Асіповічы
Горад
Асіповічы
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Асіпо́вічы[4] (трансліт.: Asipovičy; руск.: Осиповичи, па-беларуску яшчэ: Асі́павічы) — горад у Беларусі, на левым беразе ракі Сіняя (прыток Свіслачы)[5]. Адміністрацыйны цэнтр Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Размешчаны за 136 км на паўднёвы захад ад Магілёва, 3 км ад аўтамабільнай дарогі Мінск — Гомель. Буйны чыгуначны вузел: лініі на Мінск, Гомель, Магілёў, Баранавічы.
Заснаваны ў 1872 годзе як станцыя Лібава-Роменскай чыгункі. У 1900 годзе пасёлку Асіповічы, што паўстаў вакол станцыі, нададзены статус гарадскога паселішча. З 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 г. пад уладай бальшавікоў. Некаторы час у студзені-лютым 1918 г. паселішча знаходзілася пад акупацыяй польскіх легіянераў Доўбара-Мусніцкага , затым з 19 лютага па 4 снежня 1918 г. акупаванае нямецкай арміяй. З 20 жніўня 1919 года да 10 ліпеня 1920 года тэрыторыя Асіповічаў знаходзіцца пад акупацыяй Польшчай. Пасля — у складзе Беларускай ССР. 15 ліпеня 1935 года Асіповічы атрымліваюць стан горада. У Другую сусветную вайну быў пад нямецкай акупацыяй, у горадзе дзейнічала савецкае падполле, дзеяч якога, Фёдар Крыловіч, ажыццявіў на чыгуначнай станцыі Асіповічы найбуйнейшую дыверсію. На перыяд 1966—1985 гг.[6] прыходзіцца найбуйнейшы рост вытворчасці горада, засноўваюцца шматлікія прамысловыя прадпрыемствы, актыўна будуецца жыллё. З 1991 г. — у складзе незалежнай Беларусі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Да заснавання
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку 1980-х гадоў настаўнік гісторыі В. П. Шчыглоў выявіў каля Асіповічаў стаянку эпохі неаліту. Былі знойдзены ножападобныя пласціны, скрабкі, адшчэпы, сабраны ўзоры неалітычнай керамікі[7].
Акрамя таго, паблізу Асіповіч знойдзена каменная матыка (паводле меркаванняў вучоных-археолагаў, яна адносіцца да бронзавага веку), сведчанне развіцця земляробства ў гэты час[8].
Пасля заснавання
[правіць | правіць зыходнік]На XVIII ст. прыпадае імаверны час узнікнення паселішча[9]. У 1777 годзе паводле тарыфа Слуцкай парафіі, у Асіповічах было 16 дымоў[9][10].
У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў Асіповічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Па падзеле ўвайшлі ў Бабруйскі павет Мінскай губерні. Паводле рэвізіі Бабруйскага павета гэтага ж года з’яўляліся ўласнасцю Дамініка Гераніма Радзівіла, размяшчаліся ў складзе заставы Ратынскага. Паводле гэтай жа рэвізіі, у тагачасных Асіповічах налічвалася 83 мужчынскія душы і 71 жаночая, існавала карчма[9].
У другой палове 1794 года падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў Мінскай губерні адбыўся рэйд 3-тысячнага атраду палкоўніка Стэфана Грабоўскага, які прайшоў у тым ліку і цераз Асіповічы, аднак 4 верасня быў разбіты пад Любанню[11].
Ураджайнасць на Асіповіччыне была адной з ніжэйшых па губерні. 3 паўночнага боку вёску Асіповічы падпірала вялікае балота, усю астатнюю прастору займалі лясы. Сяляне Асіповічаў акрамя земляробства лавілі рыбу і баброў у рэчцы і вазілі ў Бабруйск на продаж, зараблялі на дарозе рамізніцтвам і сплаўлялі лес[12]. У 1834 г. у вёсцы 26 двароў[13].
У пачатку 1870-х гадоў адбылася падзея, якая карэнным чынам змяніла жыццё на Асіповіччыне: была пабудавана і адкрыта Лібава-Роменская чыгунка. На пачатак будаўніцтва чыгункі ў вёсцы Асіповічы было ўжо ўсяго 4 двары і 20 жыхароў. Памяншэнне колькасці насельніцтва тлумачыцца даволі прымітыўнай тэхнікай земляробства, якая паволі збядняла глебу. Таму вёскі ў краі аж да пачатку XX ст. перакачоўвалі з месца на месца, асвойваючы новыя землі[14].

У 1872 годзе за 2 км ад Асіповічаў заснавалі аднайменную станцыю Лібава-Роменскай чыгункі, дзе існавала 5 двароў і пражывала 40 чалавек. Станцыя пушчана ў эксплуатацыю ў 1876 годзе. У 1889 годзе каля станцыі быў пабудаваны лесапільны завод. Праз пяць гадоў (у 1894 г.) паўсталі другі лесапільны завод, млын і некалькі жылых дамоў. Са спіленага лесу тут вырабляліся мачты, карабельны дубовы брус, розныя сарты клёпкі[заўв 1], якія карысталіся попытам на замежных рынках[5]. У 1895 г. (па некаторых звестках — у 1893[5]) адкрыта паштовае аддзяленне[15], якое карысталася тэлеграфам чыгункі[16].
Станам на 1890 год станцыя Асіповічы займала на Лібава-Роменскай чыгунцы трэцяе месца па звароце грузаў пасля Рудзенска і Беразіны. У гэты час даследчыкі казалі[17], што лясы края нішчацца па-драпежніцку[18]. 28 снежня 1896 году па ініцыятыве сям’і Дараганаў для вывазу лесу, спірту і сельскагаспадарчай прадукцыі была пракладзена вузкакалейка Асіповічы — Дараганава, якая ў 1905 г. прадоўжана да Старых Дарог, у 1907 г. — да Урэчча[19]. Пракладанне вузкакалейкі значна павялічыла грузаабарот станцыі, паспрыяла росту пасёлка[13]. Пасля ўводу яе ў эксплуатацыю станцыя стала другой па грузаабароце на Лібава-Роменскай чыгунцы (пасля Беразіны)[20]. У 1897 г. быў здадзены новы мураваны будынак чыгуначнай станцыі і рамонтных майстэрань[21].
Перапіс насельніцтва Расійскай імперыі 1897 года засведчыў існаванне на месцы сучасных Асіповічаў трох асобных населеных пунктаў з назвай Асіповічы: вёскі з насельніцтвам у 526 жыхароў і ўтрыманнем 78 гаспадарак, чыгуначнай станцыі з насельніцтвам каля ста жыхароў і ўтрыманнем адзінаццаці гаспадарак, а таксама пасёлка насельніцтвам у прыкладна дзвесце чалавек з утрыманнем 3 гаспадарак і наяўнасцю заезнага двара і чатырох крам. Пазней гэтыя населеныя пункты зліліся і ўтварылі сучаснае адзінае паселішча[16]. У 1900 годзе кіраўніцтвам Лібава-Роменскай чыгункі на станцыі засноўваецца шпалапрапітны завод, што садзейнічала прытоку працоўнай сілы[20]. У гэтым жа годзе Асіповічам нададзены статус гарадскога паселішча[22]. Гэта прыцягнула да сябе яўрэйскае насельніцтва. Адпаведна стала разрастацца паўднёвая так званая «яўрэйская» палавіна горада[15].
