Птушкагадоўля

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Птушкаферма

Птушкагадоўля — галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца гадоўляй сельскагаспадарчых птушак (курэй, качак, гусей, індыкоў, цацарак і інш.) для атрымання яец, мяса, пер’я і пуху. Дае высокапажыўныя прадукты і каштоўную сыравіну для прамысловасці. Харчовае значэнне маюць пераважна курыныя яйцы, для чаго гадуюць курэй яечнага кірунку. Сельскагаспадарчая птушка вылучаецца хуткаспеласцю, пладавітасцю, высокай аплатай адносна затрат на корм. Для атрымання 500—600 г яечнай масы неабходна менш за 2 кг, а на прыбаўку ў вазе 1 кг жывой масы — 2,5-3 кг поўнакаштоўнага корму.

Птушкагадоўля ўзнікла каля 4-3 тыс.год назад у Індыі, дзе пачалі гадаваць курэй, потым яна распаўсюдзілася на захад і ўсход. За некалькі стагоддзяў да н.э. у Еўропе гадавалі свойскіх курэй, гусей і качак. Індыкі прыручаны ў Амерыцы, у 16 стагоддзі завезены ў Еўропу. Развіццё птушкагадоўлі прывяло да з’яўлення высокапрадукцыйных культурных парод свойскай птушкі: сусекс і доркінг — пароды курэй (Вялікабрытанія), руанскія качкі і тулузскія гусі (Францыя), юрлаўскія галасістыя куры, халмагорскія гусі (Расія). На Беларусі ў 19 стагоддзі птушкагадоўля была малапрадукцыйнай галіной сельскай гаспадаркі. З 1930-х гадоў пачалося развіццё птушкагадоўлі на калгасных фермах; заснаваны інкубатарна-птушкагадоўчыя станцыі, якія забяспечвалі фермы маладняком. З 1971 года арганізаваны вытворчыя аб’яднанні па птушкагадоўлі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]