Мунда (народ)
Мунда | |
Агульная колькасць | 4 050 тыс. чал. (2016 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Індыя — 3903 тыс. |
Мова | мундары |
Рэлігія | сарна, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | санталы, хо, гадаба, бірхор, корку, кхарыя, савара, бхумідж |
Му́нда (хіндзі: मुण्डा, бенг.: মুন্ডা) — народ у Паўднёвай Азіі, які размаўляе на мове мундары. Насяляе ўсход Індыі, поўдзень Бутана і Непала, Бангладэш. Агульная колькасць (2016 г.) - 4 050 тысяч чал.[1]
Мунда таксама называюць іншыя блізкія па мове і паходжанні народы, у тым ліку санталаў, хо, гадаба, бірхор і інш.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]У сучаснай навуковай літаратуры мунда атаесамляюцца з прамымі нашчадкамі найбольш старажытнага насельніцтва паўвострава Індастан. Лінгвісты і генетыкі выявілі сувязь мунда з аўстраазіяцкімі народамі Паўднёва-Усходняй Азіі і нікабарцамі, у меншай ступені — з народамі, што размаўляюць на дравідыйскіх мовах. Апошняе можа тлумачыцца доўгатэрміновым пражываннем на сумеснай тэрыторыі.
Продкі мунда мігрыравалі ў Паўднёвую Азію з Паўднёва-Усходняй Азіі ў каменным веку. Маршрут міграцыі пакуль канчаткова не вызначаны. Высоўваюцца думкі, што ён мог быць як прамым па кантынентальных шляхах, так і праз астравы Індыйскага акіяна.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]З продкамі мунда атаясняюць развіццё энеалітычнай археалагічнай культуры "медных скарбаў"[2]. У 2 тысячагоддзі да н. э. яна ахоплівала значныя тэрыторыі ўсходу Індастана і Дэкана. Аднак у пазнейшы перыяд мунда былі выціснуты перасяленцамі-індаарыямі і дравідамі ў лясістую мясцовасць. Дысперсія садзейнічала ўзнікненню лакальных племянных супольнасцяў з характэрнымі толькі для іх дыялектамі і матэрыяльнай культурай.
У V ст. або ў VI ст. адзін з правадыроў мунда абвясціў сябе раджам Чхота Нагпура і заснаваў дынастыю Нагбансі. У 1585 г. дзяржава Чхота Нагпура трапіла ў залежнасць ад Вялікіх Маголаў. Пад уплывам магольскіх чыноўнікаў сярод мунда паступова распаўсюджваліся феадальныя адносіны — перадача вясковых абшчын у эксплуатацыю памешчыкам-земіндарам, зямельная рэнта, паншчына.
У 1765 г. магольскі імператар перадаў землі Чхота Нагпура пад кантроль брытанцаў. З 1772 г. мунда выплочвалі даніну Брытанскай Індыі. Павелічэнне падаткаў прывяло да сталых сялянскіх паўстанняў, якія задушваліся раджамі з дапамогай брытанскіх войск. У 1832 - 1833 гг. паўсталі амаль усе народы мунда. Нягледзячы на дрэннае ўзбраенне, паўстанцы актыўна супраціўляліся рэгулярным войскам. Некаторыя правадыры паўстання былі арыштаваны толькі ў 1836 г. У 1879 г. сялянскі рух набыў легальны характар. Мунда звярнуліся да ўрада Брытанскай Індыі з патрабаваннем перадаць ім зямельныя надзелы. У 1895 г. прарок Вірса абвясціў новую рэлігію і абяцаў мунда новы залаты век. Яго прыхільнікі арганізавалі ўзброеныя выступленні 1899 г. У 1930-я гг. мунда далучыліся да агульнаіндыйскага руху за незалежнасць. У 1938 г. правадыр Джайпал Сінгх Мунда заснаваў палітычную партыю Адывасі Махасабха, якая адстойвала правы племянных супольнасцяў Індыі. У 1939 г. актыўная дзейнасць нацыяналістаў прывяла да апошняга ўзброеннага сутыкнення з каланіяльнымі ўладамі.
У сучасных Індыі і Бангладэш мунда маюць статус афіцыйнай племянной супольнасці, які дае ім правы на зямлю, палёгкі ў выплаце падаткаў і атрыманні адукацыі.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнымі заняткамі мунда са старажытных часоў з’яўляліся сельская гаспадарка, паляванне, збіральніцтва, здабыча драўніны. У залежнасці ад тэрыторыі, населенай канкрэтнай групай, той ці іншы занятак мог набываць перавагу. Мунда дэльты Ганга таксама займаюцца рыбалоўствам. Доўгі час дамінавала падсечнае земляробства, аднак з другой паловы XIX ст. магчымасці рубкі лясоў стрымліваліся ўрадавымі органамі, што вызначыла ўдасканаленне ірыгацыйнага земляробства. У наш час многія мунда працуюць рабочымі на прамысловых прадпрыемствах і плантацыях. Распаўсюджаныя традыцыйныя рамёствы — будаўніцтва, апрацоўка драўніны, пляценне кошыкаў і інш.
