Перайсці да зместу

Нёман

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нёман
літ. Nemunas
Нёман у Гродне
Нёман у Гродне
Характарыстыка
Даўжыня 937 км
Басейн 98 200 км²
Расход вады 678 м³/с
Вадацёк
Выток Мінскае ўзвышша
 • Каардынаты 53°28′12″ пн. ш. 27°21′57″ у. д.HGЯO
Вусце Куршскі заліў
 • Каардынаты 55°20′13″ пн. ш. 21°14′57″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Балтыйскае мора

Краіны
Код у ДВР 01010000112104300000215
Ад вусця да вытока
Ад вусця да вытока
physical
выток
выток
вусце
вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Нёман (трансліт.: Nioman; літ.: Nemunas — Нямунас, руск.: Неман) — рака ў Беларусі, Літве і Расіі. Даўжыня 937 км, у межах Беларусі 459 км. Вадазбор 98,2 тыс. км², у межах Беларусі 35 тыс. км² (без вадазбору р. Вілія). Сярэднегадавы расход вады пры выхадзе за мяжу Беларусі 214 м³/с, у вусці 685 м³/с. Агульнае падзенне ракі на Беларусі 96,5 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,21 .

Пачынаецца пад назвай Нёманец на Стаўбцоўскай раўніне каля вёскі Верх-Нёман Уздзенскага раёна, упадае ў Куршскі заліў Балтыйскага мора ўтвараючы дэльту. Праз Агінскі канал Нёман злучаны з басейнам Дняпра, праз Аўгустоўскі канал — з басейнам Віслы. 3 пабудовай Вілейска-Мінскай воднай сістэмы частка сцёку з басейна Нёмана перакідваецца ў басейн Дняпра. Са старажытнасці Нёман быў часткай гандлёвых шляхоў (Бурштынавы шлях і інш.), якія злучалі Міжземнае мора з Балтыйскім.

Назвы Нёмана кранаўся шмат хто з даследчыкаў.

Паводле М. Фасмера, назва Нёман запазычана з літ. Nemunas, якое збліжаюць з назвай возера Munà каля Свянцян, з чэшскім mouňa «гразнуха», mouniti «пэцкаць»[1].

Даваенны літоўскі мовазнавец К. Буга ў назве Нёмана бачыў корань Nem-, што ў рэліктавых літоўскіх nem-uogė[2] "чарніка" (даслоўна "баравая ягада") і nemunė[3] "грыб, што расце ў забалочаных нізінах". Далей, з увагі на санскрыцкае namati "згінае, хіліцца" і кельцкае nem "неба", Буга (разам з латышскім мовазнаўцам Я. Эндзэлінам) прапанаваў весці да семантыкі "гнуць, гнуцца". Ён аднаўляў старалітоўскае *nemus са значэннем "бор; балота", але вагаўся паміж значэннямі назвы Нёмана як ракі "балотнай" або "баравой"[4].

Гэты ж моўны матэрыял (nemuogė, nem, namati), апроч іншага, пазней у сваім "Індагерманскім этымалагічным слоўніку" (1969) скарыстаў адзін з самых аўтарытэтных індаеўрапеістаў ХХ стагоддзя Ю. Покарны, каб раскрыць індаеўрапейскі корань *nem- "гнуць, сагнуты", і сюды ж ён аднёс і назву Нёмана (у яго Nemunas)[5].

Балцкай лічыў назву Нёмана (як і назву рэчкі Неманкі ў басейне Сажа) і лінгвіст і даследчык балцкай гідраніміі Ул. Тапароў (1962)[6].

Бліжэй да нашага часу развязанне ўзнятай К. Бугам дылемы "бор" / "балота" як значэнняў балцка-літоўскага кораня *nem- у сваім "Этымалагічным слоўніку прускай мовы" (1988-1997) прапанаваў літоўскі мовазнавец-прусіст В. Мажуліс: бор — на «выгнутым» падняцці, а балаціна — ва «ўвагнутай» нізіне, і ў абодвух выпадках актуалізуецца семантыка гнуткасці. Адпаведна, Нёман — не рака, што цячэ "барамі / балотамі", а рака з "выгнутым, крывым" цячэннем[7].

