Праведнікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аўтар Альбер Камю
Перакладчык: Зміцер Колас, 2005
Дзейныя асобы Дора Дулебава
Вялікая княгіня
Іван Каляеў
Сцяпан Фёдараў
Барыс Аненкаў
Аляксей Воінаў
Скуратаў
Фока
Наглядчык
Дата прэм’еры 15 снежня 1949
Месца прэм’еры Тэатр Хеберто, Парыж
Жанр п’еса

«Праведнікі» (фр.: Les Justes) — п’еса французскага пісьменніка Альбера Камю, напісаная ў 19481949 гадах. Прэм’ера п’есы адбылася 15 снежня 1949 у парыжскім тэатры Хеберто.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Дзеянне адбываецца ў 1905 годзе ў Маскве. Група сацыял-рэвалюцыянераў плануе забойства вялікага князя Сяргея Аляксандравіча, кіраванне якога атаясамліваецца з дэспатызмам і тыраніяй. Іван Каляеў, малады тэрарыст, мусіць кінуць загадзя падрыхтаваную бомбу. Кожны з удзельнікаў групы мае сваю ролю, у тым ліку і Дора, якая начыняе прыстасаванне для забойства князя.

Дзея першая[правіць | правіць зыходнік]

На явачнай кватэры тэрарыстаў Аненкаў, Сцяпан, Дора, Воінаў і Каляеў, якія належаць да рэвалюцыйнай групы, плануюць здзейсніць забойства вялікага князя Сяргея Аляксандравіча, калі той будзе ехаць у тэатр. Іван Каляеў павінен кінуць першую бомбу, а Аляксей Воінаў — другую. Паміж Іванам Каляевым і Сцяпанам Фёдаравым завязваецца спрэчка, якая люструе адрозненне поглядаў Альбера Камю (Каляеў) ад меркаванняў Жан-Поля Сартра (Сцяпан).

Дзея другая[правіць | правіць зыходнік]

Дора і Аненкаў назіраюць за хадой аперацыі з кватэры. Выбух не адбываецца. Праз некаторы час Каляеў вяртаецца на кватэру і тлумачыць, што ён не здолеў кінуць бомбу, таму што ў велікакняжацкай карэце знаходзіліся яго пляменнік і пляменніца. Сцяпан Фёдараў моцна абураецца невыкананнем пастаўленай задачы і палемізуе з Каляевым, адзначаючы, што «тысячы расійскіх дзяцей будуць яшчэ гадамі паміраць ад голаду» праз тое, што Каляеў не забіў гэтых двух дзяцей. Паводле агульнай дамоўленасці яны вырашаюць адкласці замах на паслязаўтра.

Дзея трэцяя[правіць | правіць зыходнік]

Двума днямі пазней Каляеў ізноў спрабуе забіць вялікага князя і дасягае гэтага, пасля чаго яго неадкладна арыштоўваюць і кідаюць на зняволенне ў Пугачоўскую вежу Бутырскай турмы.

Дзея чацвёртая[правіць | правіць зыходнік]

У Бутырскай турме Каляеў знаёміцца з іншым арыштантам па імені Фока, які, дзеля скарачэння свайго тэрміну, працуе вешальнікам асуджаных на смерць (за аднаго павешанага яму скасоўваюць адзін год зняволення). Пасля гутаркі з Фокай уваходзіць Скуратаў, начальнік паліцэйскага дэпартамента. Ён размаўляе з Каляевым, раіць яму падпісаць пакаянне ва ўчыненым, але той катэгарычна адмаўляецца. Затым Каляева наведвае вялікая княгіня, жонка забітага Сяргея Аляксандравіча, у размове з якой Іван Каляеў бачыць чалавечы бок свайго забойства. Вялікая княгіня прапаноўвае яму ўзамен на сваё жыццё прызнаць сябе забойцам чалавека, а не рэвалюцыянерам. Каляеў быў крануты размовай з вялікай княгіняй, але застаўся непахісным, бо лічыў забойства вялікага князя толькі актам справядлівасці. Затым ізноў уваходзіць Скуратаў і ставіць наступную ўмову: альбо Каляеў здраджвае сваім сябрам і паведамляе іх месцазнаходжанне, альбо Скуратаў публікуе газетны артыкул, у якім мусіць паведаміцца, што Каляеў пакаяўся ў сваіх учынках перад вялікай княгіняй. Каляеў адмаўляецца ад усіх прапановаў.

Дзея пятая[правіць | правіць зыходнік]

У ноч смяротнага пакарання Каляева Аненкаў, Дора і Сцяпан чакаюць пра яго звестак. Воінаў вяртаецца з-за гэтай жа прычыны. Некаторыя мяркуюць, што Каляеў, мажліва, здрадзіў ім, каб уратаваць сваё жыццё, але Дора цвёрда ўпэўненая, што гэта не праўда. Яе ўпэўненасць хутка пацвярджаецца навіной аб смерці Каляева. Адгэтуль Дора, найбольш мяккі член групы, становіцца прыналежнай хутчэй да пункту гледжання Сцяпана. Яна прагне акунуцца ў тэрарызм і звергнуць тыранію, каб знайсці і ўз’яднацца з Каляевым у смерці.