Размовы:Клетка

Змест старонкі недаступны на іншых мовах.
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Клетачны ці клеткавы?[правіць зыходнік]

Добрага часу,

Пакуль рэдактаваў старонку Мітоз, зразумеў, што ёсць неабмеркаванае пытанне наконт ужывання прыметнікаў клетачны і клеткавы у тэкстах па біялогіі на беларускай Вікіпедыі. Першы варыянт, шчыра кажучы, выклікае нейкі падсвядомы маўленчы дыскамфорт... Каб зразумець у чым справа, я крыху пашукаў літаратуру па біялагічнай тэрміналогіі і нормах словаўтварэння. Вось, напрыклад, Наўроцкая І.В. у сваёй кнізе “Беларуская мова: культура маўлення” (2013) сярод пералічаных словаўтваральных асаблівасцяў беларускай мовы згадвае:

“Пераважна выкарыстоўваюцца суфіксы -ав- /-ов- /-ев- (параўнальна з суфіксам -н-): рус. выборочный – бел. выбаркавы (выбарачны), рус. блочный – бел. блокавы (блочны), рус. осколочный – бел. асколкавы.”

Згодна з гэтым, прыметнік клеткавы здаецца больш натуральным для нашай мовы.

З іншага боку, у слоўніках па біялагічнай тэрміналогіі сапраўды можна знайсці клетачны. Напрыклад, у “Кароткім руска-беларускім тлумачальным слоўніку па агульнай біялогіі” (1994) згадваюцца такія тэрміны як “клетачная абалонка” ці “клетачны цыкл”.

Цікава, што абодва варыянты ўжываюцца ў сучасных беларускамоўных тэкстах па медыцыне і біялогіі, якія можна адшукаць у інтэрнэце, у тым ліку на беларускай Вікі (гл. Анатомія).

Нажаль, рэальнасць біялагііі па-беларуску трошкі сумная: тэрміналогіяй грунтоўна не займаліся прыкладна з першай паловы 1990-х гадоў. Гэта значыць што мы вымушаны выкарыстоўваць састарэлыя, нават ненатуральныя формы. Але мне здаецца, што гэта можна палепшыць.

Згодна з напісаным вышэй, прапаную пашырыць выкарыстанне прыметніка клеткавы у кантэксце арыткулаў па медыка-біялагічнай тэматыцы. Напрыклад, дадаць яго як варыянт тэрміна ў артыкулы Клетачная мембрана як “клеткавая мембрана”.

Калі ласка, падязліціся вашымі думкамі на гэты конт. Дзякуй! ADamenikan (размовы) 03:36, 13 лютага 2023 (+03)[адказаць]