Развіццё
[правіць | правіць зыходнік]

Спрыяльныя ўмовы для развіцця вытворчасці і гандлю прыцягвалі ў мястэчка рамеснікаў і купцоў. У пачатку 1901 году ў паселішчы ўзнік шэраг майстэрань і кузняў, у якіх рамантаваліся сельскагаспадарчыя інструменты, прадметы быту, акоўваліся падводы і сані. Адчынілася сапожная майстэрня, дзве цырульні, пякарня і некалькі бакалейных і мануфактурных крам. Мясцовае земства абсталявала невялікую бальніцу, якую абслугоўвалі фельчар і акушэрка[20].
Прыток насельніцтва выклікаў пашырэнне забудовы. Паселішча вылучалася правільнай планіроўкай — шырокімі вуліцамі і прамавугольнымі кварталамі. Аднак размяшчэнне яго па абодва бакі ад чыгункі ўскладняла рух гужавога транспарту ды пешаходаў[20].
Па стане на 1904 г. у Асіповічах дзейнічаў шпалапрапітны завод з 3 рабочымі, 2 лесапільныя заводы, 13 рамесных майстэрань з 47 рабочымі, лясны склад, бойня жывёлы, млын, былі адкрыты рынак і мноства крамак. У пасёлку (акрамя в. Асіповічы, у якой пражывалі 526 чалавек) налічвалася 1178 жыхароў і 150[20] будынкаў, у ім былі мяшчанская ўправа, амбулаторыя, пошта, тэлеграф і нават 100 метраў тратуара[23].
Існуюць звесткі пра існаванне ў тагачасных Асіповічах большай колькасці двароў (больш за 300), 41 вуліцы і аднаго завулку, пры гэтым насельніцтва мястэчка складала каля 1 500 чалавек[16].
Рэвалюцыйны перыяд
[правіць | правіць зыходнік]1905—1917
[правіць | правіць зыходнік]Умовы працы на заводах Асіповічаў былі складанымі, заробак нізкім. У мужчын ён складаў 60 кап., жанчын — 30 кап. у дзень. Гэта быў самы нізкі заробак ва ўсёй Мінскай губерні. Шырока прымяняліся штрафы. Толькі на лесапільным заводзе іх было 19 відаў. Працягласць працоўнага дня даходзіла да 13-14 гадзін[24]. 1905 год быў адзначаны ў Асіповічах палітычнымі хваляваннямі на станцыі і сярод рабочых прыватных прадпрыемстваў[25]. У снежні 1905 года працоўнымі Асіповічаў была зладжана першая забастоўка, запыніла працу станцыя[24].
За перыяд рэакцыі ў 1905—1907 гг. рэпрэсіраваны многія актыўныя ўдзельнікі рэвалюцыйнага руху, быў арыштаваны, асуджаны і сасланы І. І. Ляховіч, член РСДРП, які ўзначальваў стачку на станцыі. Знізілася заработная плата на шпалапрапітным заводзе, у паравозным дэпо і ў іншых прадпрыемствах. Падоўжаны працоўны дзень, павялічаны штрафы. Працоўныя шпалапрапітнага завода, незадаволеныя чарговым паніжэннем аплаты, 17 сакавіка 1908 года арганізавалі эканамічную стачку з патрабаваннямі паляпшэння ўмоў працы і адмены штрафаў, якая, аднак, была задушана паліцыяй і салдатамі[24].
У 1906 г. пры станцыі адкрылася чыгуначная школа 2-й ступені, а ў наступным годзе пачынае працу царкоўнапрыходская школа[26]. У 1909 годзе ў Асіповічах адкрываецца тэлеграфны пункт[27]. У 1913 г. у параўнанні з 1900 г. паступленне грузаў на станцыю павялічылася ў 3 разы, а вываз у 1,2 раза. Участак чыгункі ад Асіповіч да Старых Дарог быў пераведзены на шырокую каляіну, а ў 1915 г. даведзены да Слуцка[28].
На 1913 г. прамысловасць мястэчка была прадстаўлена паравозным дэпо, шпалапрапітным заводам, 2 лесапільнымі заводамі, 2 млынамі, смаляным заводам, піўзаводам, шэрагам мелкіх вытворчых і гандлёвых прадпрыемстваў. У пасёлку налічвалася 246 двароў і 1244 жыхара[26].
З пачаткам Першай сусветнай вайны ва ўсіх губернях Паўночна-Заходняга краю было ўведзена ваеннае становішча. У мястэчку размясціліся рэзервовыя вайсковыя часці. Прамысловасць працавала на патрэбы фронту. Насельніцтва прыцягвалася да работ па рамонце чыгункі і дарог. У пасёлку знаходзілі сабе прыстанішча ўцекачы. Летам 1915 года адбыліся салдацкія хваляванні на чыгуначнай станцыі. У кастрычніку 1916 г. адбыліся хваляванні сярод салдатаў асіповіцкага гарнізону[29].
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі на прамысловых прадпрыемствах пасёлка бальшавікамі пачалі стварацца «рабочыя камітэты», якія з красавіка 1917 г. усталёўваюць на месцах скарочаны працоўны дзень. 17 красавіка адбываецца 1-ы з’езд салдацкіх і рабочых дэпутатаў пасёлка. Пачынаюць арганізоўвацца антываенныя прабальшавіцкія мітынгі і дэманстрацыі[30].
Кастрычніцкая рэвалюцыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1917 годзе перапіс насельніцтва засведчыў пражыванне ў Асіповічах прыкладна 4 200 чалавек[16].
Вестка аб пачатку Кастрычніцкай рэвалюцыі прыйшла на тэлеграф чыгуначнай станцыі Асіповічы 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 г. У гэты ж дзень аб пераходзе ўлады ў рукі бальшавікоў даведаліся жыхары Асіповічаў і ўсёй Замошскай воласці, у якую яны тады ўваходзілі. Актывісты чыгуначнага вузла стварылі рэвалюцыйны камітэт, які абвясціў сваю ўладу не толькі непасрэдна на чыгуначным вузле, але і ў рабочым пасёлку Асіповічы. Улада ў аднайменнай вёсцы перайшла да Савету рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Замошскай воласці. Пачаліся працэсы арганізацыі новага апарату кіраўніцтва, нацыяналізацыі зямлі, канфіскацыі памешчыцкай маёмасці. Такім чынам, па рэвалюцыі ў Расіі 1917 года ў Асіповічах былі ўсталяваны савецкія органы ўлады[16][31].
Польскія легіянеры Доўбара-Мусніцкага
[правіць | правіць зыходнік]У гэты ж час у раёне Рагачова, Жлобіна і Бабруйска размяшчаўся 1-ы польскі корпус легіянераў генерала Ю. Р. Доўбара-Мусніцкага. У снежні 1917 г. галоўнакамандуючы Заходнім фронтам А. Ф. Мяснікоў загадаў Доўбару-Мусніцкаму падпарадкавацца рэвалюцыйнаму камандаванню. Але генерал адхіліў гэты загад. Легіянеры пачалі рух на захад. Асіповіцкі рэўком і бальшавіцкая ячэйка, выконваючы загады Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Заходняга фронту, пачалі работу па фарміраванні атрадаў Чырвонай гвардыі. На станцыі Асіповічы пры дапамозе Замошскага і Восаўскага валвыканкамаў быў сфарміраваны атрад колькасцю больш за 1000 чалавек. Многія жыхары Асіповічаў увайшлі ва ўнутраныя войскі пад камандаваннем намесніка загадчыка і члена калегіі Усерасійскай надзвычайнай камісіі (ВЧК) В. В. Каменшчыкава. Яны рыхтаваліся абараняць чыгуначную станцыю і пас. Асіповічы. Акрамя таго, супраць войскаў Доўбара-Мусніцкага ў асіповіцкім напрамку з Украіны былі накіраваны 2500 чырвонагвардзейцаў 1-га Мінскага рэвалюцыйнага атраду пад камандаваннем Р. І. Берзіна[32][33].
