Раскрыццё (рэстаўрацыя)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Раскрыццё гатычнага мура на вежы Мірскага замка

Раскрыццё — сукупнасць работ і мерапрыемстваў па пазбаўленні матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей ад пазнейшых дысануючых напластаванняў. У найпрасцейшых выпадках рэстаўрацыя можа складацца толькі з раскрыцця.

Раскрыццё помніка дапушчальнае толькі ў выпадку, калі выдаляемыя фрагменты не ўяўляюць каштоўнасці ні з архітэктурна-мастацкай, ні з гістарычнага боку або ўяўляюць меншую цікавасць, чым каштоўнасць раскрыванага арыгінала. Выдаляць напластаванні дазволена толькі пасля адкрытага калегіяльнага рашэння з удзелам прафесіяналаў. У выпадку наяўнасці стадыі раскрыцця, аб’ектам рэстаўрацыйнага даследавання заўсёды павінен быць увесь аб’ект, а не толькі яго асобныя элементы, які загадзя прызнаюцца каштоўнымі.

Раскрыццё недапушчальнае, калі яно парушае канструктыўную устойлівасць будынка ці ўплывае на пагаршэнне ўмоў яго захавання.

Неабходна прадугледзець меры па захаванасці раскрытых элементаў ці паверхняў сцен, бо практыка паказвае, што ў новых умовах раскрыты аб’ект трапляе ў больш жорсткі рэжым існавання.

Рэстаўрацыйнае раскрыццё паверхні сцен Сафійскага сабора ў Кіеве

Пасля фрагментарнага выдалення тынкоўкі на фасадах Сафійскага сабора ў Кіеве, Сафійскага сабора ў Полацку, Спаса-Праабражэнскага сабора ў Чарнігаве і іншых помнікаў архітэктуры Кіеўскай Русі, выяўлена першапачатковая фактура старажытнага мура. Раскрыццё ў гэтых выпадках дазволіла выявіць першапачатковую фактуру старажытнага мура, якая мае вялікую эстэтычную выразнасць, і адначасова як бы навочна паказаць сапраўдную старажытнасць збудавання. Падобнага роду раскрыцці, нават малаважныя па аб’ёме, могуць вельмі актыўна ўздзейнічаць на ўспрыманне не толькі асобных збудаванняў, але і гарадскога асяроддзя ў цэлым. Так, раскрыццё ў выглядзе невялікіх зандажоў фрагментаў гатычнага мура на будынках Львова ці Каўнаса спрыяюць стварэнню асаблівай эмацыйнай атмасферы гарадскога ансамбля, прасякнутай адчуваннем гістарычнасці.

Раскрыццё фасадаў царквы Пятра і Паўла ў Кажэўніках у Ноўгарадзе

Вельмі вялікі мастацкі эфект можа даць раскрыццё натуральнай фактуры сцен у аб’ёмах усяго збудавання пры ўмове забеспячэння адпаведных мер захаванасці (напрыклад, выдаленне тынкоўкі са сцен царквы Пятра і Паўла ў Кажэўніках у Ноўгарадзе, вызваленне ад шалёўкі помнікаў народнага драўлянага дойлідства. Правамерна і вызваленне ад закладак праязных арак ці порцікаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Реставрация памятников архитектуры. Подъяпольский С. С., Бессонов Г. Б., Беляев Л. А., Постникова Т. М. М., 2000
  • Мартыненко И. О соблюдении международно-правовых требований // Каштоўнасьці мінуўшчыны-5: Рэстаўрацыя і выкарыстанне помнікаў гісторыі і культуры: Матэрыялы канферэнцыі. Мінск, 17 красавіка 2001 г. — Мн., 2001. ISBN 985-6305-24-1

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]