Страхоўшчык

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Страхоўшчык[1] (англ.: Insurer) — юрыдычная асоба, якая мае ліцэнзію на ажыццяўленне страхавой дзейнасці, выдадзеную органам страхавога нагляду, якім у Беларусі з’яўляецца Міністэрства фінансаў. Страхоўшчык, паводле дагавора страхавання, за вызначаную ўзнагароду (страхавая прэмія) прымае на сябе абавязацельства пакрыць страхавальніку або іншай асобе (як фізічнай, так і юрыдычнай), на карысць якой аформлена страхаванне (выгаданабытчыку), страты, якія могуць узнікнуць у выніку наступлення страхавых выпадкаў, абумоўленых у дагаворы[2].

Страхоўшчык — гэта страхавая арганізацыя, якая займаецца страхаваннем (страхавая кампанія) ці перастрахаваннем, або арганізацыя, што займаецца узаемным страхаваннем (таварыства ўзаемнага страхавання). Грамадзянскі кодэкс Беларусі так вызначае страхоўшчыкаў у артыкуле 828 :

1. Страхоўшчыкі — камерцыйныя арганізацыі, створаныя для ажыццяўлення страхавой дзейнасці, якія маюць спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) на ажыццяўленне страхавой дзейнасці. Для асобных відаў страхавання законамі ці актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь можа быць прадугледжаны іншы склад страхоўшчыкаў. 2. Патрабаванні, якім павінны адпавядаць страхоўшчыкі, і парадак ліцэнзавання іх дзейнасці вызначаюцца заканадаўствам.

Грамадзянскі кодэкс РБ, раздзел 48, артыкул 828

У большасці краін свету, у тым ліку і ў Беларусі, дзейнасць страхоўшчыкаў носіць: а) эксклюзіўны характар (гэта значыць ім забаронена займацца чымсьці іншым, акрамя страхавання) і б) спецыялізаваны характар (гэта значыць страхоўшчык займаецца або толькі страхаваннем жыцця і вызначанымі відамі асабістага страхавання, або толькі іншымі відамі страхавання — маёмасным і некаторымі відамі асабістага страхавання).

У Беларусі ўсе страхоўшчыкі маюць ліцэнзіі і нароўні з перастраховачнымі кампаніямі (якой у Беларусі з’яўляецца толькі Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беларуская нацыянальная перастраховачная арганізацыя»), уносяцца ў адзіны рэестр ліцэнзій на ажыццяўленне страхавой дзейнасці, які вядзе Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь [3].

Досыць часта страхоўшчыкамі называюць таксама зборна ўсіх супрацоўнікаў страхавых кампаній.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]