18 студзеня 1918 г. легіянеры падышлі да Асіповічаў. У ноч на 19 студзеня яны адкрылі па мястэчку моцны артылерыйскі і кулямётны агонь. Атрады Чырвонай гвардыі вымушаны былі адступіць, прадстаўнікі бальшавіцкай улады сышлі ў партызаны. Акупацыя працягвалася 3 тыдні. Трэцяга лютага пачалося агульнае наступленне атрадаў Чырвонай гвардыі, легіянерам быў нанесены ўдар, пасля якога 26 лютага 1918 г. у Бабруйску заключана пагадненне аб падпарадкаванні 1-га польскага корпуса немцам[34].
Германская акупацыя
[правіць | правіць зыходнік]16 лютага германскае камандаванне паведаміла савецкай дэлегацыі аб тым, што 18 лютага заканчваецца тэрмін перамір’я і аднаўляецца вайна. У першы ж дзень наступлення кайзераўскіх войскаў мястэчка было акупавана. Акупацыя працягвалася да 4 снежня 1918 года[16]. На захопленай тэрыторыі ўлада цалкам перайшла ў рукі германскіх акупацыйных войскаў. Акупацыйныя ўлады аднавілі прыватную ўласнасць, шырока выкарыстоўвалі дзеля сваіх патрэб чыгунку, прамысловыя прадпрыемствы пасёлка, вывозілі ў Германію лесаматэрыялы і харчаванне[35].
25 сакавіка 1918 года Радай БНР была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, паводле ўмоў якой Бабруйскі павет склаў адну з заяўленых тэрыторый Беларускай Народнай Рэспублікі, але органы ўлады рэспублікі не разгарнулі ў мястэчку дзейнасць.
У час нямецкай акупацыі асіповіцкі Рэўком і бальшавікі Замошскай воласці сышлі ў брыцалавіцкія лясы. Здзяйсняліся актыўныя баявыя вылазкі супраць акупантаў. Партызаны выводзілі са строю сувязь паміж Асіповічамі і Старымі Дарогамі, разбіралі рэйкі, падпальвалі вагоны і склады з ваеннай маёмасцю. У валасцях былі арганізаваны падпольныя рэвалюцыйныя камітэты і партыйныя ячэйкі, перад якімі ставілася мэта праводзіць арганізацыйную і палітычную работу сярод насельніцтва, а пры наступленні Чырвонай арміі ўзяць уладу ў свае рукі[36].
У пачатку лістапада 1918 г. грымнула рэвалюцыя ў Германіі. 13 лістапада УЦВК прыняў пастанову скасаваць Брэсцкі мірны дагавор. Усе ўключаныя ў яго абавязацельствы былі аб’яўлены несапраўднымі. 28 лістапада палкі Чырвонай арміі ўвайшлі ў Бабруйск, а 4 снежня атрад чырвонаармейцаў увайшоў у Асіповічы[37].
Польская акупацыя
[правіць | правіць зыходнік]1 студзеня 1919 года Заходняя вобласць распускаецца, Бабруйскі павет фармальна перадаецца ў склад абвешчанай ССРБ, пасля чаго на кароткі час трапляе ў склад Бабруйскага павета Літоўска-Беларускай ССР. З 20 жніўня 1919 года да 10 ліпеня 1920 года тэрыторыя горада знаходзіцца пад акупацыяй Польшчай[16], дзе размяшчалася ў Бабруйскім павеце Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх зямель. Палякі размясцілі штаб вайсковай часці ў маёнтку памешчыка В. Ф. Дарагана ў в. Смык-Слабада, контрразведку (дэфензіву) — у будынку, які займаў леспрамгас[заўв 2], камендатуру і войскі — у паўночнай ад чыгункі частцы Асіповічаў, створаны магістрат. Шпалапрапітны завод быў дэманціраваны, а яго абсталяванне вывезена ў Польшчу. У часы польскай акупацыі ў наваколлях горада дзейнічала партызанка агульным складам каля 200 чалавек[16], дзейнічалі асобныя атрады на чале з Я. Багдановічам і А. Каральком[38]. Байцы партызанскіх атрадаў арганізоўвалі дыверсіі на ўчастках чыгункі Асіповічы — Старыя Дарогі, разбіралі пуці, падарвалі чыгуначны мост цераз раку Пціч[39].
У пачатку чэрвеня 1920 г. крынкаўскія партызаны ажыццявілі напад на станцыю Дараганава і разграмілі гарнізон палякаў. Пазней яны былі выкрытыя і расстраляныя ў кар’еры на ўсходняй ускраіне Асіповічаў. У першыя дні ліпеня 1920 г. партызаны напалі на чыгуначную станцыю Асіповічы з мэтай захопу браняпоезда, які рыхтаваўся адправіцца на Мінск, і разам з разведчыкамі Чырвонай арміі і чыгуначнікамі захапілі яго[39].
10 ліпеня 1920 г. часці Чырвонай арміі ўвайшлі ў Асіповічы. Адступаючы, палякі спалілі некалькі гаспадарчых аб’ектаў, падарвалі чыгуначны мост цераз раку Сінюю. Зноў выбраны бальшавікамі рэвалюцыйны камітэт пачаў прымаць меры па аднаўленні гаспадаркі[40]. 31 ліпеня 1920 года была распушчана ЛітБел з перадачай земляў цэнтральнай Беларусі ў склад новаўтворанай БССР.
Савецкі час
[правіць | правіць зыходнік]Да вайны
[правіць | правіць зыходнік]
17 чэрвеня 1924 г. у БССР была праведзена перабудова адміністрацыйнага падзелу. Замест паветаў былі ўтвораны акругі і раёны, у тым ліку Бабруйская акруга з шэрагам раёнаў. 17 лютага 1924 г. шляхам аб’яднання Асіповіцкай[41] воласці, частак Гарадоцкай, Гарбацэвіцкай і Жыцінскай валасцей Бабруйскага павета, Кнорынскай і Пагарэльскай валасцей Ігуменскага павета быў утвораны Асіповіцкі раён з цэнтрам у Асіповічах[42]. З ліпеня 1924 г. Асіповічы — цэнтр Бабруйскай акругі[43]. З 1930 года, пасля скасавання акруговага падзелу, Асіповіцкі раён стаў непасрэдна ўваходзіць у склад БССР, 20 лютага 1938 года ўвайшоў у склад Магілёўскай вобласці як горад раённага падпарадкавання, цэнтр раёна[43].
У лік чальцоў Асіповіцкага валкома партыі некаторы час уваходзілі прадстаўнікі не толькі ВКП(б), але іяўрэйскага рабочага саюза (Бунда). У кіраўніцтве воласцю, а пазней і раёнам утварылася двухпартыйнасць, якая існавала да 1924 г[44].
Правядзенне новай эканамічнай палітыкі прывяло да наладжвання гандлю. Ужо ў п. п. 1923 года ў Асіповічах працавалі 58 магазінаў і лавак, з якіх толькі адзін магазін быў дзяржаўным. Ствараліся прамысловыя арцелі[45].

У 1926 г. утварылася раённае таварыства краязнаўства, якое ўзначальваў завуч чыгуначнай школы А. Г. Немцаў. У 1928 г. Цэнтральнае бюро краязнаўства Інстытута беларускай культуры выдала працу «Асіповіцкі раён Бабруйскай акругі: краязнаўчае апісанне»[47], падрыхтаваную А. Немцавым і М. Азбукіным. Таварыства праіснавала да 1938 г. У час масавых палітычных рэпрэсій у краіне А. Г. Немцаў быў рэпрэсіраваны, дзейнасць таварыства спынілася[48].
