Перайсці да зместу

Саюз барацьбы супраць бальшавізму

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Саюз барацьбы супраць бальшавізму (СБСБ) — прагерманская арганізацыя на акупіраванай нямецкімі войскамі тэрыторыі Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. Створаны 4 красавіка 1944 г. у Бабруйску. Тут размяшчаліся штаб-кватэра саюза, рэдакцыя яго друкаванага органа — газета «Речь» (рэдактар Міхаіл Актан). Кіраўнікі: Міхаіл Актан (сапраўднае прозвішча Натко)[1], бургамістр Бабруйска Б. Г. Мяньшагін, Сухадольскі.

Паводле часовага статута СБСБ у арганізацыю маглі быць прыняты прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцей, акрамя яўрэяў і тых, хто супрацоўнічаў з савецкімі органамі бяспекі. Грамадзяне краін-сатэлітаў Германіі прымаліся ў саюз згодна з асобым палажэннем. Ніжэйшай адзінкай СБСБ была група, якая магла ўтварацца на прадпрыемствах, у вайсковых часцях, установах пры наяўнасці 10 членаў саюза. Дзейнасць СБСБ будавалася на жорсткай адказнасці і справаздачы ніжэйшых арганізацый перад вышэйшымі. На чале групы стаяў групавы кіраўнік, потым прызначаліся мясцовыя, раённыя, акруговыя і абласныя кіраўнікі. СБСБ меў гімн і сцяг. Суполкі саюза былі створаны на некаторых прамысловых прадпрыемствах Бабруйска, Асіповічаў, у мястэчках Лапічы, Пухавічы. СБСБ ставіў сабе за мэту непрымірымую і паслядоўную барацьбу з «іуда-бальшавізмам ва ўсіх яго праяўленнях». Планавалася аб’яднаць у радах маладзёжнага аддзялення саюза ўсю моладзь 10—18-гадовага ўзросту. Для практычнага ажыццяўлення праграмных мэт прадугледжвалася ствараць узброеныя атрады ў вёсках, каб супрацьстаяць пашырэнню партызанскага руху на акупіраванай тэрыторыі ў тыле 9-й нямецкай арміі. Планавалася стварыць агульны кіруючы штаб маладзежных арганізацый. У сувязі з хуткім вызваленнем тэрыторыі Беларусі войскамі Чырвонай Арміі СБСБ не змог разгарнуць шырокую дзейнасць. 26 верасня 1944 г. органамі НКДБ на аператыўны ўлік па Бабруйску і Бабруйскім раёне было ўзята каля 300 членаў саюза, з якіх 87 арыштаваны.

Зноскі

  • Каваленя, А. Саюз барацьбы супраць бальшвізму / Аляксандр Каваленя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 247—248. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Літвін, А. Да пытання аб стварэнні і дзейнасці «Саюза барацьбы супраць бальшавізму (СБСБ)» // Архівы і справаводства. — 1999. — № 2. — С.