Перайсці да зместу

Серабрыстая парша бульбы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Серабрыстая парша бульбы — грыбковае захворванне, выкліканае грыбамі віду Helminthosporium solani (сінонім Spondylocladium atrovirens, Helminthosporium atrovirens)[1]. Грыбніца ўзбуджальніка распаўсюджваецца толькі ў клетках лупіны клубня бульбы. Спачатку лупіна светлая, потым бурэе. Канідыяносцы грыба прамыя, цыліндрычныя, цёмна-аліўкавыя з перагародкамі, даўжынёй 200—600 мкм, таўшчынёй 10-15 мкм у аснове і 2-4 мкм у вяршыні, канідыі размешчаныя ў верхняй частцы канідыяносцаў калатоўкамі па 2-4 у некалькі ярусаў. Форма канідый зваротна-булавападобная з 2 — 8 перагародкамі, са звужэннем на вяршыні, карычневыя ў аснове, на вяршыні светлыя; памеры: даўжыня 10 — 80 мкм, шырыня 6 — 12 мкм у аснове і 2-4 мкм у вяршыні. Пасля атчлянення ад канідыяносцаў канідыі хутка губляюць жыццяздольнасць (праз 1 гадзіну пры + 20 °C і адноснай вільготнасці 90 % захоўваюцца жывымі каля траціны ўсіх канідый, праз 24 гадзіны — не больш за 10 %)[2].

Распаўсюджанне і шкоднаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Хвароба шырока распаўсюджаная. Шкоднаснасць серабрыстай паршы ў асноўным адлюстроўваецца на насенных якасцях бульбы. Пашкоджаныя клубні саслабляюцца і набываюць схільнасць да развіцця другаснай інфекцыі, выкліканай іншымі патагенамі. Праз пашкоджаныя ўчасткі ў клубень пранікаюць узбуджальнікі сухіх і мокрых гніляў. У клубняў істотна псуецца знешні выгляд. Акрамя таго, пры высадцы хворыя клубні даюць слабыя, разрэджаныя ўсходы[3].

Сімптомы і жыццёвы цыкл узбуджальніка хваробы[правіць | правіць зыходнік]

Пашкоджаныя клубні

Прыкметы захворвання магчыма выявіць на клубнях ужо восенню, падчас уборкі або праз некаторы час пасля закладкі іх на захоўванне. Плямы ў гэты час малапрыкметныя, светла-карычневыя, без бляску, рознай велічыні і формы. Масавае развіццё захворвання адбываецца да канца захоўвання, бліжэй да вясны. Пашкоджаная тканка становіцца злёгку ўціснутай і мае добра выражаны металічны (серабрысты бляск). Утварэнне бляску тлумачыцца тым, што перыдэрма не дазваляе патагену пранікнуць унутр клубня — грыб, распаўсюджваючыся ў пласце паміж перыдэрмай і эпідэрмісам, адслойвае тканкі і забяспечвае доступ паветра ў паражніны, якія набываюць выгляд серабрыстых лускавінак. На паверхні плям грыб развівае канідыяльнае споранашэнне і дробныя, чорныя склероцыі. Пры моцным пашкоджванні бульбяная лупіна пачынае зморшчвацца, яе прапускная здольнасць узрастае, і адбываецца страта вільгаці. Пашкоджванні лепш за ўсё прыкметныя вясной, на пазелянеўшых клубнях[2].

Распаўсюджанне грыба ў навакольным асяроддзі адбываецца пры дапамозе канідый. У перыяд захоўвання развіццё хваробы правакуе высокая вільготнасць паветра і падвышаная тэмпература. Пры +15 °C утварэнне спор надыходзіць ужо праз 1 гадзіну, а пры 5 °C — праз 2 — 3 гадзіны. Пры наяўнасці воднага кандэнсату спорам неабходна ўсяго 2-6 гадзін, каб утварыўся новы ачаг інфекцыі. Пры тэмпературы +3 °C развіццё і распаўсюджванне хваробы спыняецца. Захоўваецца інфекцыя, галоўным чынам, на насенных клубнях. Грыб пашкоджвае толькі клубні, аднак не назіраецца прамой сувязі паміж памерам пашкоджання клубня грыбам і заражэннем атрыманага ўраджаю. Пасадка слаба заражаных клубняў прыводзіць да больш моцнага заражэння клубняў новага ўраджаю, чым пасадка клубняў з высокай ступенню паражэння, паколькі міцэлій, які знаходзіцца на моцна заражаных клубнях, саслаблены і споры, што ўтвараюцца на ім, не валодаюць высокай інфекцыйнасцю. Таму выкарыстоўваная ў цяперашні час методыка ўліку развіцця серабрыстай паршы не характарызуе якасць насеннага матэрыялу.

Меры барацьбы[правіць | правіць зыходнік]

Для барацьбы з хваробай неабходныя[1]:

  • Захаванне севазвароту.
  • Выкарыстанне для пасадкі здаровых клубняў.
  • Уборку ўраджаю неабходна праводзіць своечасова пры сухіх умовах надвор’я, неабходна скошваць бульбоўнік.
  • Перад закладкай на захоўванне неабходна пратручваць насенныя клубні фунгіцыдамі.
  • Пасля закладкі на захоўванне клубні неабходна хутка прасушыць (за 2 — 4 дня) і стварыць аптымальныя умовы для захоўвання клубняў (тэмпература +2…3 °С, невысокая вільготнасць паветра і наяўнасць вентыляцыі), не дапушчаючы ўтварэння кандэнсату на клубнях.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Kartofel.org: Парша серебристая.. Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2012. Праверана 11 мая 2012.
  2. а б Выращивание картофеля — Болезни картофеля: Парша серебристая.
  3. Болезни картофеля: Парша серебристая.. Архівавана з першакрыніцы 8 верасня 2012. Праверана 11 мая 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Пересыпкин В. Ф.  (руск.) Сельскохозяйственная фитопатология. М.: Агропромиздат, 1989. — 480 с. ISBN 5-10-000292-1
  • Иванюк В. Г., Бусько И. И., Журомский Г. К., Калач В. И. Виды парши картофеля в Беларуси и особенности их проявления. Минск, 2004.