У 1928 г. пачалося будаўніцтва чыгункі Рослаўль — Магілёў — Асіповічы, якое было скончана ў 1931 г. Распачата будаўніцтва 2-га пуці на Слуцк, узведзены першыя мураваныя двухпавярховыя, трохпавярховыя жылыя дамы[49]. У 1931 г. пачала выходзіць раённая газета «Калгасная праўда» (з 1938 г. — «Калгасная праца»)[50]. Першы яе нумар пабачыў свет 10 ліпеня[51]. 3 1932 г., пасля здачы ў эксплуатацыю лініі Асіповічы — Рослаўль, станцыя, што дагэтуль з’яўлялася асобным населеным пунктам, стала буйным чыгуначным вузлом і злілася з мястэчкам[43].
У 2-й палове 1930-х гадоў у горадзе актывізуюцца палітычныя рэпрэсіі. У Асіповічах многія былі арыштаваны. Гарадскія НКУС-аўцы дапускалі фальсіфікацыю крымінальных спраў, інкрымінавалі арыштаваным прыналежнасць да польскай арганізацыі вайсковай «ПАВ». Некаторыя з упаўнаважаных супрацоўнікаў НКУС пазней былі асуджаны[52].
15 ліпеня 1935 года Асіповічы атрымліваюць стан горада[53]. Паводле даваеннага перапісу насельніцтва, які праводзіўся ў 1939 годзе, у Асіповічах пражывала 1 694 яўрэя, якія складалі 12,34 % ад агульнай колькасці жыхароў горада. У 1941 годзе ў Асіповічах працавалі дзве сярэднія школы, два дзіцячыя сады, дванаццаць прамысловых прадпрыемстваў з прыблізна дзвюма тысячамі працаўнікоў, у тым ліку паравознае дэпо, вагонарамонтны пункт, маторна-трактарная станцыя, маслазавод, прамысловы камбінат, лясная прамысловая гаспадарка і чатыры арцелі[16]. Сярод медыцынскіх устаноў у Асіповічах на 1941 год: бальніца, пункт хуткай дапамогі, паліклініка, дзіцячая кансультацыя, радзільны дом, чыгуначная амбулаторыя, процітуберкулёзны дыспансер[54]. На пачатак 1941 г. у Асіповічах жылі каля 13 тыс. чалавек[55].
Вялікая Айчынная вайна
[правіць | правіць зыходнік]Уначы з 22 на 23 чэрвеня 1941 года немцамі была здзейснена першая бамбардзіроўка Асіповічаў. 23—25 чэрвеня райваенкамат правёў мабілізацыю ваеннаабавязаных[56]. Для правядзення эвакуацыі і барацьбы з варожымі парашутыстамі ў Асіповічах быў створаны штаб абароны горада і раёна, які ўзначаліў старшыня райвыканкома М. П. Каралёў. Штаб ажыццяўляў эвакуацыю людзей, матэрыяльных каштоўнасцяў, дакументаў. Апошні эшалон адышоў з Асіповічаў на ўсход 25(26[57]) чэрвеня[58]. 28 чэрвеня прадстаўнікі раённага камітэту КП(б)Б і райвыканкаму выехалі ў пасёлак Градзянка, адкуль далей накіраваліся ў клічаўскія лясы[57].
За Асіповічы вялікіх баёў не было, таму што злучэнні 2-й танкавай групы Гудэрыяна абышлі горад і раён з поўдня і поўначы і імкліва рушылі на Бабруйск і Магілёў. Раніцай 28 чэрвеня яны ўвайшлі ў Бабруйск, а ў Асіповічах яшчэ працягвала існаваць савецкая ўлада. Горад гітлераўцы занялі 30 чэрвеня[59]. Тэрыторыя Асіповічаў не знаходзілася ў складзе Генеральнай акругі Беларусь, а ўвайшла ў зону ваеннага тылу групы армій «Цэнтр».

У пачатку ліпеня 1941 года на поўдні горада было створана яўрэйскае гета, куды нацыстамі была сагнана пераважная большасць пакінутых у горадзе яўрэяў. Для гэтага быў адведзены раён у паўднёвай частцы горада — ад вуліцы Р. Люксембург да вуліцы В. Харужай. Жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці налічвалася прыкладна 430—450 чалавек. Кожную раніцу працаздольнае насельніцтва з гета накіроўвалі на цяжкую фізічную працу па разборцы разбураных казарм, дамоў, на чыгуначную станцыю і іншыя аб’екты. 11 кастрычніка 1941 г. пад выглядам адпраўкі на работы ўсё дарослае працаздольнае насельніцтва гета было загнана ў паўднёвы ваенны гарадок і там расстраляна. Жанчыны з малымі дзецьмі расстраляны 5 лютага 1942 г[60].
У ліпені 1941 года створана падпольная суполка КП(б)Б, якой 14 кастрычніка 1942 года рушыла ўслед стварэнне суполкі ЛКСМБ, абедзве дзейнічалі да 2 ліпеня 1944 года. Пад кіраўніцтвам падпольнага райкома толькі за ліпень — верасень 1941 г. было створана ў раёне 6 дыверсійна-разведвальных груп. Дыверсійная група рабочых дэпо станцыі Асіповічы за жнівень — лістапад 1941 г. вывела са строю 12 паравозаў. Рашэннем ад 10 кастрычніка 1942 г. райком зацвердзіў падпольную арганізацыю на чыгуначным вузле станцыі Асіповічы (у якой удзельнічала больш за 90 чалавек), 6 ліпеня 1943 г. — падпольную арганізацыю ў г. Асіповічы. Яны не толькі займаліся дэзарганізацыяй работы чыгуначнага вузла, але і пытаннямі арганізацыі вываду людзей з горада ў партызанскія атрады, распаўсюджваннем газет і лістовак сярод жыхароў, інфармавалі партызан аб выніках дыверсій. У 1943 годзе было створана каля дваццаці падпольных камсамольскіх груп[61].
Ф. А. Крыловічу ў ноч з 29 на 30 ліпеня 1943 г. удалося прымацаваць міны да цыстэрн эшалона з палівам, каля якога стаялі яшчэ тры воінскія эшалоны. Каля 2 гадзін ночы 30 ліпеня міны ўзарваліся. Пажарам знішчаны эшалон з палівам, 2 эшалоны з боепрыпасамі, у т. л. з авіябомбамі, і адзін з тэхнікай, сярод якой былі бронемашыны і танкі «Тыгр». Дыверсія Ф. А. Крыловіча лічыцца адной з найбуйнейшых у часы Другой сусветнай вайны[62]. Асіповіцкія падпольшчыкі правялі і шмат іншых дыверсій. Наогул падчас падпольнай дзейнасці ў Асіповічах было знішчана трыццаць эшалонаў і пашкоджана 70 паравозаў, рабіліся рэйды на адміністрацыйныя будынкі, знішчаліся прадпрыемствы[63][64].
