Ронская нізіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ронская нізіна з ракой Рона

Ронская нізіна (фр.: Vallée du Rhône) — нізіна на паўднёвым усходзе Францыі, цягнецца на 270 км па сярэднім і ніжнім цячэнні ракі Роны, паміж Заходнімі Альпамі і Цэнтральным Французскім масівам.

Алювіяльная нізіна ляжыць у глыбокай тэктанічнай упадзіне, прымеркаванай да закладзенага ў міяцэне Ронскага грабена маладой Заходне-Еўрапейскай платформы. На поўначы складаецца з шэрагу катлавін, падзеленых узвышшамі, на поўдні паступова расшыраецца і зліваецца з Лангедоцкай нізінай[1]. Характэрны рачныя тэрасы, складзеныя пераважна алювіем, месцамі моцна расчлянёныя. Клімат пераходны ад умеранага да субтрапічнага, міжземнаморскага. Ападкаў выпадае 600—800 мм у год, адзначаецца містраль.

Па Ронскай нізіне праходзяць чыгункі і аўтамабільныя шляхі, якія звязваюць поўнач і поўдзень Францыі. Пасевы пшаніцы, кукурузы; сады, вінаграднікі. Буйныя гарады: Ліён, Валанс, Авіньён, Арль.

Зноскі

  1. bigenc.ru(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2020. Праверана 16 снежня 2020.