Лупалава (прадмесце Магілёва)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Лупалаўскае прадмесце)

Лупалава — раней пасад (прадмесце) Магілёва, размешчаны на ўсходнім беразе Дняпра. У цяперашні час частка Кастрычніцкага раёна горада.

Лупалава на нямецкім аэрафотаздымку 1941 года

Утварэнне пасада[правіць | правіць зыходнік]

З XV стагоддзя ў гістарычных дакументах згадваецца Задняпроўскі пасад Магілёва. На тэрыторыі Задняпроўскага пасада некалі знаходзіліся Лупалаўская і Траецкая сотні. У канцы XIX стагоддзя за гэтай часткай Магілёва замацавалася назва «Маскоўскае прадмесце». Аднак больш вядомая назва — «Лупалава».

Праз гэту частку горада праходзілі гандлёвыя шляхі на поўдзень і ўсход. Скураныя вырабы, якімі на працягу стагоддзяў славіліся лупалаўскія майстры, вывозіліся ў Польшчу і Прыбалтыку. Гандаль вёўся з гарадамі левабярэжнай Украіны. Акрамя рамяства і гандлю, жыхары Задняпроўя займаліся земляробствам, агародніцтвам, садоўніцтвам (у прыватнасці, вырошчвалі кавуны, абрыкосы) і жывёлагадоўляй.

Сведчаннем развіцця рамесніцтва і гандлю з’яўляюцца назвы вуліц. З XVII ст. вядомыя вуліцы: Мсціслаўская, Чавуская, Чарнігаўская, Альхоўская, Лупалаўская, Ганчарная, Алейная (на ёй жылі майстры, якія выраблялі алей) і інш. У 1604 г. на тэрыторыі Лупалава налічвалася 204 домаўладальнікі, у якіх было 214 гектараў сядзібнай і агароднай зямлі. На левым беразе Дняпра знаходзілася значная частка гарадскіх сенажацяў і 2000 гектараў каралеўскага лесу, які належаў гораду. У раёне Любужа знаходзіўся таксама гарадскі млын.

Паходжанне назвы[правіць | правіць зыходнік]

Назва пасада (прадмесця) «Лупалава» вельмі старажытная.

З аднаго боку, у гэтым месцы жылі пераважна гарбары, якія «лупілі скуру з жывёл», таму, хутчэй за ўсё, пазней месца іх пражывання трансфарміравалася ў назву «Лупалава». У канцы XIX — пачатку XX стст. на тэрыторыі Маскоўскага прадмесця знаходзілася 30 гарбарных заводаў.

Але існуе і іншая версія. Лупалава ўзнікла непадалёк ад урочышча Грабёж. Магчыма, што назва паходзіць ад словазлучэння «лупу браць» — збіраць даніну з праезджых купцоў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На працягу войнаў XVI—XVIII стагоддзяў прадмесце і яго жыхары моцна пацярпелі. Неаднаразова знішчаліся будынкі, рабавалася маёмасць гараджан. Праз зручную раўнінную мясцовасць на тэрыторыі прадмесця размяшчаліся на пастой арміі, праводзіліся ваенныя манеўры.

Менавіта тут, на левым беразе Дняпра, у 1581 годзе стаяў разам са сваімі казакамі і ратнымі людзьмі, рыхтуючыся да штурму Магілёўскага замка, будучы заваёўнік Сібіры Ярмак Цімафеевіч.

У 1706 годзе тут рабіў агляд свайго войска Пётр I, які прыбыў у Магілёў разам з Мартай Скаўронскай.

8 верасня 1708 года падчас Паўночнай вайны (1700—1721) войскі Пятра I, праз некалькі тыдняў пасля ладнага рабавання Магілёва войскамі шведскага караля Карла XII, што стаялі тут каля 2-х месяцаў, спалілі квітнеючы і багаты гандлёва-купецка-рамесны горад.

Тады згарэла ўся правабярэжная (разам з цэнтрам) частка горада. Драўлянае Лупалава ацалела. Яго жыхары своечасова скралі і схавалі ўсе чаўны і іншыя «пераправачныя сродкі».

У маі 1780 ў Магілёве для сустрэчы з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II прыбыла расійская імператрыца Кацярына II. Адмыслова для іх былі наладжаны грандыёзныя ваенныя манеўры.