Першая партызанская групоўка была ўтворана 30 чэрвеня 1941 года з прадстаўнікоў партыйнага актыву і супрацоўнікаў НКДБ, пакінутых у тыле[62]. У пачатку 1942 года ў раёне дзейнічалі ўжо 10 партызанскіх груп, у сакавіку 1942 г. арганізаваны першы атрад (210-ы партызанскі атрад ім. Сталіна)[65]. Да восені 1942 г. на тэрыторыі Асіповіцкага раёна дзейнічалі таксама і дробныя, па 6—10 чалавек, партызанскія групы, якія часта займаліся марадзёрствам і незаконнымі расстрэламі мірных жыхароў, што выклікала незадаволенасць у мясцовага насельніцтва. Улічваючы ўсё гэта, падпольны райком КП(б)Б сваёй пастановай ад 13 кастрычніка 1942 г. абавязаў С. С. Сумчанку далучыць усе існуючыя невялікія партызанскія групы да 210-га партызанскага атраду[64]. У лютым 1943 г. арганізавана 1-я Асіповіцкая партызанская брыгада, першая з утвораных на тэрыторыі Асіповіцкага раёну[66]. Агулам на тэрыторыі раёну дзейнічалі партызанскія брыгады: першая Асіповіцкая, першая Бабруйская, 161-я імя Р. І. Катоўскага, з ліпеня 1943 года — Асіповіцкая ваенна-аперацыйная група[67].

23 чэрвеня 1944 г. пачынаецца аперацыя «Баграціён». 27 чэрвеня 1944 г. у 17 гадзін да Асіповічаў падышоў першы атрад Чырвонай арміі. 28 чэрвеня 1944 года горад Асіповічы быў цалкам вызвалены ад акупантаў. Раніцай пачаліся жорсткія баі з праціўнікам, што адступаў з бабруйскага «катла». Да канца дня 30 чэрвеня 1944 года групоўка нямецка-фашысцкіх войскаў, якая прарвалася з бабруйскага «катла», была ліквідавана[68]. 1 ліпеня 1944 г.[69] у горадзе былі адноўлены органы савецкай улады. Насельніцтва раёна пачало работы па аднаўленні разбуранай гаспадаркі. Большасць партызан пайшлі ў Чырвоную армію[70].
Акупацыя Асіповічаў доўжылася 1093 дні. Горад быў спалены напалову. Знішчаны ўсе прамысловыя прадпрыемствы[71], увесь кніжны фонд спалены[72]. 3-за недахопу жылля большасць жыхароў тулілася ў часовых пабудовах і зямлянках[73].
Быў на нашым шляху горад Асіповічы. Ён быў асноўным цэнтрам канцлагераў і астрогаў. Лагер васемнаццацігадовых. Лагер для ваеннапалонных. Лагер для старых. Жаночы лагер. Лагер для дзяцей васьмі — пятнаццаці гадоў. Жыхары расказвалі нам, што тут фашысты спецыяльна адбіралі блізнят і адпраўлялі іх кудысьці. Потым, ужо ў Польшчы, даведаўся я працяг гэтай страшэннай гісторыі…
Я. А. Далматоўскі , «Палкі ідуць на захад»[74]
Пасля вайны
[правіць | правіць зыходнік]25 верасня 1944 года Асіповічы застаюцца раённым цэнтрам, пераходзячы ў падначаленне Бабруйскай вобласці[16]. Пачынае аднаўляцца разбураная гаспадарка. Колькасць насельніцтва ў горадзе на 1.9.1944 г. складала 10 820 чалавек. Востра адчуваўся недахоп будаўнічых матэрыялаў, транспартных сродкаў, кваліфікаваных рабочых. Насельніцтва мела вялікую патрэбу ў прадуктах харчавання і прамысловых таварах. Да канца года аднавілі работу каля дзясятка прадпремстваў, адкрыліся магазіны. Паступова аднаўлялася жыллё. Да канца 1944 г. у Асіповічах было пабудавана 119 жылых дамоў, да 1950 г. — адноўлена і пабудавана 845 будынкаў. Да 1951 г. прамысловыя прадпрыемствы горада дасягнулі даваеннага ўзроўню вытворчасці[75][76]. З 1 студзеня 1945 году аднавіла працу раённая газета «Калгасная праўда». Восенню 1953 г. Асіповіцкая ГЭС дала ток. Каля яе ўтварылася вадасховішча, якое стала і месцам адпачынку гараджан[43]. У тым жа годзе ўступіў у строй хлебазавод, што дало магчымасць ліквідаваць цяжкасці ў забеспячэнні насельніцтва хлебам[77]. З 8 студзеня 1954 года Асіповічы зноў у складзе Магілёўскай вобласці. У 1956 г. закончана будаўніцтва новага будынка чыгуначнага вакзала[16][78].
У 1946 годзе на вуліцу Кастрычніцкую (паўднёвы ўсход Асіповічаў) з вёскі Зборск Асіповіцкага раёна пераносяць праваслаўную Царкву Узвышэння Святога Крыжа, якая была пабудавана ў 1826 годзе ў гэтай вёсцы ў стылі народнага дойлідства на сродкі графа Завішы і раней звалася Свята-Казьмадзям’янаўская. Як сведчаць жыхары горада, набажэнствы ладзіліся кожныя выхадныя без перапынкаў, не зважаючы на адмоўнае стаўленне савецкай улады да праяў рэлігійнага жыцця вернікаў[79].
Станам на 1959 год у горадзе пражывала 15,8 тыс. чал[43]. З 25 снежня 1962 года Асіповічы пераходзяць у склад Бабруйскага раёна[16]. Прамысловасць горада папоўнілася ў 1963 г. цэхам тэхналагічнай аснасткі[заўв 3] Мінскага аўтазавода, прызначаным для вырабу вузлоў і нестандартнага абсталявання. Адноўлены горад пашыраў свае межы, і вёска Асіповічы, якая дала калісьці назву чыгуначнай станцыі і вырасшаму каля яе пасёлку, злілася з раённым цэнтрам[80]. 7 сакавіка 1963 г. Асіповічы былі аднесены да гарадоў абласнога падпарадкавання. Колькасць жыхароў перавысіла даваенны ўзровень. 6 студзеня 1965 года горад выходзіць са складу Бабруйскага раёна[16][43].
З 1966 г. пачынаецца бурны рост індустрыяльнага значэння невялікіх гарадоў БССР[81]. Інстытутам «Белдзяржпраект» быў распрацаваны і ў 1966 г. зацверджаны праект планіроўкі і забудовы горада да 1985 г[6]. Узводзіліся кардонна-руберойдавы завод, завод жалеза-бетонных канструкцый, кансервавы цэх кансервава-харчовага камбіната. Была завершана электрыфікацыя ўчастка чыгункі ад станцыі Талька да станцыі Асіповічы, і 3 лістапада 1972 г. сюды прыбыў з Мінска першы электрапоезд[82]. У 1973 г. горад пашырыў межы, уключыўшы ў сябе в. Перамога[43].
У 1977 г. выканком гарадскога Савета прыняў рашэнне аб устанаўленні звання «Ганаровы грамадзянін горада Асіповічы». Першым яго атрымаў Р. Ф. Люлькоў — былы камандзір 120-га стралковага палка 69-й стралковай дывізіі. У 1978 г. камбінат малочных прадуктаў замяніў стары маслазавод. У другой палове 1970-ых гг. змянілася спецыялізацыя горада. Калі раней ён быў вядомы толькі як транспартны вузел, то цяпер стаў і адным з найбольш значных прамысловых цэнтраў вобласці. У вялікіх аб’ёмах вырабляліся руберойд і кардон, лесаматэрыялы, шклопалатно, крупы і гатунковая мука, масла, сухое абястлушчанае малако і інш.[83]
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]З 25 жніўня 1991 года — у складзе незалежнай Беларусі. Складаныя працэсы, якія пачаліся ў савецкім грамадстве ў канцы 1980 — пачатку 1990-х гадоў, пачалі адбівацца на ўсіх галінах эканомікі, культурна-бытавым і сацыяльным становішчы насельніцтва краіны. Не абышло гэта і Асіповіцкі раён. У перыяд з 1993 г. па 1996 г. адбывалася моцнае скарачэнне аб’ёмаў вытворчасці на прамысловых прадпрыемствах, распаўсюджаны былі скарачэнні персаналаў і затрымкі ў выплатах, адчуваўся востры недахоп бюджэтных сродкаў. Запаволілася жыллёвае будаўніцтва[84].
