Севазварот

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Севазварот на эксперыментальных палетках Прыродазнаўчага ўніверсітэта ва Уроцлаве

Севазварот — прыём земляробства змены сельскагаспадарчых культур на пэўнай тэрыторыi на працягу некалькiх вегетацыянных перыядаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Севазварот быў вядомы ўжо старажытным земляробам. Яго практыкавалі сяляне Старажытнага Егіпту[1] і Індскай цывілізацыі[2]. Старажытныя рымляне выкарыстоўвалі севазварот для павышэння ўраджайнасці. Яны чарагавалі пасадкі бабовых і збожжавых культур. Марк Порцый Катон Старэйшы і Марк Тэрэнцый Варон упершыню апісалі сістэму трохполля, калі частка сельскагаспадарчай тэрыторыі засявалася збожжавымі, частка — бабовымі, яшчэ адна частка заставалася неўзаранай для аднаўлення. Пліній Старэйшы ўзгадваў трохпольную сістэму, калі папар чарагаваўся з вырошчваннем азімых і яравых культур.

У раннім сярэднявеччы славянскія і германскія народы не мелі рэгулярнага севазвароту[3]. Тым не меней, у сярэднявечнай Еўропе на стала апрацоўваемых палетках паступова ўкаранілася спачатку двухпольная, а потым трохпольная сістэма. Так, на тэрыторыі Беларусі двухполле пачало замяняцца трохполлем з XIIXIII стст.[4]

У пачатку Новага часу ў Фландрыі замацавалася чатырохпольная сістэма севазвароту з шырокім выкарыстаннем канюшыны і рэпы[5]. Яны былі выдатнымі кармавымі культурамі. Акрамя таго, канюшына садзейнічала азотафіксацыі ў глебе, а рэпа дапамагала змагацца з пустазеллем. У Вялікабрытаніі такая сістэма атрымала назву Норфалкскай[6]. У класічным выглядзе яна прадугледжвала вырошчванне ў першы год пшаніцы, у другі — рэпы, у трэці — пасеў канюшыны і кармавой травы, на чацвёртым годзе поле выкарыстоўвалася як паша або касілася для атрымання кармоў. На самой справе, колькасць сельскагаспадарчых культур на палетках пашыралася. Прычым некаторыя з іх накшталт кукурузы і бульбы станавіліся ўсё болей значнымі для вытворцаў і спажыўцоў. Таму колькасць палеткаў, занятых рознымі культурамі, магла павялічвацца.

Важнай рысай Норфалкскай сістэмы і іншых новых шматпольных сістэм было тое, што яны з'яўляліся ўстойлівымі і нароўні з выкарыстаннем ўгнаенняў, меліярацыяй і скарачэннем колькасці сельскагаспадарчых рабочых прывялі да павелічэння вытворчасці харчавання без знясілення палеткаў[7]. Скараціліся плошчы зямель, што не выкарыстоўваліся, паколькі заставаліся пад папарам. Так, у 1700 г. у Англіі папарныя землі складалі каля 20% ад усіх апрацоўваемых, а ў 1900 г. — толькі каля 4%[8]. Але ў іншых краінах Еўропы змены ў севазвароце адбываліся не так хутка. Напрыклад, на Беларусі трохполле было галоўным прыёмам агратэхнікі нават у сярэдзіне 1920-х гг.[9] Канчаткова яно было выціснута ў гады калектывізацыі.

У нашы дні севазварот з'яўляецца шырока ўжываемай практыкай. Яго асаблівасці ў тым ці іншым рэгіёне або гаспадарцы вызначаюцца традыцыямі, кліматычнымі умовамі, відамі сельскагаспадарчых раслін, тыпамі глебы і планаваннем сельскагаспадарчай дзейнасці. Для пераходу да ўстойлівага севазвароту выкарыстоўваюцца лічбавыя тэхналогіі[10].

Перавагі[правіць | правіць зыходнік]

Асноўныя перавагі севазвароту для земляробства[11]:

  • Павышэнне ўрадлівасці глебы. Чарагаванне культур з рознымі патрэбамі ў пажыўных рэчывах дапамагае пазбегнуць знясілення глебы, а ў некаторых выпадках вядзе да назапашвання канкрэтных пажыўных рэчываў.
  • Барацьба з пустазеллем. Некаторыя культуры дзякуючы свайму шчыльнаму росту або іншым характарыстыкам могуць эфектыўна выцясняць пустазелле.
  • Кантроль эрозіі. Выкарыстанне покрыўных культур дапамагае абараніць глебу ад эрозіі.
  • Павышэнне ўраджайнасці. Здаровая глеба, зніжэнне захворванняў і шкоднікаў паступова садзейнічаюць павышэнню ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур.
  • Павелічэнне біяразнастайнасці. Севазварот прыводзіць да стварэння болей разнастайнай сельскагаспадарчай экасістэмы.
  • Адаптацыя да змен надвор'я. Наяўнасць разнастайных культур, што маюць розныя ўзроўні ўстойлівасці да засухі, спякоты, холаду і вільготнасці, дапамагае пазбегнуць рызык з-за зменаў надвор'я.
  • Устойлівасць. Севазварот зніжае залежнасць ад хімічных угнаенняў, пестыцыдаў і гербіцыдаў, робіць сельскую гаспадарку больш устойлівай і меней шкоднай для навакольнага асяроддзя.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]