Даўжыня да 3 см. Цела ўкрыта шырокімі валаскамі, крылы шырокія, моцныя. Лапкі ног з трыма прысоскамі. Брушка шырокае, пляскатае. Вусікі трохчленікавыя. Ротавыя органы ў самак колюча-сысучыя, лёгка праколваюць скуру пазваночных; у самцоў — ліжучыя.
Самкі пераважна крывасмокі капытных жывёл і чалавека. Самцы кормяцца сокамі раслін і інш. Лічынкі жывуць у вадзе, муле, вільготнай глебе, гніючых рэштках раслін.
Пашыраны амаль паўсюдна, асабліва шматлікія ў лясной зоне, стэпах і пустынях, але звычайна трымаюцца ў вільготных мясцінах, па берагах рэк і азёр. Найбольш актыўныя ў цёплыя сонечныя дні.
У сусветнай фаўне апісана каля 3750 відаў, якія аб'ядноўваюць прыкладна ў 200 родаў; на тэрыторыі Беларусі 60 відаў з 8 родаў. Выкапнёвыя сляпні вядомыя з часоў алігацэну.
Дарослыя самкі многіх прадстаўнікоў — кампанент гнюса. Могуць быць пераносчыкамі ўзбуджальнікаў інфекцыйных хвароб.
Зноскі
↑Teskey, H. J. The horse flies and deer flies of Canada and Alaska (Diptera: Tabanidae). The insects and arachnids of Canada, Part 16. Ottawa: Agriculture Canada, 1990, 381 p. Текст(англ.)(Праверана 19 сакавіка 2012)