У 1990-я гады, нягледзячы на складанасць таго часу, пачалася рэканструкцыя будынка пад гісторыка-краязнаўчы музей, адкрылася другая дзіцячая музычная школа. У 1996 г. у раёне быў праведзены першы ў рэспубліцы фестываль аўтэнтычнага фальклору Беларускага Падняпроўя[85]. Адным з новых відаў навучальных устаноў з’явілася беларуская гімназія. У 1993 г. гімназія пачала працаваць як самастойная адукацыйная ўстанова (у 1994 г. перайшла ў новы будынак)[86].
У 2002 годзе на вуліцы Інтэрнацыянальнай, што ў цэнтры горада, быў усталяваны помнік у выглядзе раней дзеючага паравоза Эм726-23, перад якім усталяваная памятная шыльда (варта адзначыць, што на шыльдзе змешчаны надпіс, дзе сцвярджаецца пра заснаванне горада ў 1872 годзе; гл. фота ніжэй). 3 студзеня 2005 года былі зацверджаны два ўказы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць выкарыстанне сцяга і герба Асіповічаў[87]. З гэтага ж перыяду вядзецца пабудова новых шматкватэрных дамоў на паўночным усходзе горада, здзейсненая рэканструкцыя пешаходнага мосту над чыгуначнымі пуцямі станцыі Асіповічы. З лета 2013 года ад чыгуначнай станцыі Асіповічы ў бок Бабруйску працягнуты кантактныя лініі, якія дагэтуль заканчваліся ў Асіповічах, што зрабіла магчымым фарміраванне цягнікоў па маршрутах Мінск — Бабруйск і Мінск — Жлобін на аснове электрычнай цягі.
У 2018 годзе з вёскі Цэль у Асіповічы перадыслацыравана 465-я ракетная брыгада. У 2023 годзе Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь 1 лютага паведаміла, што брыгада атрымала для самастойнай эксплуатацыі аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр».
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Асіповічаў станам на 2024 год пражывае каля 29,1 тыс. чалавек. Нягледзячы на тое, што ўрбанізацыя СССР была выканана паспяхова і па сённяшні дзень у горад мігруюць патокі насельніцтва як з Асіповіцкага раёна, так і з суседніх раёнаў, аднак моладзь часцей выязджае на пастойнае жыхарства і заробкі ў Мінск.

- XVIII стагоддзе: 1793 год — 154 чал. (82 муж. і 71 жан.).[9]
- XIX стагоддзе: 1897 год — 526 чал. у вёсцы Асіповічы, 200 чал. у селішчы Асіповічы, 100 чал. у станцыі Асіповічы.[88].
- XX стагоддзе: 1904 год — 1 178 чал.; 1913 год — 1 244 чал.; 1917 год — 4 200 чал.[16]; 1939 год — 13,7 тыс. чал.[16]; 1959 год — 15,8 тыс. чал.[16]; 1974 год — 23 тыс. чал.[89]; 1991 год — 34,6 тыс. чал.[90]
- XXI стагоддзе: 2006 год — 34,3 тыс. чал.; 2009 год — 32 543 чал.[91]; 2013 год — 32,3 тыс. чал.; 2016 год — 31 498 чал.[92]; 2017 год — 31 298 чал.[93]; 2019 год — 30 951 чал.[94]; 2024 год — 29 104 чал[95].
Г. Рыдзеўскім разглядаецца Асіповіцкая гарадская агламерацыя[96] рэгіянальнага значэння[заўв 4] з цэнтрам у Асіповічах, якая ўваходзіць у Бабруйскі сацыльна-эколага-эканамічны рэгіён і ў Бабруйскую гарадскую канурбацыю. Яна складаецца з двух сельска-гарадскіх кантынуумаў: Асіповіцкага і Татаркаўскага. Па функцыянальна-іерархічным тыпе належыць да гарадскіх агламерацый субрэгіянальных цэнтраў разам з Ваўкавыскай і Светлагорскай агламерацыямі. Колькасць насельніцтва Асіповіцкай агламерацыі на 2019 г. складала 35 577 чал[97]. Асіповіцкая ГА належыць да гарадскіх агламерацый са спадам колькасці насельніцтва пераважна з-за міграцыйнага адтоку, што з’яўляецца асноўнай прычынай дэпапуляцыі і ва ўсёй Магілёўскай вобласці. Па ступені дэпапуляцыі належыць (па дадзеных перапісу 2019 г.) да «слаба дэпапулюючых» (з тэмпамі росту ад 90,1 % да 100 %)[97].
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]У Асіповічах працуюць прадпрыемствы па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, перапрацоўцы драўніны; машынабудавання, лёгкай і харчовай прамысловасці.
Працуюць ААТ «Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў», ЗТАА «Дахавы завод ТэхнаНІКОЛЬ», Філіял «Асіповіцкі» ААТ «Бабушкина крынка», Асіповіцкі завод жалезабетонных канструкцый, ЗАТ «Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання», ААТ «Асіповіцкі хлебазавод», Парфумерна-касметычная фабрыка «Сонца», ЗАТ «Алтимед».
Паблізу ад горада (на поўнач) на рацэ Свіслач размяшчаецца Асіповіцкая ГЭС.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Працуе рынак, існуюць дзве гасцініцы, кінатэатр «Радзіма», рэстараны, клубы, вялікая колькасць дробных прадуктовых крамаў, некалькі ўніверсамаў, некалькі банкавых і паштовых аддзяленняў.
-
Будынак адміністрацыі
-
Аўтобусны вакзал
-
Паліклініка
-
Чыгуначны вакзал
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Працуюць гісторыка-краязнаўчы музей, Асіповіцкі раённы цэнтр культуры. Дзейнічаюць чатыры бібліятэкі: адна дзіцячая і тры агульнага карыстання.
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]У Асіповічах дзейнічаюць 5[98] сярэдніх агульнаадукацыйных школ, Асіповіцкая беларуская гімназія, Асіповіцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж, 1 спецыяльная школа-інтэрнат, спартыўная школа, школа мастацтваў, дзве музычныя школы.
Спорт
[правіць | правіць зыходнік]У горадзе працуюць стадыёны «Юнацтва», «Лакаматыў», «Алімпіец», фізкультурна-аздараўленчыя комплексы на АЗАА і Асіповіцкім заводзе «Камаш». Папулярнасцю ў прыхільнікаў цяжкай атлетыкі карыстаецца АСК «Мускул», існуюць секцыі аэробікі, валейбола, мотавеласпорту, працуе шахматна-шашачны клуб «Дэбют». Для гараджан адкрытыя басейн «Дэльфін», ФАК «Жамчужына» з аквапаркам.
У чэрвені 2003 года прайшла рэгістрацыя дзяржаўнай установы — фізкультурна-спартыўнага футбольнага клуба «Асіповічы».
Кожны год, пачынаючы з 1983 г., у 2-ю суботу красавіка ў Асіповічах праходзіць Асіповіцкі міжнародны марафон. Статус мінжароднага асіповіцкі марафон атрымаў у 1995 годзе[99].