Асноўны тып паселішча — вёска. У мінулым, калі перавагу мела падсечнае земляробства, вёскі мелі часовы характар. Група мунда сялілася на зямлі, якую расчышчала і апрацоўвала, але праз некалькі гадоў пакідала яе. У нашы дні большасць вёсак маюць сталы характар. Мунда жывуць у драўляных каркасных хацінах двух тыпаў — малых для адной сям'і і вялікіх доўгіх для некалькіх сем'яў. Знутры хаціны падзелены на асобныя памяшканні для прадстаўнікоў розных полаў і ўзростаў.
Сустракаюцца як малыя нуклеарныя, так і вялікія пашыраныя сем'і. У апошнім выпадку яны часцей складаюцца з непадзеленых сем'яў родных братоў. Жаніх абавязаны ўносіць выкуп за нявесту. Бедныя юнакі, што не маюць сродкаў для выкупа, звычайна шукаюць пажылога бяздзетнага мужчыну, становяцца яго прыёмнымі сынамі і праз некаторы час успадкоўваюць яго маёмасць. Жаніцьба без дазволу бацькоў забаронена. Але існуе звычай шлюбу без дазвола, калі жаніх і нявеста разам збягаюць у лес.
Главой сям'і лічыцца бацька. Адлік сваяцтва і перадача спадчыны вядзецца выключна па мужчынскай лініі. Жанчыны могуць успадкоўваць толькі ўпрыгожванні, вопратку, але не зямлю або дом. Групы кроўных сваякоў утвараюць экзагамныя роды кілі, што не маюць агульнага кіравання, але могуць мець агульныя абрады і сумесныя могілкі. Усяго налічваецца каля 100 такіх родаў.
Шлюбныя зносіны з чальцамі свайго рода, а часам і жыхарамі сваёй вёскі строга забаронены. Шлюб разглядаецца мунда як саюз родаў і вёсак, бацькі і браты нявесты лічацца блізкімі сваякамі жаніха. Жонка абавязана ўдзельнічаць у абрадах сям'і мужа. Шлюбы з прадстаўнікамі іншых этнасаў не вітаюцца. Сустракаецца палігінія, калі мужчына жэніцца на некалькіх сёстрах.
Жыхары адной або некалькіх вёсак аб’яднаны ў лакальныя групы-абшчыны, якія кантралююць сумесную працу для падтрымкі ірыгацыйных збудаванняў, рубкі лесу, арганізуюць суд, а ў мінулым — і ваенныя акцыі. Кіруюць абшчынамі мужчынскія рады. Яны ж выбіраюць старасту, што карыстаецца абмежаванымі ўладнымі функцыямі. Парушэнне законаў абшчыны караецца штрафамі і выгнаннем. Сацыяльны статус чальцоў абшчыны вызначаецца маёмасцю, прыналежнасцю да пэўнага рода або заняткамі. Каставыя абмежаванні наогул не вядомы.
Мунда маюць багатую фальклорную спадчыну — казкі, легенды, генеалагічныя і рамантычныя паданні. У вёсках часцяком арганізуюцца сумесныя святы і танцы ахра.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Мундары — родная мова мунда — ня мае афіцыйнага статуса, аднак шырока ўжываецца як самімі мунда, так і іх суседзямі. Пісьмо на аснове дэванагары, бенгальскага і іншых мясцовых алфавітаў. Мунда-хрысціяне таксама карыстаюцца лацінкай.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Вернікі мунда захоўваюць многія рэлігійныя традыцыі сваіх продкаў, якія ў нашы дні аб’яднаны ў вучэнне сарнаізм, або "веру гаёў". Яно спалучае культ продкаў, анімізм, шанаванне адзінага бога сонца і родавых багоў. З 1845 г. сярод мунда арганізавана дзейнасць хрысціянскіх місіянераў — каталіцкіх і пратэстанцкіх. У нашы дні каля чвэрці вернікаў спавядае хрысціянства.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Мунда (народ) на Вікісховішчы |
- Countries and Their Cultures: Munda
- Munda Tribes
- The Munda people of the Sundarbans
- Malini Srivastava, The Sacred Complex of Munda Tribe
- The Austroasiatic Munda population from India and Its enigmatic origin: a HLA diversity study
- C. Winters, Munda Speakers are the Oldest Population in India
- Dispatches From Turtle Island
- В.Е. Краснодембский, ОЧЕРК ЭТНОГРАФИИ НАРОДОВ МУНДА