Цела даўжынёй да 30 см, складаецца з галавагрудзей, брушка і тэльсона. 19 пар канечнасцей выконваюць розныя функцыі: антэнулы (2 пары) служаць органамі нюху і дотыку, сківіцы (3 пары) і нагасківіцы (3 пары) — для ўтрымання і раздраблення корму, першая пара хадзільных ног (5 пар) утварае клюшні, першыя дзве пары брушных ног (6 пар) у самцоў ператварыліся ў капулятыўны орган. Цела карычневае (да чорнага) або аліўкава-карычневае. Галавагрудзі ўкрыты цвёрдым гладкім шчытом без шыпоў, па баках іншы раз пакрыты бугаркамі. Клюшні шырокія, карычнева-чырвоныя знізу, з выемкай на сярэдзіне нерухомага пальца. Сярэдняя даўжыня цела дарослых асобін у вадаёмах Беларусі складае 9-12 см, але можа дасягаць 25-30 см.
Распаўсюджаны ў прэсных вадаёмах на ўсёй тэрыторыі Еўропы. У Беларусі трапляецца спарадычна, часцей у азёрах і рэках паўночнай часткі. Месцы пражывання: чыстыя, пераважна праточныя вадаёмы з рознымі грунтамі, за выключэннем глеістых. Колькасць папуляцый і арэал скарачаюцца. Абмежавальныя фактары: забруджванне вадаёмаў ядахімікатамі, бытавымі сцёкамі і мінеральнымі ўгнаеннямі, меліярацыйныя мерапрыемствы, канкурэнтныя адносіны з вузкапальцым ракам.
Полавая спеласць настае ва ўзросце 3-4 гадоў пры даўжыні самак 8 см, самцоў 7 см. Спароўванне ў кастрычніку, адкладванне ікры праз 10-15 сутак. Сярэдняя плоднасць 160—180 ікрынак. Ікра прымацоўваецца да брушных ножак і выношваецца самкай на працягу 7-8 месяцаў. Да часу вылуплівання лічынак (у пачатку лета) захоўваецца 30-40 % ікры, адкладзенай увосень. Лічынкі да першай лінькі прымацаваны да брушных ножак маці, потым хаваюцца пад брушка толькі пры небяспецы, першы час кормяцца за кошт запасаў жаўтка ў галавагрудзях, рэшткамі яйкавых абалонак, водарасцямі, зоапланктонам. Пасля лінькі ў корме моладзі і старэйшых узроставых груп пераважае раслінны кампанент. Жывёльны корм (зоапланктон, бентас, зрэдку рыба) складае не больш за 15 % і павялічваецца ў перыяд інтэнсіўных энергетычных затрат (размнажэнне, лінька, падрыхтоўка да зімоўкі).