Рымска-каталіцкая духоўная калегія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дом Дзяржавіна на Фантанцы, у якім з 1846 года знаходзілася Рымска-каталіцкая духоўная калегія

Рымска-каталіцкая духоўная калегія — галоўны орган царкоўнага кіравання, існаваў у 18011918 гадах у Расійскай імперыі і займаўся справамі расійскіх каталікоў. На чале калегіі стаяў каталіцкі мітрапаліт магілёўскі.

Папярэднікам каталіцкай духоўнай калегі была Магілёўская рымска-каталіцкая кансісторыя, створаная ўказам Кацярыны II ад 12 мая 1775 года і ў тым жа годзе зацверджаная ў Рыме[1]. Кансісторыя складалася са старшыні (біскупа), аўдытара, пракурора і сакратара. Пазней былі ўтвораны кансісторыі пры іншых расійскіх каталіцкіх епархіях (дыяцэзіях), якія падпарадкоўваліся магілёўскай. Магілёўская кансісторыя была вышэйшым адміністрацыйным органам Каталіцкай царквы ў Расіі ў 1775—1801 гадах, яна вырашала пытанні, звязаныя з хіратоніяй, катэхезай, эканамічныя і судовыя справы[2].

16 ліпеня 1801 года ўказам Аляксандра I была заснавана Рымска-каталіцкая духоўная калегія ў Санкт-Пецярбургу. Яе ўзначальваў магілёўскі мітрапаліт, пад кіраўніцтвам якога дзейнічалі пракурор, два засядацелі і па аднаму прадстаўніку ад кожнай дыяцэзіі (звычайна біскупы), чым забяспечваўся ўдзел вышэйшага кліру ў кіраўніцтве царквой на агульнадзяржаўным узроўні і абмяжоўваліся магчымасці яе развіцця[3]. У функцыі калегіі ўваходзілі збор і рэгістрацыя звестак аб каталіцкіх храмах і кляштарах Расіі, вырашэнне спраў асоб, якія выказалі жаданне прыняць манаства, а таксама асоб, якія жадалі перайсці ў каталіцтва з ісламу, іўдаізму і паганства (пераход у каталіцтва з праваслаўя да 1905 года быў у Расіі забаронены). Калегія таксама вяла фінансавы кантроль сродкаў, якія расходуюцца на патрэбы Каталіцкай царквы ў Расіі, вырашала пытанні будавання новых і рамонту існуючых храмаў. Пры гэтым парадак захавання фінансавых сродкаў рымска-каталіцкай царквы і іх выкарыстання вызначаў міністр унутраных спраў[3]. Мэтай стварэння калегіі было жаданне расійскіх уладаў як мага мацней абмежаваць уплыў Ватыкана на расійскіх каталікоў і перадаць у вядзенне калегіі большасць з тых пытанняў, па якіх кананічнае права Каталіцкай царкве загадвае звяртацца да Святога Прастолу. У прыватнасці была ўведзеная прамая забарона на непасрэдную перапіску з каталіцкім кіраўніцтвам у Рыме як для святароў, так і для простых свецкіх — усе спрэчныя пытанні ў жыцці Каталіцкага Касцёла ў Расіі павінны былі вырашацца толькі праз духоўную калегію. Фактычна Рымска-каталіцкая духоўная калегія ўяўляла сабой аналаг праваслаўнага Сінода, створаны з улікам каталіцкай спецыфікі і які стаіць ніжэй рангам ў іерархіі расійскага чынавенства. На працягу існавання неаднаразова ўздымалася пытанне аб ліквідацыі Калегіі. У 1805 г. і 1811 г. эфектыўнасць і кананічнасць дзейнасці азначанага органа ставілася пад сумніў мітрапалітам С. Богуш-Сестранцэвічам[3].

Станіслаў Іванавіч Богуш-Сестранцэвіч, першы архібіскуп Магілёва і першы кіраўнік Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі

У 1805 годзе калегія была падзеленая на два дэпартаменты — рымска-каталіцкі і грэка-каталіцкі, апошні быў ператвораны ў 1828 годзе ў асобную Грэка-каталіцкую духоўную калегію. З 1846 года Рымска-каталіцкая духоўная калегія месцілася ў будынку па адрасе Набярэжная ракі Фантанкі, дом 118 у былой сядзібе паэта Г. Р. Дзяржавіна, перабудаванай для патрэб калегіі ў 1848—1850 гадах па праекту архітэктара А. М. Гарнастаева[4] (цяпер — Музей-сядзіба Дзяржавіна[5]). Будынак калегіі стаў адной з частак каталіцкага архітэктурнага комплексу, які займаў квартал на поўдзень ад Фантанкі, куды ўваходзілі таксама Сабор Успення Прасвятой Дзевы Марыі, рэзідэнцыя архібіскупа, памяшканні каталіцкай семінарыі і размешчаны паміж імі «Польскі сад».