Іншыя версіі побегам падае беларускі географ В. Жучкевіч (падае не заўсёды дакладна, як у выпадку з К. Бугам):

  • На думку Я. Карскага назва славянская: ад адмаўлення не- ў спалучэнні з мънъ у сэнсе «невялікі».
  • К. Машынскі лічыў асновай славянскае нем «нямы» — «ціхая рака».
  • Паводле А. Качубінскага, назва паходзіць ад жмудскага naminis — «дамашні», «наша рака».
  • На думку К. Бугі, назва ад балцкай асновы -мун- у спалучэнні з адмаўленнем не-. У працэсе асіміляцыі -мун- пераўтварылася ў -ман-.
  • Паводле А. Пагодзіна і Т. Лер-Сплавінскага, назва ўзнікла з фінскага niemi — «рад узгоркаў», «мыс».
  • Сам В. Жучкевіч падтрымліваў чляненне назвы так, як гэта, на яго думку, чляніў Буга, але аснову -мун- Жучкевіч лічыў фінскай.[8]

Таксама, Сташэўскі пераказваў думку А. Шахматава, які, паводле Сташэўскага, звязваў назву ракі з іменем ірландскай багіні Neman. Таксама аснову назвы звязвалі з чэшскім mouniti «забруджваць»[9].

Рака дзеліцца на 3 часткі: верхняе цячэнне (ад вытоку да вусця ракі Котра), сярэдняе (ад вусця Котры да вусця Віліі), ніжняе (ад вусця Віліі да ўпадзення ў Балтыйскае мора).

Пад назвай Нёманец рака пачынаецца пры зліцці невялікіх вадацёкаў: Выня, Лоша, Уса, Тур’я ў паніжэнні між Мінскім і Навагрудскім узвышшамі. Рэчышча ад вытоку на працягу 26,4 км каналізаванае, далей — звілістае, шмат меляў, перакатаў, кос, пясчаных астравоў. Дно пясчанае, на перакатах пясчана-камяністае і галечнае. Цячэнне спакойнае з сярэдняй хуткасцю 0,6—0,8 м/с і ваганнямі ад 0,2 м/с да 2 м/с (у разводдзе). Шырыня ракі ў межань у вярхоўі 35—40 м, ніжэй па цячэнні да 90 м, паміж вусцямі Шчары і Чорнай Ганчы 120—150 м.

Даліна амаль да вусця Сулы невыразная, ніжэй да мяжы з Літвой пераважна скрынкападобная; паміж вусцямі Шчары і Чорнай Ганчы, дзе Нёман цячэ па ўсходняй ускраіне Гродзенскага ўзвышша, — глыбокая і вузкая. На ўсім працягу даліна асіметрычная, прычым правы круты бераг у лукавінах меандраў нярэдка змяняецца крутым левым.

Нёман цячэ пераважна па нізіне ў субшыротным кірунку. Агінаючы шэраг узвышшаў, ён утварае маргінальную даліну ружанцападобнай будовы. Пры сярэдняй шырыні даліны 2-5 км на асобных участках яна пашыраецца да 20 км, утвараючы азёрападобныя нізінныя ўчасткі, напрыклад пры ўпадзенні Бярэзіны, Моўчадзі. Разам з тым адзначаюцца значныя звужэнні даліны. Так, ля г. Масты пры зліцці з Котрай шырыня даліны 0,4-0,9 км. У раёне Гродна даліна ракі набывае скразны каньёнападобны характар. Тут глыбіня ўрэза дасягае 40 м — цераз яго адбываўся спуск прыледавіковых азёр.

Схілы да ўпадзення Бярэзіны спадзістыя (вышыня 8—15 м, месцамі 30—50 м), на астатнім працягу стромкія, парэзаныя ярамі, вышынёй да 25 м. Пойма двухбаковая, нізкая, забалочаная, парэзаная старыцамі; яе шырыня 1—2 км, месцамі да 4 км, ніжэй г. Масты, дзе даліна глыбокая, часта адсутнічае. Вышэй вусця Шчары складаецца з 2 узроўняў: высокага (2—3 м) і нізкага (0,5—1,5 м). На астатнім працягу даліны вылучаюцца высокі, сярэдні і нізкі ўзроўні.

Звычайна Нёман падзяляюць на 3 часткі: верхняе цячэнне (ад вытоку да вусця Котры), сярэдняе (ад вусця Котры да горада Каўнас), ніжняе (ад Каўнаса да вусця).

За 46 км ад вусця Нёман падзяляецца на два асноўныя рукавы: левы Гілія (Матросаўка), правы Гусне, які таксама падзяляецца на шырокі і мелкаводны рукаў Атмата і паўнаводны Скірвітэ (Паўночны, падзяляецца на Ворусне і Руснайтэ). З шэрагам іншых рукавоў і меліярацыйных каналаў утварае вялізную дэльту.

