Свержанскі замак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Свержанскі замак — абарончае збудаванне XVXVI стст. каля двара Свержань і аднайменнага мястэчка. Замак стаяў на правым беразе Нёмана, насупраць мястэчка, і займаў своеасаблівы цяжкадаступны востраў, утвораны Нёманам, залукай Нёмана — Міранкай і прылеглым балотам. У наш час гэтая мясцовасць называецца ўрочышчам «Замак» або «Замак Чартарыйскага».[1]

Збудаваны замак быў, відаць, у 1-й траціне XV ст., калі двор Свержань належаў Вітаўту і яго жонцы. Тады замак ахоўваў паўночную правабярэжную частку маёнтка, дзе была старажытная пераправа праз Нёман. Для будовы былі выкарыстаныя прыродныя пясчаныя ўзвышшы. Замак займаў, прынамсі, два пагоркі ў самай высокай частцы ўрочышча, і меў дадатковую абарону ў выглядзе раскапанай залукі Нёмана. Падыход да замка быў пакінуты толькі з паўночнага боку, дзе, відаць, існаваў перакідны мост.

Самая ранняя згадка замка ў дакументах адносіцца да 1568 года, калі ўладальнікі прадалі частку замка і двара, пасля чаго замкам супольна валодалі, адной часткай — Астафей Валовіч, і другой часткай — Мікалай Служка і Андрэй Урэлеўскі, разам. Тады замак складаўся з дзвюх вежаў, адна з якіх была і брамным умацаваннем, злучаных гароднямі. Трывалых жыллёвых і гаспадарчых пабудоў не было, а сам замак быў напаўразбураны.

У 1571 г. палову замка і мястэчка набыў Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (з даплатай 4 тыс. коп грошаў літоўскіх), а з 1578 г. ён стаў уладальнікам усяго замка і мястэчка. Апошняя дакументальная згадка замку адносіцца да 1582 г., а ў XVII стст. ён, відаць, ужо не існаваў.

Зноскі

  1. Прывязка паводле даследаванняў В. Шаблюка, які лічыў памылковым меркаванне М. Ткачова, які прывязваў замак да левага берага Нёмана, пры ўпадзенні ў яго ракі Жацераўкі, побач з рыначнай плошчай.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]