Сухія лясы Мадагаскара
Сухія лясы Мадагаскара | |
---|---|
Сухія трапічныя лясы на карце Мадагаскара | |
Эказона | Афратропіка |
Біём | Сухія трапічныя лясы |
Плошча | 151 564 км² |
Краіны | Мадагаскар |
Глоўбал-200 | AT0202 |
Сухія лясы Мадагаскара — экарэгіён сухіх трапічных шыракалістых лясоў, якія растуць уздоўж заходняга ўзбярэжжа вострава Мадагаскар. Працяглая ізаляцыя Мадагаскара ад астатняга свету вызначыла непаўторнасць аблічча і яго сухіх трапічных лясоў. Іх флора і фаўна з'яўляюцца аднымі з самых багатых і своеасаблівых у свеце, характарызуюцца вялікай колькасцю эндэмічных відаў, родаў і сямействаў.
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]Клімат экарэгіёна сухі трапічны, сухі сезон можа працягвацца 8 месяцаў, дажджы выпадаюць з кастрычніка па красавік. Тэмпературы вар'іруюць ад 30°-33 °C да 8°-21 °C. Гадавая колькасць ападкаў складае ад 1500 мм на поўначы да 1000 мм на поўдні.
Структура лесу
[правіць | правіць зыходнік]Гэтыя лясы ў цэлым лістападныя, характарызуюцца багаццем адносна цяжкага апалага лісця. На структуру, відавы склад і вышыню лясоў вялікі ўплыў аказваюць глебы. Так на найбольш урадлівых глебах растуць больш высокія лясы, вышыня дрэў складае 10-15 м. На пясчаных глебах дрэвы вырастаюць да 10-12 м, а на скальных растуць толькі нізкарослыя лясы. Асноўныя лесаўтваральныя пароды належаць сямействам бабовыя (Fabaceae), Bignoniaceae, малачайныя (Euphorbiaceae), сапіндавыя (Sapindaceae) і сумахавыя (Anacardiaceae). Сярод кустоў шырока прадстаўлены сямействы Leguminosae і марэнавыя (Rubiaceae). У гэтым ярусе разнастайныя ліяны сямейства Asclepiadaceae. Травяны полаг развіты слаба, аднак у некаторых лясах можна сустрэць дыван з архідэй Lissochilus.