Асноўныя прытокі

[правіць | правіць зыходнік]
Зліццё рэк Сулы і Нёмана

Справа: Уса, Сула, Уса, Заходняя Бярэзіна, Альшанка, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра, Мяркіс, Вілія (Нярыс), Нявежыс, Дубіса, Юра, Іўнянка, Мінія.

Злева: Уша, Дзетамлянка, Асоцка, Крамушаўка, Ізва, Моўчадзь, Шчара, Зэльвянка, Рось, Свіслач, Студзянец, Чорная, Шашупэ.

Вадазбор Нёмана ў межах басейна Балтыйскага мора

Вадазбор у верхнім і часткова сярэднім цячэнні ў межах Нёманскай нізіны. Вылучаюцца асобныя ўзвышшы (вышынёю 200—300 м) — Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, заходняя частка Мінскага ўзвышша, паўднёвая ўскраіна Ашмянскага ўзвышша, Лідская раўніна. На тэрыторыі Літвы рака перасякае марэнную Балтыйскую граду, у ніжнім цячэнні Сярэднелітоўскую і Прыморскую нізіны.

Грунты сугліністыя, супясчаныя, тарфяныя, для рачных далін характэрны алювіяльныя пясчана-гліністыя адклады. Азёрнасць вадазбору нязначная (<1 %). Лясы (каля 25 % тэрыторыі) мяшаныя з перавагай хвойных парод.

Нязначная доля рачнога сцёку (каля 0,3 %) паступае з Польшчы і Латвіі — з прытокамі, вярхоўі якіх размешчаны ў гэтых краінах. На долю Беларусі для сярэдняга па воднасці года прыпадае 43,5 % агульнага сцёку Нёмана, Літвы — 50 %, Расіі — 6,2 %.

Жыўленне, водны і лядовы рэжым

[правіць | правіць зыходнік]

Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое ў вярхоўі і дажджавое ў нізоўях. Жыўленне Нёмана на 33–40 % складаецца з талых водаў, на 25–32 % — са сцёку ападкаў і на 10–40 % — з падземных водаў. Па характары размеркавання воднасці ўнутры года Нёман адносіцца да рэк са значным вясновым разводдзем падчас інтэнсіўнага снегараставання і нізкім сцёкам у іншыя поры года. У сярэднім вясновы сцёк Нёмана па ўсёй яго даўжыні складае 41,4-46,2 % гадавога сцёку, а летні — толькі 15,4-17,9 %. Рачны сцёк асенняга і зімовага перыядаў амаль аднолькавы (11-37 і 11-38 % адпаведна).

Характэрнай рысай вясновага разводдзя з’яўляецца праходжанне некалькіх хваляў, абумоўленых на пад’ёме нераўнамернасцю снегараставання, а на грэбені і спадзе — выпадзеннем дажджавых ападкаў. Вясновае разводдзе пачынаецца звычайна ў 1‑й дэкадзе сакавіка, у гады з ранняй вясной — у 3‑й дэкадзе студзеня, з позняй — у 1‑й дэкадзе красавіка. Сярэдняя працягласць вясновага разводдзя на тэрыторыі Беларусі каля двух месяцаў, сярэдняя вышыня ўздыму максімальнага ўзроўню вады над межанным змяняецца ад 2,5 да 4 м, уніз па цячэнні павялічваецца.

Максімальныя расходы вады вясновага разводдзя залежаць галоўным чынам ад запасаў снегу і ад інтэнсіўнасці яго раставання. Асноўным фактарам фарміравання максімальных расходаў вады вясновага разводдзя рэк басейна Нёмана з’яўляецца інтэнсіўнасць раставання снегу.

Разводдзе праходзіць адначасова на ўсіх прытоках Нёмана пераважна раптоўна, і высокі ўзровень вады дасягаецца хутка. Найбольшыя разводдзі, як правіла, узнікаюць у канцы сакавіка — пачатку красавіка.

Надзвычай высокая паводка (за ўвесь перыяд назіранняў) адзначалася ў басейне ракі вясной 1958 г., калі ўзровень вады ў Гродне дасягнуў адзнакі 8,93 см над нулём графіка. Падчас наваднення ў зоне затаплення і падтаплення апынуліся многія населеныя пункты і аб’екты прамысловасці, што нанесла значную шкоду эканоміцы.

