Помнік у гонар Обальскага камсамольскага падполля
Помнік | |
Помнік у гонар Обальскага камсамольскага падполля | |
---|---|
![]() | |
Краіна |
![]() |
Гарадскі пасёлак | Обаль |
Скульптар | Я. Печкін |
Дата пабудовы | 1968 год |
Вышыня | 6 м |
Матэрыял | бетон |
Помнік у гонар Обальскага камсамольскага падполля — помнік у гарадскім пасёлку Обаль, Шумілінскага раёна.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У Вялікую Айчынную вайну з пачатку 1942 года да жніўня 194З года дзейнічала Обальская падпольная камсамольская арганізацыя «Юныя мсціўцы» (каля 40 чалавек). Створана па ініцыятыве Сіроцінскіх падпольных райкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ з камсамольцаў і моладзі пасёлка Обаль, вёсак Ушалы, Зуі, Масцішча, Ферма.
У чэрвені 1942 года падпольшчыкамі быў выбраны камсамольскі камітэт: Е. С. Зянькова (сакратар), М. С. Дзяменцьева, У. I. Езавітаў, I. В. Езавітаў, Я. Я. Езавітаў, М. П. Лузгіна, З .М. Партнова, Н. А. Азоліна, В. М. Шашкова. Дзейнасцю «Юных мсціўцаў» кіравалі Сіроцінскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. За час існавання арганізацыі камсамольцы правялі 21 дыверсію: узарвалі вадакачку, 3 матавозы, пусцілі пад адхон некалькі эшалонаў, спалілі льнозавод, некалькі мастоў, знішчылі каля 10 аўтамашын. Падпольшчыкі здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, звесткі аб дыслакацыі варожых войск, вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро. Летам 1943 года арганізацыя налічвала 38 чалавек і была падзелена на 3 групы: Обальскую, Масцішчанскую, Ушальскую.
За адвагу і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецкіх войск у Вялікую Айчынную вайну, многія падпольшчыкі камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы» ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, Е. С. Зяньковай і З .М. Партновай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]У 1968 годзе справа ад шашы Гарадок — Невель, у гонар падпольшчыкаў пастаўлены помнік (скульптар Я. Печкін; бетон; вышыня 6 м) — стэла няправільнай формы, на якой размешчаны чатырохфігурны рэльеф з профільнымі выявамі юнакоў і дзяўчат. Разнастайныя адценні драматычных перажыванняў, рашучы і гнеўны выраз твараў перададзены выразнай лініяй. Вобразная кампазіцыя падкрэслівае сілу духу моладзі, якая стала на шлях барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў[1].
Зноскі
- ↑ ПОМНІК У ГОНАР ОБАЛЬСКАГА КАМСАМОЛЬСКАГА ПАДПОЛЛЯ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 сакавіка 2020. Праверана 28 сакавіка 2020.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1985. — С. 471—472.
- Якушаў, У. Героям Обалі прысвячаецца / У. Якушаў // Віцебскі рабочы. — 1964. — 7 ліп. — С. 2.