Пуга́ч, філін (Bubo bubo) — від драпежных птушак з атрада совападобных. Самая буйная з соў сусветнай фаўны.[2] Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Палеарктыкі.
Маса каля 3 кг, даўжыня цела 60-75 см, размах крылаў 1,5-1,88 м. Спінны бок у асноўным бура-рыжаваты, брушны — светлы, жаўтавата-вохрысты, з буйнымі чорнымі падоўжнымі і тонкімі цёмнымі папярочнымі палоскамі.
Шлюбныя крыкі ў канцы лютага да сярэдзіны красавіка, вельмі рэдка пазней. У гэты час адзначаецца тры пікі актыўнасці: праз гадзіну пасля заходу сонца, апоўначы і на світанку. Гнёзды размяшчаюцца каля камля дрэў на зямлі, на шырокіх пнях, укрытых парасткамі, на дашчатых насцілах для вулляў на дрэвах, у пакінутых гнёздах чорнага бусла і падворліка, вельмі рэдка ў дуплах старых вербаў. У кладцы 2-3, радзей 4-5 белых яек памерамі 60 x 49,5 мм з шурпатай шкарлупінай. Свежыя і наседжаныя яйкі ў гнёздах у другой палове сакавіка - канцы траўня. Маладняк паяўляецца ў траўні. У канцы траўня ў гнёздах трапляюцца апераныя птушаняты. Сярод корму філінаў знаходзяць рэшткі крыжанак і чыркоў, жаўтагорлай мышы, вадзяных пацукоў, а таксама драчоў.
Зноскі
↑Norberg, R. A. (1977). Occurrence and independent evolution of bilateral ear asymmetry in owls and implications on owl taxonomy. Phil. Trans. R. Soc. Lond. B280 (973): 375—408 DOI:10.1098/rstb.1977.0116