Летне-асенняя межань усталёўваецца ў сярэднім у 2‑й і 3‑й дэкадзе красавіка. Паводка рэдка пераўзыходзіць вясновае разводдзе, вышыня звычайна да 1 м, у асобныя гады — да 2 м. У найбольш дажджлівыя гады можа назірацца да чатырох паводак за сезон. Мінімальны сцёк ракі абумоўлены пераважна грунтавым сцёкам.

Мінімальныя ўзроўні вады часцей за ўсё бываюць у ліпені — жніўні. Зімовая межань больш устойлівая, доўжыцца 80-90 дзён, у асобныя гады парушаецца паступленнем талых водаў падчас адліг.

Доля рачнога сцёку абмежавальнага перыяду складае каля 55 % (на летне-асенні сезон прыпадае 35 %, зімовы — 20 % гадавога).

Паводле назіранняў, мінімальны сцёк рэк вадазбору Нёмана з 1 км² у сярэднім складае 1-1,5 л/с і не па́дае ніжэй за 0,8 л/с.

Ледастаў на Нёмане, Літва.

У 2‑й палове лістапада на Нёмане ўтвараецца донны лёд і пачынаецца крыгаход практычна адначасова па ўсёй даўжыні ракі. Гэты крыгаход з’яўляецца перамяшчэннем доннага лёду на паверхні вады. Надыход ледаставу не суправаджаецца значнымі зажорамі і рэзкімі, моцнымі пад’ёмамі ўзроўню вады, як падчас адліг зімою і пры ўскрыцці вясною. Ледастаў, абумоўлены часовым пацяпленнем, выклікае моцны і працяглы пад’ём узроўню вады, значна большы, чым увосень і ўлетку.

У створы ракі Нёман — горад Гродна (423 км ад вытоку) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 194 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 799 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 89,3 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 71,5 м³/с.

У створы ракі Нёман — горад Масты (339 км ад вытоку) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 146 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 552 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 70,6 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 59,4 м³/с.

Нёман ніжэй Беліцы.

У створы ракі Нёман — аграгарадок Беліца (Лідскі раён, 264 км ад вытоку) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 105 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 497 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 47,8 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 41 м³/с.

У створы ракі Нёман — горад Стоўбцы (83 км ад вытоку) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 17,7 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 182 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 7,61 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 8,18 м³/с.

Водзяцца шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась залаты, верхаводка, гусцяра, судак, мянтуз, сустракаюцца галавень і ялец.

Падвясны мост цераз Нёман, горад Масты.

Гарады: Стоўбцы, Масты, Гродна (порт), Друскінінкай, Алітус, Прэнай, Бірштанас, Каўнас, Юрбаркас, Смалінінкай, Неман, Савецк, Русне. Зоны адпачынку: Стоўбцы, Морына, Дзітва (у міжрэччы Нёмана і Дзітвы), Масты (у міжрэччы Нёмана і Шчары), Скідаль, Сонічы. Іншае: Коласаўскі мемарыяльны заказнік (в. Мікалаеўшчына), гара Рамбінас.

Геалагічная гісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Залажэнне даліны Палеа-Нёмана адносіцца да неагену, аб чым сведчаць знаходкі старажытнага алювію. У антрапагене даліна неаднаразова поўнасцю або часткова знішчалася ледавікамі і адраджалася пасля іх дэградацыі.

Сучасная даліна Нёмана пачала фарміравацца ў сувязі з адступленнем сожскага ледавіка ад краявых утварэнняў Паўднёва-заходняга адгалінавання Беларускай грады. На фоне тэктанічных падняццяў тэрыторыі басейна Нёмана ў сожскае позналедавікоўе ў далінах рэк узніклі пераважна лакальныя тэрасы са слабаразвітымі алювіяльнымі адкладамі. У муравінскае міжледавікоўе глыбіннае ўразанне паступова змянілася бакавым змяшчзннем рэчышча і свабодным меандраваннем, што выклікала пашырзнне дна даліны, фарміраванне поймавых узроўняў і намнажэнне алювію.

Вадаём, які існаваў у катлавіне Балтыйскага мора, служыў базісам эрозіі ракі. Наступанне раннепаазерскага ледавіка, вусцевы падпор рэк, якія ўпадаюць у гэты вадаём, частковае парушэнне рачных далін садзейнічалі павелічэнню магутнасці алювію ў даліне Нёмана перад фронтам ледавіка і паступоваму яе запаўненню. У раннепаазерскі час дно даліны было выраўнавана. Узроўні поймы перакрыліся раннепаазерскім алювіем, завяршылася фарміраванне муравінска-раннепаазерскай алювіяльнай світы і пляцоўкі аднайменнай тэрасы, уступ якой утварыўся ў час сярэднепаазерскага пацяплення клімату.

