Перайсці да зместу

Чацвярцінскія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Род Чацвярцінскіх)
Герб «Чацвярцінскія»

Чацвярцінскія, Святаполк-Чацвярцінскія — княжацкі род уласнага герба. Прозвішча ад горада Чацвяртня ў Луцкім павеце, з XVII стагоддзя ўжывалі прыдомак Святаполк. Паходжанне вядуць ад Рурыкавічаў. Родапачынальнікам лічыцца ўнук Яраслава Мудрага вялікі кіеўскі князь Святаполк Ізяславіч (1093—1113), унук якога Юрый Яраславіч быў князем тураўскім. Дакладная сувязь Чацвярцінскіх з нашчадкамі Юрыя, якія валодалі тураўскімі ўдзеламі, не прасочваецца.

Першы вядомы прадстаўнік роду Чацвярцінскіх у Вялікім Княстве Літоўскім — Аляксандр, які разам з іншымі князямі ў 1388 годзе паручыўся Ягайлу за Алехну Дзмітрыевіча. Аляксандр меў сына Івана (упамінаецца ў 1432—1451) і ўнука Аляксандра (упамінаецца ў 1472—1495). Яны і іх нашчадкі мелі маёнткі на Валыні. Родавае гняздо Чацвярцінскіх — Чацвяртня (Старая Чацвяртня); валодалі таксама Баровічамі (Новая Чацвяртня), Сакалем (прадстаўнікі гэтай лініі роду зваліся князямі Сакальскімі), Хлапоцінам, Рагачоўкай, Перамышлем і інш. Вызнавалі праваслаўе, з канца XVII ст. пераходзілі ў каталіцтва.

У 1843—1886 гадах княжацкі тытул Чацвярцінскіх зацверджаны ў Расійскай імперыі.

Вядомыя прадстаўнікі

[правіць | правіць зыходнік]
  • Юрый Іванавіч (? — 1502) — сын Івана Аляксандравіча, намеснік уладзімірскі ў 1502 годзе.
  • Фёдар Іванавіч (? — пасля 1507) — сын Івана Аляксандравіча, намеснік брацлаўскі і звянігарадскі ў 1494—1498 гадах, пасол да валашскага ваяводы ў 1494 годзе.
  • Якаў Андрэевіч (? — да 1616) — сын Андрэя Фёдаравіча, ляснічы пінскі, пасол у Маскву ў 1580 і 1586 гадах.
  • Мікалай (? — 1659) — сын Стафана, кашталян менскі з 1649 года.
  • Сільвестр (у свеце Стафан; ? — 1727) — сын Вацлава, праваслаўны епіскап магілёўскі і беларускі з 1704 года.
  • Гедэон (у свеце Рыгор; ? — 1690) — сын Захара, праваслаўны мітрапаліт кіеўскі з 1685 года.