Планіроўка
[правіць | правіць зыходнік]Дамінуючым кампанентам у планіроўцы горада з’яўляецца лінія Лібава-Роменскай чыгункі, якая праходзіць цераз Асіповічы, гэтая лінія падраздзяляе мястэчка на дзве прыкладна роўныя часткі, паўднёва-заходнюю і паўночна-ўсходнюю. Большая частка вуліц спланаваная перпендыкулярна. На захадзе горада, паміж вуліцамі Гарбатава і Сташкевіча, праходзіць аўтамабільны мост над чыгункай, які дублюе іншы аўтамабільны пераезд на ўсходзе горада, паміж вуліцамі Якуба Коласа і Крыловіча.
Крайнюю поўнач і паўночны ўсход мястэчка займаюць кварталы сучаснай забудовы. Агулам большая частка забудовы (асабліва ў паўднёва-заходняй палове горада) прыватная, існуе некалькі кварталаў «сталінскай» забудовы і некалькі спальных раёнаў са шматпавярховых жылых дамоў. На захадзе горада чыгуначныя магістралі падзяляюцца на два рукавы — пасажырскі (на поўначы) і таварны (на поўдні), між імі забудова адсутнічае за выняткам невялікага кварталу на крайнім усходзе Асіповічаў.
У цэнтральнай частцы горада, пры вуліцы Інтэрнацыянальная, размяшчаецца чыгуначная пасажырская станцыя Асіповічы, поруч з якой размешчаная аўтастанцыя. На крайнім захадзе Асіповічаў таксама дзейнічае станцыя Юбілейны.
Рэкрэацыйныя зоны
[правіць | правіць зыходнік]- Парк 50 гадоў Кастрычніка (вул. Абрасімава)
- Гарадскі парк (вул. Юбілейная)
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Крыжаўзвіжанская царква (пабудаваная ў 1826 годзе ў в. Зборск, у 1946 годзе перавезеная ў Асіповічы)
- Царква Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы (2000)
- Каталіцкі касцёл (2005)
- Пратэстанцкі храм
- Асабняк «Дом Жукава»
- Могілкі яўрэйскія.
- Гарадская забудова пачатку ХХ стагоддзя:
- Воданапорная вежа
- Службовыя карпусы на чыгуначнай станцыі
- Чыгуначная бальніца
- Чыгуначная школа
- Помнік Крыловічу
- Брацкая магіла (1944), вул. Абросімава, у парку —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Д000049
- Стаянка (3—2-е тысячагоддзі да н.э.), на паўночна-ўсходняй ускраіне горада, за 0,5 км на поўдзень ад шашы Бабруйск — Мінск, на левым беразе р. Сіняя —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000662
-
Свята-Крыжаўзвіжанская царква
-
Царква Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы
-
Асабняк «Дом Жукава»
-
Пратэстанцкі храм
-
Чыгуначная школа
-
Чыгуначная бальніца
-
Помнік лакаматыву ЭМ 726-23, пастаўлены з нагоды 130-годдзя горада
-
Яўрэйскія могілкі
-
Помнік асіповіцкім яўрэям-ахвярам Халакосту, поўдзень горада, ля скрыжавання вуліц Працоўна-Сялянскай і Казлоўскай
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Генадзь Яфімавіч Булдаў (нар. 1928) — беларускі архітэктар.
- Зіновій Самуілавіч Гарэлік (1904—1968) — камандзір роты, Герой Савецкага Саюза.
- Юрый Альфрэдавіч Дарашкевіч (нар. 1962) — беларускі жывапісец.
- Ніна Васілеўна Каменская (1913—1986) — беларускі гісторык. Член-карэспандэнт АН Беларусі (1959). Доктар гістарычных навук (1959), прафесар (1961).
- Яфім Якаўлевіч Клапер (нар. 1937) — беларускі архітэктар.
- Уладзімір Крукоўскі (нар. 1937) — беларускі мастак-плакатыст.
- Фёдар Андрэевіч Крыловіч (1916—1959) — кіраўнік партызанскай дыверсійнай групы ў гады вайны. Яго імем названая вуліца ў Асіповічах.
- Барыс Аляксандравіч Майстрэнка (1924—1945) — камандзір танка, Герой Савецкага Саюза. Яго імем названая вуліца ў Асіповічах.
- Эма Віталеўна Новікава (нар. 1946) — беларускі архітэктар.
- Тамара Рыгораўна Раеўская — беларуская спявачка.
- Георгій Іванавіч Шпак (нар. 1943) — расійскі ваенны і дзяржаўны дзеяч, генерал-палкоўнік, камандуючы паветрана-дэсантнымі войскамі ў 1996—2003 гадах, 5-ы губернатар Разанскай вобласці (2004—2008)
- Аляксей Рыгоравіч Шчэрба (нар. 1937) — беларускі архітэктар.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Клёпка — кожная асобная дошчачка, з якіх складаюць бочку, дзежку, кадушку і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т. - ↑ На сённяшні дзень гэта будынак па адрасе вул. Сацыялістычная, 14. Леспрамгас ліквідаваны як прадпрыемства ў 1996 годзе.
- ↑ Цяпер — Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў
- ↑ Гарадская агламерацыя «рэгіянальнага значэння» — такая ГА, горад-ядро якой адыгрывае важную ролю ў развіцці СЭЭР, у склад якой уваходзіць
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://osipovichi-region.by/obshhestvo/biografiya-i-karera-andreya-dubinchika-novogo-predsedatelya-osipovichskogo-rajispolkoma/?ysclid=m7malnt19o167367389
- ↑ https://osipovichi.gov.by/by/ulada/
- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ а б в Зорын 1982, с. 3.
- ↑ а б Памяць 2002, с. 568.
- ↑ Памяць 2002, с. 21.
- ↑ Памяць 2002, с. 22.
- ↑ а б в г ЭнцВКЛ 2005, с. 257
- ↑ Белова Т.В. Календо Л.В. Саламаха В.П. Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энциклопедия (руск.). — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2009. — С. 244. — 310 с. — ISBN 978-985-11-0432-7.
- ↑ Грыцкевіч А. Паўстанне 1794 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Памяць 2002, с. 63—65.
- ↑ а б Памяць 2002, с. 686.
- ↑ Памяць 2002, с. 64—65.
- ↑ а б Памяць 2002, с. 67.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п ЭГБ 1993
- ↑ Завитневичъ, В. Археологическія розысканія в бассейне рѣки Березины // Отчетъ Императорской Археологической комиссии за 1892 год (руск.). — СПб., 1894. — С. 125.
- ↑ Памяць 2002, с. 66.
- ↑ Памяць 2002, с. 602.
- ↑ а б в г д Зорын 1982, с. 4.
- ↑ Памяць 2002, с. 603.
- ↑ Собрание узаконений и распоряжений Правительства, издаваемое при Правительствующем сенате. — СПб.: Сенат. тип., 1900. — С. 5116—5117
- ↑ Памяць 2002, с. 67—68.
- ↑ а б в Зорын 1982, с. 5.
- ↑ Памяць 2002, с. 68.
- ↑ а б Зорын 1982, с. 6.
- ↑ Памяць 2002, с. 9.
- ↑ Памяць 2002, с. 600—601.
- ↑ Зорын 1982, с. 7.
- ↑ Зорын 1982, с. 7–8.
- ↑ Памяць 2002, с. 103.
- ↑ Черушев, Н. С. Против Довбор-Мусницкого // Вацетис — Главком Республики (руск.). — М.: Вече, 2015. — 384 с. — ISBN 978-5-4444-1176-6.
- ↑ Памяць 2002, с. 103—104.
- ↑ Памяць 2002, с. 104—105.
- ↑ Памяць 2002, с. 105.
- ↑ Памяць 2002, с. 105—106.
- ↑ Памяць 2002, с. 106.