Хоць калегія лічылася дарадчым органам пры мітрапаліце магілёўскім, які дэ-факта быў кіраўніком Каталіцкай царквы Расіі, яе паўнамоцтвы былі досыць шырокія, у прыватнасці яна мела права судзіць епіскапаў (біскупаў), прымаць апеляцыі па шлюбаразводных працэсах і вырашаць іншыя пытанні духоўнага суду вышэйшай інстанцыі. Калегіі прадпісвалася ажыццяўляць сваю працу ў рамках царкоўных канонаў, але з захаваннем дзяржаўных законаў і прысягі. Рашэнні калегіі зацвярджаліся Галоўным упраўленнем духоўных спраў іншаземных веравызнанняў (з 1810 года), Міністэрствам духоўных спраў і народнай асветы (з 1817 года), дэпартаментам духоўных спраў іншаземных веравызнанняў Міністэрства ўнутраных спраў (з 1832 года)[6]. Рашэнні калегіі, звязаныя з судовымі пытаннямі зацвярджаліся міністрам юстыцыі і Сенатам.

У адказ на паўстанні 1830—1831 і 1863—1864 гадоў расійскія ўлады прынялі цэлы комплекс антыкаталіцкіх мер. Адной з іх стала перадача ўсіх нешматлікіх пытанняў, па якіх расійскія каталікі яшчэ маглі звяртацца да Святога Прастолу, у выключнае вядзенне духоўнай калегіі. Такім чынам, знаходзячыся пад выключным кантролем духоўнай калегіі Каталіцкая царква Расіі дэ-факта апыналася ў стане схізмы ў адносінах да Рыма. Гэтая сітуацыя была катэгарычна непрымальная для Святога Прастола — 21 кастрычніка 1867 года Папа Пій IX абнародаваў энцыкліку Levate, у якой асудзіў Рымска-каталіцкую духоўную калегію як нелегітымны орган улады і забараніў расійскім каталіцкім біскупам прымаць удзел у яе працы. Канфлікт быў вырашаны кампрамісным шляхам: у 1873 годзе расійскія ўлады пагадзіліся выключыць з вядзення калегіі тыя пытанні, на якіх настойваў Рым, і ператварыць калегію ў непасрэдна адміністрацыйную ўстанову. Пасля гэтага Папа пагадзіўся прызнаць калегію законным органам кіравання каталіцкімі дыяцэзіямі ў Расійскай імперыі і зняў забарону на ўдзел у яе працы лацінскага духавенства.

Ян Цепляк, кіраўнік Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі 1909—1910 гг.