Лупалава на карце Магілёва 1835 года

У 1802 годзе тут быў арганізаваны ваенны агляд для імператара Аляксандра I, які пажадаў убачыць, як дзейнічаюць войскі ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых. У выніку загінулі дзясяткі салдат і мясцовых жыхароў, якія прыйшлі паглядзець на відовішча.

У Задняпроўі размяшчаліся дзве праваслаўныя царквы, касцёл, некалькі сінагог.

Праваслаўныя цэрквы: Траецкая (ад яе назвы паходзіць назва сотні) і Петрапаўлаўская. Прыход Траецкай царквы быў заснаваны ў XVI стагоддзі, драўляная царква вядомая з XVII стагоддзя. З 1792 года Лупалава ўпрыгожыла каменная Траецкая царква, якая знаходзілася амаль на самым беразе Дняпра. Драўляная Петрапаўлаўская царква вядомая з 1633 года. Будаўніцтва мураванай царквы пачалося ў 1769. Усе цэрквы былі закрыты ў 1929—1930 гады. Часткова яны былі пашкоджаны ў гады вайны 1941—1945 гг. і канчаткова разбураныя ў 1950-я гады.

У 1841—1849 гады праз Лупалава быў пракладзены шлях «Орша — Доўск», як частка магістралі «Пецярбург — Кіеў». У 1860 годзе быў здадзены ў эксплуатацыю мост на палевых апорах праз Дняпро. Да праектоўкі, стварэння дарогі і моста меў непасрэднае дачыненне інжынер, палкоўнік, аўтар першага ў Расіі падручніка па механіцы — Мікалай Ястржэмбскі.

Менавіта ў Магілёве ён напісаў працяг «Мёртвых душ» Гогаля. Апублікаваныя ў Маскве, яны былі ўспрыняты чытачамі як арыгінальны, цудам выратаваны твор вялікага пісьменніка. Пазней з цяжкасцю М. Ястржэмбскі здолеў пераканаць літаратуразнаўцаў у тым, што гэта «містыфікацыя», а аўтар працягу — менавіта ён, а не Гогаль.

Мост праз Дняпро быў знішчаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Бровар Лекерта

У другой палове XIX ст. Лупалава славілася сваімі піваварамі. «Лупалаўскае» піва было шырока вядомае нават па-за межамі Расійскай Імперыі. У 1862 годзе быў створаны бровар Ф.Лекерта, а ў 1870 — бровар, які належаў Э. Яннік.

У 1909—1910 гадах у гарбарных майстэрнях Магілёва працаваў Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч), які пазней стаў вядомым беларускім паэтам, акадэмікам, першым кіраўніком урада БССР.

6 чэрвеня 1910 года ў адзін дзень на Лупалава згарэла больш за 600 дамоў. Гэта быў самы вялікі пажар за ўсю гісторыю Магілёва[1].

Неўзабаве пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Магілёў быў акупаваны спачатку войскамі пад камандаваннем генерала Ю. Доўбар-Мусніцкага, а потым германскімі войскамі.

23 мая 1918 года па Дняпры стала праходзіць мяжа паміж кайзераўскай Германіяй і савецкай Расіяй. На Лупалава замацавалася савецкая ўлада. Прадмесце стала памежным горадам. На мосце праз Дняпро з абодвух бакоў (савецкага і германскага) былі вартавыя.

31 мая 1918 года на сходзе прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва, які адбыўся на Лупалава, быў абраны Лупалаўскі павятовы выканаўчы камітэт. Менавіта з гэтага моманту пачынаецца савецкая гісторыя Лупалава і Лупалаўскага раёна — адміністрацыйных адзінак, якія мелі асобны ад горада Магілёва статус.

10 чэрвеня 1918 года грамадзяне Лупалава заявілі пра сваё жаданне застацца ў складзе РСФСР. І з 1919 да 1924 года Лупалава, як і Магілёў, уваходзіць у склад савецкай Расіі.

З 3 сакавіка 1924 года Лупалава ў складзе БССР.

У 1926 годзе Лупалава зноў стала часткай Магілёва. Лупалаўскі раён, а ў яго склад уваходзіла 19 сельсаветаў, праіснаваў да сакавіка 1931 года.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]