- ↑ Ладысеў, У. Ф. Беларусь на пераломе эпох // Гісторыя Беларусі. Курс лекцый: у 2 ч. / П. І. Брыгадзін [і інш.]. — Мінск: РІВШ БДУ, 2002. — Т. 2. XIX—XX стст. — С. 318. — 655 с.
- ↑ а б Памяць 2002, с. 107.
- ↑ Памяць 2002, с. 108.
- ↑ Со 140-летием тебя, родные Осиповичи! (руск.). osipovichi-region.by Информационный портал Осиповичского района (3 жніўня 2012). — «1 января 1922 года центр Замошской волости перенесли в Осиповичи, и волость стала именоваться Осиповичской»
- ↑ Памяць 2002, с. 122—123.
- ↑ а б в г д е ё Памяць 2002, с. 687.
- ↑ Памяць 2002, с. 120.
- ↑ Зорын 1982, с. 17–21.
- ↑ Немцаў (Нямцоў) Аляксандр (Алесь) Гаўрылавіч . Беларусь у асобах і падзеях.
- ↑ Асіповіцкі раён Бабруйскай акругі: краязнаўчае апісанне : зборнік артыкулаў / Інстытут беларускай культуры, Кафедра геаграфіі і Цэнтральнае бюро краязнаўства. Вып. 2 . Электронны каталог Нацыянальнай бібліяэтэкі Беларусі.
- ↑ Памяць 2002, с. 124—125.
- ↑ Памяць 2002, с. 127.
- ↑ Калгасная праўда: орган Асіповіцкага райкома КП(б)Б і РВК . Электронный каталог Национальной библиотеки Беларуси. — «З 1938, № 66 загаловак: Калгасная праца»
- ↑ Кнарус, Людміла. Из истории районной газеты. Архивная справка (руск.). osipovichi-region.by Информационный портал Осиповичского района (9 чэрвеня 2011). — «В частично сохранившихся документах за довоенный период имеются сведения, что Осиповичская районная газета “Калгасная праца” была основана в июне 1931 года.»
- ↑ Памяць 2002, с. 129.
- ↑ Памяць 2002, с. 128.
- ↑ Зорын 1982, с. 26.
- ↑ Памяць 2002, с. 130.
- ↑ Памяць 2002, с. 191.
- ↑ а б Зорын 1982, с. 27.
- ↑ Памяць 2002, с. 220.
- ↑ Памяць 2002, с. 192.
- ↑ Памяць 2002, с. 200—201.
- ↑ Памяць 2002, с. 220—222.
- ↑ а б Зорын 1982, с. 41.
- ↑ Літвін А. М. Асіповіцкае патрыятычнае падполле // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- ↑ а б Памяць 2002, с. 222.
- ↑ Зорын 1982, с. 31–32.
- ↑ Зорын 1982, с. 38.
- ↑ Памяць 2002, с. 258.
- ↑ Памяць 2002, с. 296—300.
- ↑ Зорын 1982, с. 52.
- ↑ Памяць 2002, с. 307, 561—562.
- ↑ Зорын 1982, с. 53.
- ↑ Памяць 2002, с. 652.
- ↑ Памяць 2002, с. 561.
- ↑ Памяць 2002, с. 561—562.
- ↑ Зорын 1982, с. 56–57.
- ↑ Памяць 2002, с. 563—564.
- ↑ Памяць 2002, с. 566.
- ↑ Памяць 2002, с. 567.
- ↑ Мордаунт, Юрий. Царква Узвышэння Святога Крыжа. Крестовоздвиженская церковь (руск.). Radzima.org (25 сакавіка 2009). Праверана 27 жніўня 2014.
- ↑ Памяць 2002, с. 567—568.
- ↑ Павловец, Ю., Шиптенко, С. Глава 3. Экономическое развитие БССР во второй половине 1960-х – первой половине 1980-х гг // Экономика Белоруссии. Исторические очерки ХХ–ХХI века (руск.). — М.: Книжный мир, 217. — 345 с. — 500 экз. — ISBN 978-5-9909394-4-8.
- ↑ Памяць 2002, с. 569.
- ↑ Памяць 2002, с. 571—573.
- ↑ Памяць 2002, с. 575—576.
- ↑ Памяць 2002, с. 652—653.
- ↑ Памяць 2002, с. 591.
- ↑ Геральдические символы (руск.). Афіцыйны партал Асіповіцкага раённага выканаўчага камітэта. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Праверана 27 жніўня 2014.
- ↑ Исторические хроники Осиповичского района Архівавана 4 снежня 2009. на Могилевский областной исполнительный комитет Архівавана 4 снежня 2009.
- ↑ Осиповичи // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
- ↑ Осиповичи // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ Перапіс насельніцтва Беларусі 2009 года Архівавана 18 верасня 2010. // Белстат (руск.)
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Численность населения на 1 января 2019 г. и среднегодовая численность населения за 2018 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (руск.) с. 16. Белстат (2019 г.).
- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (руск.) (28 сакавіка 2024).
- ↑ Ридевский Г. В. Пространственные структуры современной Беларуси: новая социально-экономическая география страны (руск.). — Мн.: БелНИИТ «Транстехника», 2022. — 244 с. — ISBN 978-985-7110-67-4.
- ↑ а б Ридевский Г. В. Пространственные структуры современной Беларуси: новая социально-экономическая география страны (руск.). — Мн.: БелНИИТ «Транстехника», 2022. — 244 с. — ISBN 978-985-7110-67-4.
- ↑ История, традиции, достижения учреждения образования (руск.). Средняя школа №5 г. Осиповичи имени Ф. А. Крыловича. — «...в 2024 году завершено возведение объекта.»
- ↑ Памяць 2002, с. 15.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- П. С. Качановіч, В. У. Хурсік; маст. Э. Э. Жакевіч. Памяць: Асіповіцкі раён : Гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 718 с.
- Анішчанка Я. Асіповічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 257. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Валахановіч А. І., Дулеба Г. І. Асіповічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Асіповічы Архівавана 19 ліпеня 2010. // Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
- A. Jelski. Osipowicze (2) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat (польск.). — Warszawa, 1886. — S. 640.
- Осиповичи // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
- Зорин, В.П. Осиповичи. Историко-экономический очерк (руск.). — 2-е выд. — Мн.: Выдавецтва «Беларусь», 1982. — 96 с.
- Осиповичи: история и современность (посвящается 140-летию города). Сост. А. Землянухина и др. ― Мн.: Белстан, 2012. с. 255.
- Завитневичъ, В. Археологическія розысканія в бассейне рѣки Березины / В. Завитневичъ // Отчетъ Императорской Археологической комиссии за 1892 год. — СПб, 1894. — С. 124—153.
- Завитневичъ, В. Археологическія розысканія в бассейне р. Березины, произведенные летомъ 1893 г. / В. З. Завитневичъ // Чтенія въ Историческомъ Обществѣ Нестора лѣтописца. — Кіевъ, 1894. — Кн. 8. — С. 8-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Асіповічы
Геаграфічныя звесткі па тэме Асіповічы на OpenStreetMap
- Асіповічы на сайце Radzima.org
- Надвор’е ў горадзе Асіповічы
- Каменшчыкаў, Васіль Віктаравіч (1879—1959) . Дзяржаўная ўстанова "Нацыянальная бібліятэка Беларусі".
- Огненная ночь Храбрецов (руск.). Партизаны Беларуси.
- Далматоўскі Яўген Аронавіч – Беларусь у асобах і падзеях . Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
- Виртуальная фотовыставка «Осиповичи. 150 лет истории» (руск.). Установа культуры «Асіповіцкі раённы гісторыка-краязнаўчы музей».