Сескла

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Се́скла (грэч. Σέσκλο) — адно з першых вядомых неалітычных паселішчаў Еўропы, VII—VI тыс. да н.э. Названа па імі сучаснага арумынскага населенага пункта ў Фесаліі, Грэцыя, дзе ў XIX ст. упершыню былі праведзены раскопкі.

Найстаражытныя знаходкі датуюцца прыкладна 6850 г. да н.э. з хібнасцю да 660 гадоў. Яны належаць да двух розных культур, прота-Сескла і прэ-Сескла. Апошняя прадстаўлена другаснымі паселішчамі, якія прылягаюць да галоўнага паселішча прота-Сескла, і адносіцца да ўварванцаў старчава-крышскай культуры, геаграфічна распаўсюджанай на поўнач ад Фесаліі на берагах Дуная. Для культуры прэ-Сескла была характэрна штампаваная кераміка, якая, аднак, даволі хутка знікае. Абедзве культуры земляробчыя. Дамы спачатку маленькія, з аднаго-двух пакояў, з дрэва або з сырцовай цэглы на каменным падмурку, будавалі на схілах узгоркаў, якія прылягаюць да ўрадлівых далін, дзе вырошчвалі пшаніцу і ячмень. Акрамя таго, разводзілі коз, авечак, буйную рагатую жывёлу, сабак. У VI тысячагоддзі да н.э. з'яўляюцца двухпавярховыя дамы і мегароны (будынкі з калонамі). У паселішчы Сескла жыло каля 3 тыс. чалавек, што дазваляе супаставіць яго з неалітычнымі гарадамі Блізкага Усходу (Чатал-Гююк) і лічыць першым вядомым горадам Еўропы. Больш старажытныя неалітычныя культуры Грэцыі ў гэту эпоху яшчэ жылі ў пячорах (Франхты).

У цэлым неалітычны комплекс прота-Сескла адпавядае сучаснаму яму блізкаўсходняму, але буйная рагатая жывёла была, відаць, прыручана ў Фесаліі[1], дзе з'явілася на некалькі стагоддзяў раней, чым у Чатал-Гуюку. Першыя жыхары прота-Сескла не былі знаёмыя з керамікай, што таксама збліжае іх з носьбітамі блізкаўсходніх культур дакерамічнага неаліту. Пазней з'яўляюцца вытанчаныя паліваныя кубкі і чашы, дэкараваныя геаметрычным узорам чырвонага і карычневага колераў. У самы позні перыяд арнамент эвалюцыянуе да матываў, якія нагадваюць языкі полымя. Аналагічная кераміка вядомая таксама ў заходняй Македоніі, але адрозніваецца ад малаазіяцкай.

Акрамя посуду, знойдзены статуэткі жанчын, часта цяжарных, якія лічацца прыкметай культу Багіні-маці[2], што, зрэшты, характэрна не толькі для культур Сескла, але для ўсяго Балканскага паўвострава і Падунаўя.

Культуры Сескла лічацца матчынымі для іншых балканскіх неалітычных культур, якія ўзніклі пазней, у прыватнасці старчава-крышскай. Пад іх уплывам складаецца таксама культура кардыяльнай керамікі. У V тысячагоддзі да н.э. паселішча Сескла было заваявана суседняй культурай Дыміні.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]