Слупы стварэння

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фатаграфія «Слупоў стварэння», зробленая ў 2014 годзе. Здымак NASA / Hubble.

«Слупы стварэння» — тры вялізарныя слупы (т.зв. «слановыя хобаты») міжзорнага газу і пылу ў туманнасці Арол, што на адлегласці 6,5 тысяч светлавых гадоў ад Зямлі, а таксама назва вядомай фатаграфіі, зробленай тэлескопам Хабла 1 красавіка 1995 года.[1]

Фізічная сутнасць з'явы[правіць | правіць зыходнік]

Слупы халоднага міжзорнага газу выступаюць з унутранай сцяны цёмнага малекулярнага воблака як сталагміты з падлогі пячоры. Слупы ўяўляюць сабой выключна шчыльныя аблокі малекулярнага вадароду і пылу, якія захаваліся даўжэй за іх наваколле нягледзячы на ўздзеянне спапяляльнага ультрафіялетавага святла ад скупнасці маладых масіўных зорак (працэс фотавыпарэння). Ультрафіялетавае святло ад зорак таксама асвятляе звілістыя паверхні слупоў і ўтварае прывідныя косы газу, якія сыходзяць з іх. Вышыня найдаўжэйшага слупа складае 4 светлавыя гады.[1]

Па меры таго, як ультрафіялетавае святло паступова разбурае слупы, малыя аблокі яшчэ болей шчыльнага газу (т.зв. «выпаральныя газавыя глёбулы», англамоўны акронім — EGGs («яйкі»)) з'яўляюцца знутры слупоў. Унутры некаторых з гэтых касмічных «яек» утвараюцца «эмбрыёны» зорак.[1]

Вучоныя мяркуюць, што Сонца ўтварылася ў выніку падобнага турбулентнага працэсу як частка зоркавай скупнасці, якая ўтрымлівала ў сабе зоркі, досыць вялікія для таго, каб выклікаць іанізуючую радыяцыю, як у туманнасці Арол.[2]

" Калі вы глядзіце на асяроддзе туманнасці Арол ці іншых рэгіёнаў, дзе ўтвараюцца зоркі, вы бачыце перад сабой дакладна той тып асяроддзя, у якім нарадзілася нашае Сонца.
Пол Скоўэн, астраном[2]
"

Далейшы лёс[правіць | правіць зыходнік]

Па выніках вывучэння зробленага праз дзесяцігоддзе пасля першай фатаграфіі слупоў інфрачырвонага здымку туманнасці Арол, на якім непасрэдна за слупамі бачная хутка растучая бурбалка гарачай матэрыі, французскі астраном Нікаля Флажэ зрабіў выснову, што слупы былі знішчаны ўдарнай хваляй ад звышновай зоркі каля 6 тысяч гадоў таму. А паколькі туманнасць знаходзіцца ад Зямлі на адлегласці 6,5—7 тысяч светлавых гадоў, то толькі праз тысячу год людзі на Зямлі ўбачаць разбурэнне слупоў у выніку выбуховай смерці гіганцкай звышновай зоркі.[3]

Арыгінальная фатаграфія «Слупоў стварэння», зробленая ў 1995 годзе. Здымак NASA / Hubble

Арыгінальная фатаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Арыгінальная фатаграфія слупоў была атрымана астраномамі з універсітэту штата Арызона (ЗША) Полам Скоўэнам і Джэфам Хестэрам. Фатаграфія была складзена з 3 асобных фотаздымкаў, зробленых у святле выпраменьвання розных тыпаў атамаў: чырвоны колер паказвае выпраменьванне аднакротна-іанізаваных атамаў серы, зялёны — атамаў вадароду, блакітны — двойчы іанізаваных атамаў кіслароду.[1]

Фотапрэзентацыя, падрыхтаваная Службай грамадскага вяшчання — PBS (ЗША), яскрава дэманструе працэс апрацоўкі пачатковых фотаматэрыялаў і атрымання канчатковага відовішчнага здымку.[4]

Фотаздымак стаў настолькі папулярным, што шматкротна выкарыстоўваўся ў кінафільмах, тэлевізійных шоу, на майках і нават на паштовай марцы (Грэнада).[5]

Зноскі

  1. а б в г Эмбрыёны зорак з'яўляюцца з міжзорных «яйкаў». HubbleSite. Праверана 7 студзеня 2015.
  2. а б Тэлескоп Хабла вяртаецца да культавых «Слупоў стварэння» з фота высокай якасці. NASA. Праверана 7 студзеня 2015.
  3. Рычард Ловетт. Звышновая разбурае «Слупы стварэння». National Geographic. Праверана 7 студзеня 2015.
  4. «Слупы стварэння». PBS. Праверана 7 студзеня 2015.
  5. Архіўная копія(недаступная спасылка). Stamp-search.com. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 9 студзеня 2015.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]