Пры наступанні ледавіка максімальнай стадыі паазерскага зледзянення зноў назіраўся падпор ракі краем ледавіка і ўзнікненне ў даліне падпрудных азёр. Паступовае змяшчэнне азёр уверх па даліне і пад’ём іх узроўняў садзейнічалі адступанню вусця, падняццю дна даліны і намнажэнню павялічанай магутнасці алювію сярэднепаазерскай тэрасы.

Пасля максімальнай стадыі паазерскага зледзянення адбылося перарывістае адступанне ледавіка, адраджэнне і паглыбленне даліны Нёмана, фарміраванне лакальных паазерскіх позналедавіковых тэрас уразання. У галацэне даліна развівалася пад уздзеяннем кліматычных змен, пад’ёму ўзроўняў вадаёмаў, размешчаных у катлавіне Балтыйскага мора на фоне павольных тэктанічных падняццяў тэрыторыі Панямоння.

На сучаснай мяжы Беларусі, Літвы і Польшчы знаходзяцца дзве даліны прарыву Пра-Нёмана, утвораныя ў эпоху раставання Балтыйскага ледавіковага покрыва. Больш старажытная даліна ўзнікла ў вярхоўях рэк Чорная Ганча — Нета і злучае Нёман з Віслай (гэтая даліна выкарыстаная для збудавання Аўгустоўскага канала). Адначасова з вызваленнем воднага шляху на поўнач сфармавалася маладая скразная даліна Нёмана непасрэдна ў бок Балтыйскага мора.

Засяленне басейна Нёмана чалавекам пачалося з канца палеаліту.

У сувязі з тым, што ў выніку Другой сусветнай вайны ў склад СССР увайшлі не толькі Заходняя Беларусь і Літва, але і частка Усходняй Прусіі (Калінінградская вобласць) на 1960-я прыпадае перыяд інтэнсіўнага выкарыстання водных рэсурсаў Нёмана. У сярэдзіне 1970-х курсіравалі цеплаходы паміж Гродна (БССР) і Друскінінкаем (ЛітССР), але з развіццём аўтамабільнага транспарту суднаходства на Нёмане спынілася. Цяпер рэгулярнае суднаходства і лесасплаў не ажыццяўляюцца.

Водакарыстанне

[правіць | правіць зыходнік]

Вада ў рацэ па гідрабіялагічных паказчыках умерана забруджаная, выкарыстоўваецца для бытавога і прамысловага забеспячэння.

У межах вадазбору на Беларусі знаходзяцца заказнікі рэспубліканскага значэння: ландшафтныя — «Выганашчанскае», «Свіцязянскі», «Налібоцкі», «Гродзенская пушча»; біялагічныя — «Дакудаўскі», «Слонімскі». На маляўнічых берагах размясціліся зоны адпачынку Стоўбцы, Морына, Дзітва (у міжрэччы Нёмана і Дзітвы), Масты, Скідзель, Сонічы; курорт Наваельня; турысцка-аздараўленчыя комплексы «Высокі бераг», «Нёман», санаторыі «Нёман‑72», «Жамчужына», «Вясёлка», база адпачынку «Купалінка».

Пачаткам Нёмана з’яўляецца месца зліцця некалькіх рэк і ручаёў. Згодна в легендай: «У даўнія часы Нёманец і Лоша былі братам і сястрой. Жылі дружна, але аднойчы пасварыліся, і Лоша ўцякла ад брата. Не ведаючы дарогі, пайшла ў іншы бок, заблудзіла. Нёманец прачнуўся, усё зразумеў, кінуўся напярэймы і знайшоў сястру. Яны сустрэліся, абняліся і разам адправіліся ў далёкую дарогу»[10].

  1. М. Фасмер. Этимологический словарь русского языка. Т. 3. Москва, 1987. С. 61.
  2. http://lkz.lt/?zodis=nemuog%C4%97
  3. http://lkz.lt/?zodis=nemun%C4%97
  4. K. Būga. Rinktiniai raštai. Vilnius, 1959. С. 214, 281-282.
  5. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 764.
  6. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 198.
  7. V. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. C. 630.
  8. В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 255.
  9. J. Staszewski (Haliczer). Słownik geograficzny: pochodzenie i znaczenie nazw geograficznych. Tarnopol, 1933. S. 108.
  10. belarusenc.by
  • Нёман // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 536. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Куксін І., Вальчык М., Чарняўскі М. Нёман // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.