Сказанне пра Сівілу-прарочыцу
«Сказа́нне пра Сівілу-праро́чыцу» — помнік беларускай перакладной літаратуры XV — пачатку XVI стагоддзяў, твор эсхаталагічнага характару. Вядомы ў адзіным спісе сярэдзіны XVI ст., які захоўваўся ў рукапісным зборніку бібліятэкі Красінскіх у Варшаве і загінуў падчас Другой сусветнай вайны. Арыгінал не захаваўся, але ў 1898 годзе Я. Ф. Карскі апублікаваў увесь тэкст сказання і, паводле самога даследчыка, зрабіў гэта «палеаграфічна дакладна»[1].
Царыца краіны Сава, якая атаясняецца з сівілай (адной з прарочыц у Старажытнай Грэцыі), дае прадказанні цару Саламону. У творы змешчаны прадказанні пра нараджэнне і вучэнне Хрыстова, распаўсюджанне хрысціянства і заняпад іўдаізму, а таксама пра канец свету і з’яўленне Антыхрыста.
Паходжанне помніка і яго мова
[правіць | правіць зыходнік]Старабеларускае «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» было перакладзена з чэшскай мовы. На сённяшні дзень вядомы дзве чэшскія рэдакцыі «Proroctví Sibyllino». Першая з іх захавалася ў рукапісным Пінвічкавым зборніку 1459—1469 гадоў (Pinvičkův sborník), які належыць Нацыянальнаму музею (Прага). Тэкст аповесці быў апублікаваны Ф. Мэнчыкам у выданні «Česká proroctví»[2]. Другая рэдакцыя змешчана ў рукапісным зборніку XV — пачатку XVI ст., знойдзеным у Інстытуце Асалінскіх (Львоў). З 1840 года копія гэтага рукапісу знаходзіцца таксама ў Нацыянальным музеі (Прага). Ч. Зібрт апублікаваў аповесць у выданні «Zlatý jelen na pražském mostě, slepý mládenec, Sibylla a jiná proroctví staročeská»[3]. Але ніводная з вядомых рэдакцый «Proroctví Sibyllino» цалкам не супадае са старабеларускім тэкстам. В. Брыныхава выказала меркаванне, што, імаверна, існавала трэцяя чэшская рэдакцыя, з якой і быў зроблены пераклад на старабеларускую мову[4]. Думку даследчыцы падзяляў А. В. Флароўскі. Нягледзячы на тэкстуальныя разыходжанні паміж старабеларускай аповесцю і чэшскімі рэдакцыямі, «<…> не выклікае, аднак, ніякіх сумненняў простая і непасрэдная залежнасць беларускага „Сказання“ ад чэшскага чытання»[5]. Яго словы добра ілюструе факт, што дэфектныя месцы ў старабеларускім помніку лёгка ўзнаўляюцца з чэшскіх тэкстаў.
Лінгвістычны аналіз старабеларускага тэксту «Сказання» ўпершыню быў зроблены Я. Ф. Карскім. Даследчык характарызаваў яго мову як «старую беларускую са значным прымешкам асаблівасцей царкоўнаславянскіх; паланізмаў вельмі мала»[6]. Вывучэннем мовы помніка займаліся таксама В. Брыныхава, А. В. Флароўскі, Юлія Верхаланцаў, І. У. Будзько, Г. Алексяевіч. Як «Сказанне» было перакладзена з чэшскай мовы, у ім ёсць некаторыя багемізмы: замоутокъ, звлашти, звлаштный, ругава (лексічныя багемізмы), видим (марфалагічны багемізм, параўн. са ст.-бел. вижу, ст.-слав. виждѭ і ст.-чэш. vidím)[7].
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Карский, Е. Ф. Западнорусское сказание о Сивилле пророчице по рукописи XVI века: текст сказания, его состав и язык / Е. Ф. Карский. — Варшава: Тип. Варшав. учеб. округа, 1898. — С. 1.
- ↑ Menčík, F. Česká proroctví: k dějinám prostonárodní literatury / F. Menčík. — Vídeň: F. Menčík, 1879. — 47 s.
- ↑ Zíbrt, Č. Zlatý jelen na pražském mostě, slepý mládenec, Sibylla a jiná proroctví staročeská / Č. Zíbrt. — Praha: J. Otto, 1914. — 148 s.
- ↑ Brynychová, V.České Proroctví Sibyllino v ruském překladě / V. Brynychová // Český Lid. — 1927. — Roč. 27. — S. 56-59.
- ↑ Флоровский, А. В. Чехи и восточные славяне. Очерки по истории чешско-русских отношений (X—XVIII вв.). Т. 2. Praha, 1947. — С. 32.
- ↑ Карский, Е. Ф. Западнорусское сказание о Сивилле пророчице по рукописи XVI века: текст сказания, его состав и язык / Е. Ф. Карский. — Варшава: Тип. Варшав. учеб. округа, 1898. — С. 19.
- ↑ Алексяевіч, Г. В. Багемізмы ў старабеларускім «Сказанні пра Сівілу-прарочыцу» / Г. В. Алексяевіч // Беларуская мова — галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы: (да 90-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа: зб. навук. арт. у 2 ч. — Мінск, 2021. — Ч.1. — С. 16-22.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Алексяевіч, Г. В. Багемізмы ў старабеларускім «Сказанні пра Сівілу-прарочыцу» / Г. В. Алексяевіч // Беларуская мова — галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы: (да 90-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа): зб. навук. арт. у 2 ч. — Мінск, 2021. — Ч.1. — С. 16-22.
- Алексяевіч, Г. В. Усходне- і заходнеславянскае моўнае ўзаемадзеянне ў XIV—XVII стст./ Г. В. Алексяевіч. — Мінск, 2023. — С. 22-24.
- Карский, Е. Ф. Западнорусское сказание о Сивилле пророчице по рукописи XVI века: текст сказания, его состав и язык / Е. Ф. Карский. — Варшава, 1898. — 32 с.
- Лексіка старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы XIV — сярэдзіны XVI ст. / І. У. Будзько [і інш.] ; Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ., Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа. — Мінск : Беларус. навука, 2016. — 558 с.
- Флоровский, А. В. Чехи и восточные славяне. Очерки по истории чешско-русских отношений (X—XVIII вв.). Т. 2. Praha, 1947. — 548 с.
- Brynychová, V. České Proroctví Sibyllino v ruském překladě / V. Brynychová // Český Lid. — 1927. — Roč. 27. — S. 49-60.
- Verkholantsev, J. Ruthenica Bohemica: Ruthenian Translations from Czech in the Grand Duchy of Lithuanian and Poland / J. Verkholantsev. — Wien ; Berlin, 2008. — 215 p.