Згодна Беларуска-рускаму слоўніку і працам Крапівы словы «клеткавы» і «клетачны» цалкам з’яўляюцца сінонімамі, у той жа час у лексікаграфічнай практыцы прынята падаваць слова «клетачны» ў першую чаргу або як адзіны магчымы варыянт. Мы бачым толькі слова «клетачны» ў ТСБЛМ, ТСБМ, РБС НАН РБ і іншых. Наконт слоўнікаў па біялагічнай тэрміналогіі, мне складана казаць зараз, на што варта арыентавацца, трэба дадаткова паглядзець. Таксама бачу праблему, што слова «клеткавы», у адрозненні ад «клетачны», не фіксуецца ў граматычных слоўніках, нават у граматычнай базе БН-корпуса не знаходжу.
Наконт традыцый словаўтварэння, то не забывайцеся і на традыцыі словаўжывання. І тое, і тое з’яўляецца важнымі фактарамі ў працы тэрмінолагаў, а згодна нарматыўнаму правапісу, на колькі памятаю і магу меркаваць, такое словаўтварэнне з’яўляецца дапушчальным і даволі пашыраным. У любым выпадку, мы можам ударыцца ў нейкія разважанні пра беларушчыну, але гэта не зусім будзе мець нейкае дачыненне да тэрміналагічнай працы, таму тут пажадана пашукаць такія аўтарытэтныя крыніцы (слоўнікі, энцыклапедыі), на працу прафесіяналаў, на што мы зможам у далейшым абапірацца ў прыняцці рашэння.
Таксама, што жа да практыкі словаўжывання, то трэба арыентавацца на прафесійную літаратуру ў першую чаргу і на корпусы (ніяк не на нейкія форумы, публіцыстыку ў інтэрнэце, і тым больш рэкурсіўна спасылацца да Вікіпедыі, гэта ўжо памылка матэматычная). Па корпусах магу сказаць, што слова «клетачны» сустракаем у тэкстах у 4 разы часцей, чым «клеткавы».
Я бы сказаў, што хутчэй за ўсё кансэнсуснай сёння з’яўляецца форма «клетачны», але можна яшчэ падаследаваць пытанне. Пакуль я бы раіў выкарыстоўваць слова «клетачны».
Калі вы захочаце перайменаваць нейкі артыкул, то такую прапанову лепей пакінуць на ВП:Да перайменавання, каб гэтае пытанне пабачыла шырокае кола вікіпедыстаў. Plaga med (размовы) 04:13, 13 лютага 2023 (+03)[адказаць]
Plaga med, дзякуй за ўвагу да размовы. Я як раз днямі гэта пытанне падымала. Калі пад словам кансэнсусная форма вы разумееце кансэнсус у Вікіпедыі, то яго мы яшчэ не вельмі і шукалі. Асабіста на мяне, то клеткавы гучыць і пішацца значна лепей. Але вашы аргументы датычна навуковай традыцыі словаўжывання цалкам слушныя, і мы павінны кіравацца імі, а не ўласным густам, гэта таксама праўда. Шкада, што нашы біёлагі колам сяброў уцягнулі гэта -чн- у маўленне.--Хамелка/ разм. 07:31, 13 лютага 2023 (+03)[адказаць]
Так, я не пра Вікіпедыю, а пра прынамсі лексікаграфічныя традыцыі. Па прафесійнай і навуковай літаратуры па тэме нічога сказаць не магу, але гэта таксама важна.
Я не супраць абедзвюх форм, можа нават «клетка» крыху больш і мне падабаецца, але ў Вікіпедыі бы пісаў «клетачны». Plaga med (размовы) 16:07, 13 лютага 2023 (+03)[адказаць]
Вельмі трапна Д.В.Дзятко апісаў сітуацыю з беларускай тэрмінатворчасцю:
На сучасным этапе навукова-тэхнічную тэрміналогію фіксуюць розныя тэрмінаграфічныя выданні, канцэпцыі якіх выразна адрозніваюцца. У сферы намінацыі тэрмінаў фактычна сутыкнуліся два антаганістычныя метадалагічныя кірункі: «рэфарматарскі» i «традыцыяналісцкі».
«Рэфарматарскі» кірунак характарызуецца выкарыстаннем сродкаў нацыянальнай мовы: дыялектнай i гістарычнай лексікі, асаблівасцей словаўтварэння, фанетыкі i г.д. з выразнай пурыстычнай тэндэнцыяй у дачыненні да рускамоўнага ўплыву. «Традыцыяналісцкі» («нарматыўны») кірунак вызначаецца фарміраваннем i прэзентацыяй тэрмінасістэмы на аснове сродкаў i спосабаў, аптымальных для перыяду мадыфікаванага антыпурызму. ADamenikan (размовы) 03:01, 14 лютага 2023 (+03)[адказаць]
@Plaga med, па-першае, шчыры дзякуй за такі доўгі адказ. Я цягам дзён выстаўлю старонку да перайменавання, паспрабую трохі больш грунтоўна давесці пазіцыю, абапіраючыся на прафесійную біялагічную і медыцынскую літаратуру. Вось дарэчы, а ці можаш падзяліцца спасылкамі на рэсурсы, якія выкарыстоўваеш? Буду шчыра ўдзячны. ADamenikan (размовы) 02:58, 14 лютага 2023 (+03)[адказаць]
Глядзіце ВП:Тэрміналогія, там асноўнае сабрана. Калі зможаце дабрацца да апошніх рэдакцый ТСБМ ці іншай акадэмічнай літаратуры, то будзе яшчэ лепей. Plaga med (размовы) 13:55, 14 лютага 2023 (+03)[адказаць]
Яшчэ вельмі раю ўсім пачытаць Г. Арашонкава, А. Булыка, У. Люшцік, А. Падлужны. Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі (бел.). — Мінск: Беларуская навука, 1999. — ISBN 985-08-0317-7.тг-чаце перакладу Telegram ёсць скан у лепшай якасці ).
Там здаецца таксама ёсць штосьці пра біялагічную тэрміналогію. Яшчэ ёсць кароткія навуковыя публікацыі па тэрміналогіям, можна ў сферы біялогіі пашукаць чаго на тых жа сайтах бібліятэк ВНУ. Plaga med (размовы) 13:57, 14 лютага 2023 (+03)[адказаць]