Пасля змены канфесіянальнай сітуацыі ў 1905 годзе спробы рэарганізацыі каталіцкай царквы ў Расійскай імперыі зноў актывізаваліся. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі, у сакавіку 1917 г. кіруючым архідыяцэзіяй Я. Цепляком быў распрацаваны праект рэформы кіраўніцтва царквы, паводле якога Калегія скасоўвалася, як не адпавядаючы каталіцкім канонам орган. Аўтарам праекту адзначалася, што Статут іншаземных веравызнанняў не адпавядае Кананічнаму праву рымска-каталіцкай царквы і накіраваны на яе абмежаванне. Таму значнае месца ў праекце належала скасаванню Рымска-каталіцкай калегіі. У праекце адзначалася неабходнасць самавызначэння развіцця канфесіі і яе прадстаўніцтваў пад кіраўніцтвам дыяцэзіяльных біскупаў, што тычылася стварэння парафій, кляштароў і дыяцэзій, адсутнасць неабходнасці рэгістрацыі таварыстваў. Мітрапаліт таксама настойваў на аднаўленні непасрэдных стасункаў з Рымам і прызначэнні прадстаўніка Апостальскай сталіцы пры ўрадзе (нунцыя). У сферы веравызначэння патрабавалася дазваланне распаўсюджваць каталіцызм, а пераходы з іншых веравызнанняў па самавызначэнні прыватных асоб дазволіць па дасягненні паўналецця. Адначасова, навучэнцы-каталікі ў свецкіх установах набывалі роўныя правы ў вывучэнні катэхізісу. У сямейным праве прадугледжавалася прызнанне законным шлюбу, узятага ў рымска-каталіцкай царкве, калі адзін з будучых супружнікаў з’яўляўся каталіком, незалежна ад веравызнання другога, пры гэтым скасаванне шлюбу некаталіцкім органам не лічылася паўнаважным. Аналагічна вырашалася пытаннне аб выхаванні дзяцей. У эканамічнай сферы, паводле праекту царква вяртала права набываць маёмасці, як іншыя юрыдычныя асобы. Акрамя таго прадугледжваўся зварот сродак і маёмасці царквы, якія былі засяроджаны ў казне або канфіскаваны. Пры адсутнасці магчымасцяў звароту, прадугледжвалася кампенсанцыя ў пераліку на сучасны кошт. Усяго, па падліках складальніка праекту, штогадовая сума з 1844 г. склала 678 227 руб. 85 кап. і павінна была паступіць у распараджэнне мітрапаліта. Праект рэформы быў прадстаўлены Часоваму ўраду 10 красавіка 1917 г. і была створана камісія з удзелам прадстаўнікоў духавенства і зацікаўленых міністэрстваў для перагляду нарматыўнай базы дзейнасці рымска-каталіцкай царквы пад кіраўніцтвам С. Катлярэўскага. Пры гэтым канчатковае рашэнне належала веданню склікаючамуся Устаноўчаму сходу. Па выніках дзейнасці камісіі быў распрацаваны законапраект «Аб змене дзеючых законапалажэнняў па справах рымска-каталіцкай царквы ў Расіі», разгледжаны ўрадам 10 ліпеня і зацверджаны 25 жніўня (апублікаваны 2 верасня). Аднак фінансаванне рымска-каталіцкай царквы з дзяржаўных сродкаў было прыпынена. Спрэчнымі заставаліся сродкі, засяроджаныя фондамі царквы ў казне, у звароце якіх было адмоўлена каталіцкаму духавенству. Прадугледжвалася выдаваць фіксіраваную суму ад утворанага ў выніку аб’яднання обер-пракуратуры і дэпартамента духоўных спраў іншаземных веравызнанняў Міністэрства веравызнанняў, аднак кампенсацыя канфіскаваных маёмасцяў і сродкаў не агаворвалася. Рымска-каталіцкую калегію планавалася замяніць з’ездам рымска-каталіцкіх дыяцэзіяльных кіраўнікоў, таму яе сфера дзейнасці абмяжоўвалася адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі і фінансавымі справамі. Аднак Часовы ўрад не разгледзеў выпрацаваны законапраект і дзейнасць Калегіі працягвалася да 1918 года[3].

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Рымска-каталіцкая духоўная калегія была ліквідаваная 23 студзеня 1918 года дэкрэтам Савета народных камісараў РСФСР «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы».

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Станислав Козлов-Струтинский, Павел Парфентьев. Глава XII. Российское латинское католичество: от Петра I до Екатерины II // История Католической Церкви в России. — Спб.: Белый камень, 2014. — С. 244. — 740 с. — ISBN 978-5-98974-014-7 (руск.)
  2. «Консистория» // Католическая энциклопедия. Т.2. М.:2005. Ст. 1230—1231 (руск.)
  3. а б в г З. В. Антановіч «Рымска-каталіцкая духоўная калегія: мэты дзейнасці і спробы ліквідацыі» // Религия и общество — 9: сборник научных статей / под общ. ред.: В. В. Старостенко, О. В. Дьяченко. Могилев: МГУ имени А. Кулешова, 2015. — С. 96-98
  4. «Римско-католическая духовная коллегия» // Католическая энциклопедия. Т.4. М.:2011. Ст. 215—216 (руск.)
  5. Усадьба Г. Р. Державина — Римско-католическая духовная коллегия (руск.)
  6. Станислав Козлов-Струтинский, Павел Парфентьев. Глава XIII. Российское латинское католичество: от Павла I до Александра I // История Католической Церкви в России. — Спб.: Белый камень, 2014. — С. 258-259. — 740 с. — ISBN 978-5-98974-014-7 (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • З. В. Антановіч Рымска-каталіцкая духоўная калегія: мэты дзейнасці і спробы ліквідацыі // Религия и общество — 9: сборник научных статей / под общ. ред.: В. В. Старостенко, О. В. Дьяченко. — Могилев: МГУ имени А. Кулешова, 2015. — С. 96—98.
  • Станислав Козлов-Струтинский, Павел Парфентьев. Глава XIII. Российское латинское католичество: от Павла I до Александра I // История Католической Церкви в России. — Спб.: Белый камень, 2014. — С. 258—259. — 740 с. — ISBN 978-5-98974-014-7
  • Римско-католическая духовная коллегия // Католическая энциклопедия. Т.4. — М., 2011. — С. 215—216.
  • Шангина И. И. и др. Многонациональный Петербург: История, религия, народы. — СПб, 2002.