі асветніцкая
Афіцыйныя мовы польская
Кіраўнікі
Старшыня Юзаф Рэйтан
Віцэ-старшыня Альгерд Свіда
Сакратар Баляслаў Грабоўскі
Скарбнік Казімеж Рамановіч
Заснаванне
Рэгістрацыя 21 снежня 1906
Ліквідацыя
Дэлегалізацыя 1909 альбо 1910
пасля дэлегалізацыі дзейнічала падпольна

Польскае таварыства «Асвета» ў Нясвіжы, Таварыства «Асвета», альбо «Асвета» (польск.: Polskie Towarzystwo «Oświata» w Neświeżu) — польская грамадская арганізацыя, заснаваная ў 1906 годзе, якая дзейнічала ў Нясвіжы і на тэрыторыях Навагрудскага, Слуцкага, часткова Мінскага паветаў Мінскай губерні Расійскай імперыі. Задачай «Асветы» было адукаваць жыхароў гэтых зямель (асабліва дзяцей) у духу польскасці, а таксама ўзмацняць і распаўсюджваць на гэтых тэрыторыях польскую культуру, мову і нацыянальную свядомасць. Арганізацыя сустрэла негатыўнае стаўленне з боку расійскай улады, таму што ўзмацненне польскасці на ўсходніх землях былой Рэчы Паспалітай супярэчыла палітыцы русіфікацыі і асіміляцыі, якую вяла Расія. Пад канец 1909 альбо на пачатку 1910 года дэлегалізавана, перайшла да падпольнай дзейнасці.

Грамадска-палітычныя абставіны

[правіць | правіць зыходнік]

12 снежня 1904 года, калі ў Расійскай імперыі насталі так званыя «свабодніцкія часы», быў выдадзены царскі ўказ, які часткова адмяняў абмежаванні на навучанне польскай мове. Дазвалялася выкладаць яе ў пачатковых і сярэдніх школах як неабавязковы прадмет за дадатковую высокую плату пасля ўрокаў. Стаўка залежала ад таго, колькі бацькоў выказала жаданне пасылаць дзяцей на заняткі[1]. Такія ўмовы не адпавядалі асветніцкім памкненням супольнасці мінскіх палякаў, якія спадзяваліся навучаць дзяцей роднай мове і выхоўваць іх у польскім патрыятычным духу. Пачалі тады стварацца польскія сакрэтныя школкі, якія навучалі польскай мове, гісторыі і культуры, а таксама ўзмацнялі польскую нацыянальную свядомасць. Паводле рапартаў царскай паліцыі, у Мінскай губерні яны былі шырока распаўсюджаны[2].

4 сакавіка 1906 года быў выдадзены ўказ, які спрашчаў стварэнне грамадскіх арганізацый. У сувязі з гэтым польскія асветніцкія дзеячы стварылі ў Нясвіжы Польскае таварыства «Асвета», якое была афіцыйна зарэгістравана расійскімі ўладамі 21 снежня 1906 года. Яго мэтай было дапамагаць сакрэтным польскім школкам на тэрыторыях Навагрудскага, Слуцкага, часткова Мінскага паветаў Мінскай губерні Расійскай імперыі. У склад першага кіраўніцтва арганізацыі ўвайшлі: старшыня — Юзаф Рэйтан; віцэ-старшыня — галоўны адміністратар Радзівілаў Альгерд Свіда; сакратар — Баляслаў Грабоўскі; скарбнік — Казімеж Рамановіч. Члены арганізацыі падкрэслівалі неабходнасць адкрываць аддзяленні ў вёсках і засценках, не толькі ў фальварках[3].

У Таварыстве адбылася дыскусія, на якой мове вучыць беларускіх дзяцей. Канчаткова было прынята рашэнне, што Таварыства будзе займацца развіццём толькі польскамоўнай асветы, але адначасова не будзе прымушаць карыстацца польскай мовай тых, хто хацелі б вучыцца па-беларуску[3].

Стаўленне з боку насельніцтва

[правіць | правіць зыходнік]

Стаўленне карэннага насельніцтва Мінскай губерні да асветніцкай дзейнасці Таварыства «Асвета» звычайна было пазітыўным. Бацькі ахвотна выпраўлялі сваіх дзяцей на вучобу ў нелегальных польскіх школах, нягледзячы на тое, што ў выпадку раскрыцця гэтай дзейнасці расійскай паліцыяй ім пагражала пакаранне. Часам, аднак, здараліся выпадкі даносаў уладам на народных настаўніц. Часам даносілі нават ксяндзы і абшарнікі, якія традыцыйна асацыяваліся на гэтых землях з польскасцю. Імаверна, імі кіраваў страх перад рэпрэсіямі альбо асветай ніжэйшых пластоў грамадства, што абшарнікі маглі разглядаць як шкоднае для іх інтарэсаў. Аднак гэта былі адзінкавыя выпадкі. Здаралася таксама, што сяляне тлумачылі адпраўку сваіх дзяцей у польскія школы тым, што «так хацеў пан»[3].

Супраць развіцця польскай адукацыі пратэставалі некаторыя расійскія арганізацыі, у тым ліку чарнасоценцы. 2831 жніўня 1908 года ў Мінску адбыўся сход «праваслаўнага брацтва», які прапанаваў зрабіць больш жорсткай адказнасць за сакрэтнае навучанне. Негатыўныя каментары з’яўляліся таксама ў расійскай прэсе[4].

Стаўленне з боку расійскай улады

[правіць | правіць зыходнік]

Хаця Таварыства было легалізаванае расійскімі ўладамі, гэта не значыла, што яго праца на карысць узмацнення польскасці ацэньвалася прыхільна. Улада меркавала, што такая дзейнасць з’яўляецца «перашкодай у асіміляцыі польскай стыхіі рускаю», і рознымі спосабамі стварала цяжкасці ў дзейнасці «Асветы» і іншых падобных арганізацый у заходняй частцы Расійскай імперыі. Праводзіліся несупынныя і падрабязныя праверкі, падчас якіх шукаліся парушэнні статуту, што дало б падставу для закрыцця Таварыства. Увесну 1909 года мінскі губернатар, аднак, палічыў, што закрыць «Асвету» будзе цяжка, таму што яна не парушае закон, а яе сябры не ствараюць звычайна школ і афіцыйна іх не фінансуюць[4].

У 1909 годзе пачалася масавая ліквідацыя польскіх асветніцкіх арганізацый расійскімі ўладамі. Зліквідавалі «Асвету» ў Вільні, Кіеве, а 5 снежня рашэнне аб самароспуску пад ціскам уладаў прыняло Польскае таварыства «Асвета» ў Мінску. Хутка такі самы лёс напаткаў Таварыства ў Нясвіжы. У рэчаіснасці, аднак, яно перайшло да падпольнай дзейнасці. У той час значна ўзмацнілася барацьба супраць польскага нелегальнага навучання. Гэтыя дзеянні аказаліся эфектыўнымі і прывялі да абмежавання польскай асветы[4].

Зноскі

  1. Życie społeczno-kulturalne. Oświata // Między…. — С. 31—32.
  2. Życie społeczno-kulturalne. Oświata // Między…. — С. 33.
  3. а б в Życie społeczno-kulturalne. Oświata // Między…. — С. 37—38.
  4. а б в Życie społeczno-kulturalne. Oświata // Między…. — С. 39—40.
  • Дар’юш Тарасюк. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918. — Люблін: Выдавецтва Універсітэта Марыі Складоўскай-Кюры, 2007. — 211 с. — ISBN 978-83-227-2629-7.