Мемарыял ахвярам трагедыі на Нямізе
Мемарыял ахвярам трагедыі на Нямізе — мемарыял у Мінску, размешчаны каля ўваходу на станцыю метро «Няміга» з боку плошчы 8 Сакавіка, дзе 30 мая 1999 года адбылася трагедыя, у якой загінулі 53 чалавекі і яшчэ больш за 150 пацярпелі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пасля трагедыі, паводле словаў скульптара Міхаіла Інькова, у якога на Нямізе загінула ягоная 15-гадовая дачкая Марыя, секцыя скульптараў Саюза мастакоў Беларусі аднагалосна прагаласавалі за тое, каб ён стварыў помнік загінулым, але ў выніку працай заняўся тагачасны старшыня Саюза мастакоў, скульптар Генадзь Буралкін[1]. Паводле ўспамінаў самога Буралкіна, прыкладна праз тыдзень пасля трагедыі яго і архітэктара Аляксандра Чадовіча выклікалі да старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Ярмошына, які паставіў задачу стварыць мемарыяльны знак, да якога на 40 дзён пасля трагедыі будуць ускладаць кветкі. Увечары таго ж дня Буралкін і Чадовіч сутрэліся, скульптар прапанаваў зрабіць прыступкі, на якіх ляжаць зламаныя кветкі[2].
Бацькі загінулых, у тым ліку скульптар Інькоў, які ствараў на праваслаўную тэматыку, прапаноўвалі адкрыць ў падземным пераходзе царкву[3].
Першая чарга мемарыяла была ўзведзена па праекце архітэктараў Аляксандра Чадовіча (ППУП «Творчая майстэрня-7»), Святланы Барысовіч, Людмілы Жлоба (УП «Гарархбюро» пры Камітэце архітэктуры, горадабудаўніцтва і землеўпарадкавання Мінгарвыканкама) і скульптара Генадзя Буралкіна[3][4]. Ад ганарару аўтары адмовіліся. Часу на працу было мала, мантаж бронзавых кветак скончыўся 8 ліпеня 1999 года, усяго за некалькі гадзін да ускладання кветак а 10-й раніцы, на якім прысутнічаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка[2].
Інькоў застаўся пакрыўджаным на Буралкіна і вельмі незадаволеным працай[1]:
Тое, што атрымалася, інакш як халтурай назваць не магу. Такія рэчы за два тыдні не робяцца. Калі я ўбачыў гэтыя ружы, быў проста ў шоку. Пасля гэтага я рукі аўтару памятнага знака не падаў. Ён апраўдваўся, што трэба было тэрмінова рабіць замову. Я спытаў, чаму ён не звярнуўся да мяне. Калегі прапанавалі розныя ідэі. Адна з іх — паставіць на месцы трагедыі каплічку… |
Паводле Буралкіна, пасля адкрыцця мемарыяльнага знака Міхаіл Інькоў папярэдзіў, што робіць каплічку, дзе выгравіраваны імёны загінулых[2]. Працы па ўстаноўцы мемарыяльнага знака ў выглядзе каплічкі, ідэя якога належыць Генадзю Лаўрэцкаму, пачаліся 18 мая 2000 года. Яна створана па праекце архітэктараў Святланы Барысовіч, Людмілы Жлоба і Генадзя Лаўрэцкага (УП «Гарархбюро»), якому належыць ідэя, і скульптара Міхаіла Інькова[3].
З устаноўкай пліты завяршылася фарміраванне мемарыяла[3]. У трэцюю гадавіну трагедыі, раніцай 30 мая 2000 года, адбылося адкрыццё мемарыяла ў памяць пра загінулых.
Пасля адкрыцця мемарыяла ў падземным пераходзе на станцыі метро «Няміга» быў прыбраны своеасаблівы народны мемарыял — стыхійна размешчаныя на сценах партрэты загінулых, малюнкі і розныя тэксты — прысвячэнні памяці ахвяр трагедыі[3].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Мемарыял уяўляў сабой гранітныя ступені, па якіх раскіданыя 53 бронзавыя кветкі (42 ружы і 11 цюльпанаў па колькасці загінулых дзяўчын і хлопцаў). На сцяне надпіс «53 рубцы на сэрцы Беларусі. 30 мая 1999 года».
Побач памятны знак у выглядзе капліцы з металічнай плітой унутры, на якой высечаны імёны загінулых і выслоўе з Евангелля паводле Іаана: «Я есмь воскресение и жизнь. Верующий в Меня, если и умрет, оживет. И всякий живущий и верующий в Меня не умрет вовек». Пліта ўвянчана крыжам і ўяўляе сабой своеасаблівы хрысціянскі алтар[3][5].
«Ружачкі» з’яўляюцца папулярным месцам сустрэч гараджан[6].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Памятны знак на ўваходзе ў станцыю метро «Няміга» (Першы этап) адзначаны Дыпломам лаўрэата XII Рэспубліканскага агляду-конкурсу лепшых архітэктурных твораў (пабудовы) 2003—2005 гг., які прайшоў у рамках Нацыянальнага фестывалю архітэктуры «Мінск-2005»[4].
Зноскі
- ↑ а б Михаил Иньков: Я готов сделать памятник Анастасии Слуцкой. Газета «Iнфа-Кур’ер» — 9 февраля 2011(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 чэрвеня 2019. Праверана 8 чэрвеня 2019.
- ↑ а б в «Это была не толпа. Это была давка». 20 лет со дня трагедии на Немиге — самой страшной в истории независимой Беларуси. 30 мая 2019 Архівавана 10 чэрвеня 2019.
- ↑ а б в г д е Открытие мемориала жертвам трагедии на Немиге (руск.). БДГ Деловая Газета (30 мая 2002). Архівавана з першакрыніцы 11.3.2016.
- ↑ а б Итоги ХІІ Республиканского смотра-конкурса
- ↑ Третья годовщина трагедии на Немиге(недаступная спасылка)
- ↑ Знаковые топонимы: каждый минчанин знает, где
- Мемарыяльныя збудаванні Беларусі
- Плошча 8 Сакавіка (Мінск)
- 2000 год у Мінску
- З’явіліся ў 2000 годзе
- Будынкі і збудаванні Людмілы Жлобы
- Будынкі і збудаванні Аляксандра Чадовіча
- Творы Генадзя Буралкіна
- 1999 год у Мінску
- Творы Міхаіла Інькова
- Будынкі і збудаванні Генадзя Лаўрэцкага
- Будынкі і збудаванні Святланы Барысовіч
- З’явіліся ў 1999 годзе