Птушыны сейм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Птушыны сейм
Жанр Паэма
Аўтар Міхал Карыцкі
Мова арыгінала лацінская
Дата першай публікацыі 1764?

«Птушыны сейм» — эпічная паэма Міхала Карыцкага.

Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]

Паэма «Птушыны сейм» напісана з нагоды абрання Станіслава Панятоўскага каралём Рэчы Паспалітай у 1764 годзе, відаць, адразу ж пасля элекцыі.

Змест[правіць | правіць зыходнік]

Паэма ўяўляе разгорнутую алегорыю, дзе кароль паказаны ў выглядзе арла, а выбарчы сойм — у вобразе птушынага злёту. Птушкі, якіх паўсюль чакаюць няшчасці, разумеючы, што прычынай іх нягод ёсць анархія, адсутнасць адзінага, мудрага і справядлівага важака, вырашаюць абраць яго са свайго асяроддзя. Зляцеўшыся на агульны сход, яны прыходзяць да высновы, што адзіна вартымі тытулу важака могуць быць толькі арлы — яны паўстаюць перад чытачамі як адважныя ваяводы, справядлівыя суддзі і мудрыя кіраўнікі. Абранне аднаго з арлоў, г.зн. Станіслава Панятоўскага, каралём і агульны трыумф з гэтай нагоды завяршаюць паэму.

«Птушыны сойм» складаецца з шэрага эпізодаў, якія пераходзяць адзін у адзін, перапыняюцца маналогамі і дыялогамі персанажаў, апісаннямі. Пасля зачыну ідзе пераказ нягод птушак, якія ў сваіх маналогах наракаюць на розныя жыццёвыя небяспекі. Яны ўсведамляюць, што прычына гэтага — у безуладдзі і празмернай вольнасці, адсутнасці адзінага моцнага кіраўніка. Адна з птушак праслаўляе асобу ўладара. Іншыя, паслухаўшы яе, вырашаюць абвясціць пра агульны сход, каб абраць сабе такога правадыра.

Наступнае падрабязнае апісанне месца сходу і прыбыцця яго ўдзельнікаў істотна запавольвае ход дзеяння, але ў выніку ствараецца выразны фон, на якім будуць разгортвацца падзеі. Далей чытач знаёміцца з асноўнымі дзеючымі асобамі. Пералік персанажаў завяршаецца на паўліне. Яго рэпліка, дзе выказана прэтэнзія на пасад, і адказ сходу, які адхіліў дамаганні ганарлівай птушкі, выклікае актыўную рэакцыю вароны, якая ў сваёй прамове прадказвае будучае панаванне арлоў. Недавер сходу да прарочых слоў прадказальніцы і высоўванне іншых кандыдатур — гэта ключавы момант развіцця дзеяння, які вызначае далейшы ход падзей у паэме. Цяпер арлам застаецца толькі даказаць сваё права на пасад.

Тут сход перапыняецца надыходам ночы. Скарыстаўшыся цемрай, на чараду галубоў[en], што спыніліся на начлег, нападае пугач. Птушкі ловяць драпежніка і судзяць яго. Пры гэтым арлы дэманструюць сваю судовую мудрасць, справядлівасць і непахіснасць. Яны выносяць пугачу смяротны прысуд. Пасля пакарання сход узнаўляецца, але зноў перарываецца нападам куніц. Арлы зараз жа ўступаюць у бітву з небяспечным ворагам і, дзякуючы адвазе і вайсковай хітрасці, адольваюць яго.

Зноў збіраецца сход і зноў спыняецца — цяпер ужо з прычыны навальніцы. Сярод агульнай разгубленасці і жаху толькі арлы застаюцца спакойнымі і непарушнымі, затуляюць сваімі крыламі ад дажджу палахлівых птушак. Пасля заканчэння навальніцы на сойме выступае папугай, які ўслаўляе цноты, толькі што выяўленыя арламі. Ён прапануе абраць каралём кагосьці з іх. Сход аднадушна прымае гэту прапанову. Завяршаецца паэма апісаннем агульнага святкавання і радасці.

Жанравыя асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны герой паэмы — зборны. Гэта арлы, якія сімвалізуюць сабой род Панятоўскіх. Толькі ў фінале з іх вылучаецца адзіны абраннік, пад якім разумеецца Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Характарыстыка арлам даецца праз іх дзеянні. Тыпізацыя цалкам адпавядае класіцыстычнаму ідэалу кіраўніка дзяржавы: мудрасць і справядлівасць, вайсковая доблесць і адвага, клопат пра падданых. Гэтыя якасці і выяўляюцца ў галоўных падзеях «Птушынага сойму» — судзе над пугачом, змаганні з куніцамі, эпізодзе навальніцы.

Паказ сітуацыі ў краіне перад элекцыяй, чаканні, звязаныя з абраннем новага караля, ход саміх выбараў — усё гэта суладна і паслядоўна ўвасоблена ў кароткай эпічнай паэме. Заклік да адзінства дзяржавы і грамадзян пад уладай мудрага і адукаванага манарха ў перыяд унутранага бязладдзя і цяжкага знешняга становішча Рэчы Паспалітай — вось галоўны ідэйны стрыжань твора.

Разнастайнасць зместу, змена форм выкладу, рэтардацыі і адступленні, разгорнутыя параўнанні, нечаканыя павароты ў развіцці дзеяння надаюць паэме займальнасць, трымаюць чытача ў пастаянным напружанні. Займальнасці зместу адпавядае вытанчаная форма. Назіраецца цесная ўзаемасувязь між аб'ектамі, паказанымі ў творы, і ўжытымі выяўленчымі сродкамі. У апісаннях прыроды, батальных сцэнах і прамовах герояў гэтыя сродкі розныя. Аднак можна адзначыць і агульнае: наяўнасць вялікай колькасці рытарычных фігур, складанасць, але разам з тым кампактнасць і сіметрычнасць сінтаксічных канструкцый, багацце і чысціня паэтычнай мовы, развітая сінаніміка і ўдалае ўжыванне тропаў, цудоўная гукавая аранжыроўка.

Як класіцыстычны твор «Птушыны сойм» арыентаваны на антычныя ўзоры і перш за ўсё на творы Вергілія і Авідзія — найвялікшых рымскіх эпікаў. Гэта арыентацыя можа быць выяўлена на ўсіх узроўнях: ад тэматыкі і ідэйнай скіраванасці да лексікі і метрыкі. Варта зазначыць, што фармальныя элементы, якія маюць аналагі ў антычным эпасе, тут трансфармуюцца ў адпаведнасці з новым зместам.

Структура паэмы выяўляе падабенства да старажытнага эпасу: тут ёсць зачын, рэтардацыі і адступленні, разгорнутыя параўнанні, прамовы герояў і інш. Твор напісаны традыцыйным эпічным памерам — гекзаметрам дактылічным. Уражвае прасадычная дасканаласць паэмы, амаль адсутнічаюць рытмічныя недакладнасці.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Парэцкі Я. Міхаіл Карыцкі. Мн., 1991.
  • Жлутка А. Міхал Карыцкі // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. Т. 2. — 2-е выд. — Мн., 2010.