Склады Лекерта

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Склады Лекерта
53°53′57″ пн. ш. 30°20′34″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Магілёў
Дата пабудовы другая палова XIX ст.
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Е000001шыфр 512Е000001
Map

Склады Лекерта — будынак у гістарычным цэнтры Магілёва, размешчаны па вуліцы Карла Маркса, 17, на рагу з Фабрычным завулкам.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны ў другой палове XIX ст. на вуліцы Зялёнай. Станаўленне масавай піваварнай вытворчасці ў Магілёве звязана з імем Франца Міхайлавіча Лекерта. У 1862 г. Лекерт пабудаваў піваварны завод у Маскоўскім (Лупалаўскім) прадмесці на Шашэйнай вуліцы. Ёсць звесткі, што ў сярэдзіне ХIХ ст. на вул. Зялёнай былі складскія памяшканні для гатовай прадукцыі[1].

Вуліца ў 1941 годзе. Справа разбураныя склады Лекерта
Пашкоджаныя склады на нямецкім аэрафотаздымку. 1943

Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў былых піўных складах Лекерта была прыватная тытунёвая фабрыка. Перад Вялікай Айчыннай вайной там знаходзілася цукерачная фабрыка (у частцы будынка па Фабрычным завулку), а ў 1946 г. быў створаны Магілёўскі вінаробны завод. Першапачаткова прадугледжвалася перапрацоўка сыравіны на пладова-ягадныя віны[1].

У 1958 г. завод пачаў праводзіць тэхналагічную дапрацоўку і разліў вінаградных вінаў. У 1986 г. адбылося аб’яднанне піваварнага і вінаробнага заводаў са стварэннем Магілёўскага завода напояў. 1 верасня 1997 г. было створана дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне шляхам зліцця Магілёўскага завода напояў і Дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Магілёўаблхарчпрам». У 2004 г. піўзавод увайшоў у склад ААТ «Холдынг „Магілёўаблхарчпрам“», якое затым было перайменавана ў ААТ «Магілёўаблхарчпрам»[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Помнік архітэктуры з элементамі класіцызму. Двухпавярховы прамавугольны Г-падобны ў плане будынак. Унутраная планіроўка калідорная. Будынак складзены з частак, якія знаходзяцца на розных узроўнях з перападам падлогі. З боку двара маюцца шматлікія сучасныя прыбудовы[1].

Фасады будынка, якія выходзяць на вуліцу Карла Маркса, аздобленыя тынкоўкай. Асноўная частка сцяны — цёмна-вохрыстая, на выступах светлая. На другой і трэцяй частках забудовы — прамавугольныя пілястры на вышыню двух паверхаў з вуглавым аздабленнем у выглядзе рамкі белага колеру[1].

Па перыметры будынка — ступеньчаты гзымс і звычайны прамы цокаль з аздабленнем «пад камень». Дах двухсхільны. Апошняя частка будынка мае глухую сцяну з невялікімі прамавугольнымі адтулінамі. З боку двара аконныя праёмы падзелены на два паверхі без аздаблення. Скошаны кут і працяг глухой сцяны па завулку Фабрычнаму[1].

Зноскі

  1. а б в г д е kropki.by — інтэрактыўная мапа Магілёва(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2022. Праверана 22 жніўня 2022.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]