Сарнаізм
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/35/Sarna_dhorom_2014-05-30_19-54.jpg/220px-Sarna_dhorom_2014-05-30_19-54.jpg)
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/55/Sarnaism_flag.svg/220px-Sarnaism_flag.svg.png)
Сарнаі́зм (хіндзі: सरना धर्म, літаральна "вера гаёў") — політэістычная рэлігія народаў мунда ў Паўднёвай Азіі. Яна сфарміравалася на аснове старажытных анімістычных культаў, але ў той жа час зведала ўплыў індуізма і хрысціянства.
Прыхільнікі сарнаізма вераць у шматлікіх племянных багоў і духаў, аднак першае месца ў іх пантэоне займае Сінгбонга, бог сонца, які заступаецца за плямёны мунда і сочыць за выкананнем традыцый. Вернікі таксама шануюць Бурубонга, бога гор, Хату Бангака, багоў і духаў вёсак, і Ора Бангака, духаў дамоў. Вылучаюць добрых духаў манітабонга і злых духаў банітабонга. Рэлігійная практыка ўключае прытрымліванне племянных традыцый і паводзін, агульныя малітвы і рытуалы, у тым ліку рэчавыя і грашовыя ахвярапрынашэнні. Рытуалы і святы арганізуюцца святарамі ў святых гаях, вясковых і хатніх храмах. Для сарнаізма характэрна вера ў перараджэнне пасля смерці.
У Брытанскай Індыі сарнаізм прызнаваўся як асобная племянная рэлігія. Аднак з заканчэннем каланіяльнай эпохі страціў афіцыйны статус. У другой палове XX стагоддзя сфарміраваўся рух прыхільнікаў сарнаізма, ўзнік шэраг іх арганізацый, якія дамагаюцца роўных правоў з іншымі рэлігійнымі меншасцямі, а таксама выступаюць супраць распаўсюджвання індуізма і хрысціянства сярод народаў мунда. У 2013 г. у Джхаркхандзе адбыўся канфлікт паміж вернікамі-сарнаістамі і каталікамі.